Уладальніцу карэліцкага «канцлагеру для сабак» аштрафавалі на 480 рублёў


Жывёл з сумнавядомага пітомніка раздадуць новым гаспадарам, некаторыя ўжо знайшлі новы дом. Адной з уладальніц пітомніка далі мінімальны штраф.

У Карэлічах адбыўся суд над адной з уладальніц сабачага пітомніка ў Карэліцкім раёне, які праз жахлівыя ўмовы для жывёл сталі называць «канцлагерам», піша Newgrodno.by. Жанчыну аштрафавалі на 480 рублёў, больш як сто сабак аддалі валанцёрам, каб тыя знайшлі ім новых гаспадароў.

За што менавіта асудзілі ўладальніцу, не паведамляецца. У беларускім Крымінальным кодэксе ёсць адмысловы артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі», які прадугледжвае пакаранні ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў, але ёсць і такі ж адміністратыўны артыкул, які прадугледжвае штраф ад 480 да 960 рублёў або адміністратыўны арышт.

Справа яшчэ не завершаная: у пачатку жніўня мае адбыцца яшчэ адно паседжанне, дзе будзе вызначаны суд яшчэ больш як 20 сабак з пітомніка.

Пітомнік пад Карэлічамі працаваў з 2006 года.  Пра стан пітомніка стала шырока вядома ў лютым, калі з’явілася відэа ад жанчыны, якая ўзяла сабе з пітомніка аднаго з сабак. Жывёл «элітных» пародаў трымалі ў цесных клетках, састаўленых адна на адну, недастаткова кармілі, не аказвалі ветэрынарную дапамогу. Пасля агляду ветэрынарамі ў кожнага з двух сотняў жывёл знайшлі праблемы са здароўем.

Частку сабак адразу забралі з «канцлагера», хоць уладальніца спрабавала аспрэчаць рашэнне. Некаторыя жывёлы ўжо знайшлі новы дом, выглядаюць здаровымі.

Сабака з пітомніка пад Карэлічамі да і пасля перадачы новым гаспадарам.
Фота: Newgrodno.by

Нягледзячы на адміністратыўную і крымінальную адказнасць, у Беларусі нярэдкія выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі – пакаранні рэдка бываюць жорсткімі.

Так, тыдзень таму ў Барысаве гаспадары выкінулі з вакна шостага паверха двух сабак, жывёлы загінулі. За гэта распачалі справу паводле ч. 1 арт. 339-1 КК РБ, максімальнае пакаранне – арышт або год папраўчых працаў.

Ужо каля 20 гадоў у Беларусі не могуць прыняць закон аб абароне жывёл – нават нягледзячы на тое, што нядаўна «куратарства» гэтай тэмы ўзяла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыяй Васілевіч, якая публічна нагадвала пра законапраект Аляксандру Лукашэнку.

Hавiны
«Сабак паліваюць вадой і паляць токам». Чаму гвалт над жывёламі ў Беларусі – гэта норма?
2018.07.27 11:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў