У Шатландыі заявілі пра планы правесці рэферэндум аб незалежнасці


У кастрычніку 2023 года плануюць правесці новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Пра гэта заявіла першая міністарка Шатландыі Нікала Стэрджэн.

Нікола Стэрджэн.
Фота: Russell Cheyne / Reuters / Forum

«У гэты крытычны момант у гісторыі прыйшоў час абмеркаваць і вызначыць лёс нашай краіны. Цяпер час паставіць Шатландыю на правільны шлях – шлях, абраны тымі, хто тут жыве. Прыйшоў час незалежнасці», – заявіла Нікала Стэрджэн.

Перад правядзеннем рэферэндуму пастанову аб ім улады Шатландыі павінны ўзгадніць з парламентам Вялікай Брытаніі. Аднак кіроўная партыя Борыса Джонсана не адабрае гэтага.

Таму Стэрджэн звярнулася ў Вярхоўны Суд з пытаннем, ці мае шатландскі парламент права прызначыць рэферэндум. Калі суд ухваліць рашэнне, то кансультатыўны рэферэндум прызначаць на 19 кастрычніка 2023 года. Калі суд адмовіць, наступныя выбары ў Шатландыі зробяцца, паводле Стэрджэн, «рэферэндумам дэ-факта».

У 2014 годзе ў Шатландыі адбыўся рэферэндум аб незалежнасці. Тады больш за 55 % шатландцаў прагаласавалі за тое, каб застацца ў складзе Вялікай Брытаніі. За незалежнасць прагаласавалі 45 % выбарнікаў.

Hавiны
Турэччына згадзілася разблакаваць далучэнне Швецыі ды Фінляндыі да NATO і падпісала гістарычнае пагадненне
2022.06.28 23:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў