«У Польшчы я нібы на «хіміі». Шчыры аповед пра ўцёкі і жыццё ў эміграцыі


Як беларусу, вымушанаму ўцячы з краіны, не трапіць у небяспечную сітуацыю за мяжой? Якія непрыемнасці могуць напаткаць навічкоў? Ці магчыма знайсці працу і забяспечыць сябе самым неабходным? У кожнага свая гісторыя, і, здавалася б, яна мусіць быць падобнай да тысячы іншых, але кожная мае нюансы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Варшаве, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Яўген Пратаповіч (імя змененае ў інтарэсах сваякоў, якія засталіся ў Беларусі) пастанавіў пакінуць дом, калі міліцыянты склалі на яго пратакол за падпіску на тэлеграм-каналы, якія цяпер афіцыйна лічацца ў Беларусі экстрэмісцкімі. Яўген думае, што сілавікі зацікавіліся ім, бо ў той час ягоны сваяк ваяваў ва Украіне супраць расейскіх акупантаў.

– Яны ўбачылі ліставанне з украінцамі, фота сцяга, фота трызубца. Убачылі мае перапосты з «варожых» каналаў. Іх было каля 20. Сказалі, што адсядзець я павінен спачатку за пяць перапостаў – за кожны па 15 содняў. Яны ўзялі мой тэлефон на правяранне. Я зразумеў, што пасля гэтага мае адміністратыўныя справы могуць лёгка перайсці ў крымінальную справу. Як гэта ні дзіўна гучыць, але я нават удзячны, што мянты мяне збілі да такога стану, што я трапіў у лякарню з паламанымі рэбрамі. Рэч у тым, што менавіта гэта дало мне магчымасць уцячы. Я ўцёк са шпіталю, не далячыўшыся. Потым ужо ў Польшчы яшчэ з два месяцы было цяжка надзець кашулю, кашлянуць, уздыхнуць, але затое я быў на волі.

– Папрасілі на мяжы прытулку?

– Так. Мне проста на мяжы аформілі ўсе паперы, і я трапіў у лагер уцекачоў у Белай Падляскай. Спачатку нават спалохаўся, калі ўбачыў краты на вокнах, падумаў, што на нашае Акрэсціна падобна, а потым даведаўся, што гэта корпус, дзе трымаюць тых парушальнікаў мяжы, якія з боку Беларусі прабіваліся ў краіны Еўразвязу, а для іншых, у тым ліку такіх, як я, іншы корпус. Гэта нешта накшталт інтэрнату. Можна спакойна выходзіць у горад. Пакідаеш пропуск, і ўсё. Ніякіх праблемаў.

– Пра гэтае месца ўжо шмат розных чутак ходзіць. Вы там таксама не затрымаліся. Чаму?

– Там розныя людзі ёсць. Я трапіў у адзін пакой з чалавекам, якога дэпартавалі ў Польшчу з Чэхіі. Ён сказаў, што сам з Горадні. Там быў яшчэ ўкраінец і чачэнец. Я толькі потым зразумеў, што за «таварыш» быў гэты гарадзенец. Ён казаў, што на тэрыторыі Чэхіі і Нямеччыны займаўся будаўніцтвам. Але я потым здагадаўся, што там за «будаўніцтва» было. Наагул я так разумею, што вельмі многія скарысталіся тым, што ў 2020-м Еўразвяз і Украіна адкрылі межы для беларусаў, якія ратаваліся ад пераследу. І пад гэтую марку паехалі і крымінальныя элементы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Agnieszka Sadowska / AP Photo / East News

Я ж з гэтым гарадзенцам адразу падзяліўся станкамі для галення і яшчэ нечым з таго, што мне самому прынеслі, бо ўцякаў з адным заплечнікам. На наступны дзень прыходжу, а на стале стаіць бутэлька дарагога віскі, мяса вяленае, каўбасы, сыр дарагі. Адкуль? Нам выдалі сухую пайку, бо мы прыехалі перад выходнымі і кухня не працавала. Сядзяць ягоныя сябрукі (як аказалася, яны на іншых паверхах жылі). Адзін з іх мне паказаў пасведчанне, што ён сябра Партыі БНФ. Я яго сфатаграфаваў ціхенька і паслаў знаёмым у Менск. Яны мне напісалі, што гэта падробка. Ніколі такіх пасведчанняў у БНФ не выдавалі. А ўжо потым увечары гляджу – сядзіць гэты гарадзенец у дарагой куртцы, у дарагіх туфлях, у дарагіх джынсах. Я спытаў: «Адкуль гэта ўсё?» А ён засмяяўся і кажа: «А ты што, не разумееш?» І потым я чуў іхныя размовы. Я зразумеў, што гэта злодзеі. Ужо потым, калі я хацеў уладкавацца ахоўнікам, то нам расказвалі на стажыяванні пра такіх. Яны заходзяць у краму і дзеяць паводле плану. У кожнага свая роля.

– І гэта такая групоўка паводле нацыянальнай прыкметы? З беларусаў?

– Менавіта так. Яны былі ўсе з розных гарадоў Беларусі. Я там пасябраваў з украінцам. Ён быў у Французскім легіёне. А яшчэ ў пакоі быў чачэнец Адам. Я быў векам самы старэйшы, і ён адразу, калі я ўвайшоў, устаў і прапанаваў мне сваё месца на першым ярусе. Заўсёды звяртаўся да мяне толькі на «вы». Такая культура ў іх. Паважаюць старэйшых. Ён з сям’ёй уцёк з Чачэніі, бо яго хацелі забраць ваяваць супраць Украіны. Схапілі ягоную сямʼю. Сказалі, што калі ён не прыйдзе ў ваенкамат, то на фронт замест яго адправяць бацьку, а маці пасадзяць у турму. Вось яны і зʼехалі. Неяк бандыты напіліся і палезлі біцца да чачэнцаў. Тыя, на нашую радасць, надавалі ім па мордзе. Я потым пачаў прасіць прабачэння ў Адама, казаў, што беларусы не ўсе такія. А ён сказаў: «Я вельмі добра стаўлюся да беларусаў. Разумею, што гэта адкіды грамадства. У кожнага народу такія знойдуцца. Я вельмі ўдзячны той жанчыне з Берасця, якая хавала маю сямʼю. Да яе нават камітэтчыкі вашыя прыходзілі, пагражалі, а яна нас не выдала». Пасля гэтых бандытаў ахоўнікі разагналі. Двух забралі ў лагер закрытага тыпу каля Варшавы за «добрыя» паводзіны. А гэты ў нашым пакоі раззлаваўся, што ягоных сяброў забралі, і пачаў ужо да нас чапляцца. Я зразумеў, што дабром гэта не скончыцца, патэлефанаваў свайму знаёмаму, і ён параіў мне зʼязджаць адтуль. Знайшоў мне гостэл у Варшаве. Цяпер я з адным знаёмцам на дваіх здымаю кватэру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таксоўка ў Варшаве, Польшча.
Фота: Белсат

– Вы цяпер працуеце таксоўцам. Даволі распаўсюджана сярод мужчынаў-беларусаў у Польшчы. Чаму менавіта таксі? Лёгка было ўладкавацца?

– Спачатку трэба было атрымаць карту побыту. Я яшчэ схадзіў у акторскае агенцтва. Пакінуў там свае звесткі. Я ж у Менску здымаўся і ў масоўках, і ў эпізодах. Тут таксама ўжо і ў рэкламе паздымаўся трохі. Яны мне сказалі, што трэба мову вучыць, і тады будуць браць на эпізоды. Вось цяпер разглядаюць маю кандыдатуру на ролю афіцэра. Яна, праўда, з тэкстам невялікім.

А ў таксі мне спачатку не шанцавала. Я трапіў да непрыстойных працадаўцаў. Тут у бізнесе таксі запраўляюць украінцы. Мне машыну ў арэнду даў беларус, а вось у фірме, у якую я ўладкаваўся, працавалі ўкраінцы. Яны мне вельмі моцна недаплацілі, казалі, што гэта таму, што яны за мяне падаткі вялікія адлічвалі. Але потым я праверыў: ніякіх падаткаў яны не плацілі ўвогуле. Проста выкарыстоўвалі маю працу, а мне выдалі капейкі. Ледзь змог за жытло заплаціць… Мне адна знаёмая, якая ўцякла з Марыупалю, параіла падаць на іх заяву ў падатковую і судзіцца. Бо ў мяне на руках дамова засталася. Яна сказала: «На жаль, ты не адзін сутыкнуўся з гэтым. Але ты зразумей: нашыя найлепшыя мужчыны цяпер у акопах». Я звольніўся.

Цяпер я знайшоў надзейны варыянт: гэта як у нас у Менску ў таксапарку прыкладна. Табе даюць аўтамабіль запраўлены. Ты працуеш «на адсоткі», здзяйсняеш за дзень не менш за 20 паездак. Працуеш 12 гадзінаў і маеш адзін выходны на тыдзень. Мяне задавальняе. Я працую шмат, і можна за тыдзень зарабіць тысячу злотых. Проста тут за кватэру ж трэба аддаваць палову заробку, калі не больш. Але я здымаю больш-менш таннае жытло на дваіх, таму можна жыць. Можна, вядома, жыць за шэсцьсот злотых у гостэле, але ты будзеш у пакоі з яшчэ шасцю асобамі.

– Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?

– Вось збіраюся пайсці на курсы ў паліцэальную школу. Там польскую добра выкладаюць. Вёз аднаго хлопца з Беларусі, дык ён сказаў, што хадзіў на розныя курсы, але ў гэтай школе даюць з нуля і добры ўзровень. Пакуль не ведаю, якую там спецыяльнасць абраць, але нешта прыдумаю. Матывацыі вучыць польскую асабліва і няма, бо ўсё спадзяюся, што, можа, яна мне і не спатрэбіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па вуліцы Веры Харужай у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

– Гэта значыць, заставацца ў Польшчы надоўга не плануеце?

– Я вярнуся ў Беларусь. Вярнуся адразу ж, як толькі ўбачу, што на волю выпусцілі палітвязняў. Мяне так накрывала, што я не ведаў, куды падзецца. Хацеў ужо вярнуцца праз Грузію ці яшчэ неяк. Мне тлумачылі, што гэта вельмі небяспечна. Я і сам разумею. Пачынаеш чытаць навіны – і… Вось нават са свежага, як хлопцаў прымусілі спаліць наш сцяг у Берасці. Адразу накатваюць усе гэтыя ўспаміны: кабінеты ГУБАЗіКу, камеры Акрэсціна, гэтыя людзі ці нелюдзі ў масках…

– Кожны для сябе выбірае нейкі спосаб, як перажыць усё гэта. Вы як ратуецеся?

– Я сабе пастанавіў, што маё перабыванне тут – гэта своеасаблівая «хімія». Вось я не ў турме, а на «хіміі». Хаджу на працу і вяртаюся туды, дзе часова жыву. Не бачу родных, не магу трапіць дадому, бо на «хіміі». Проста «хімія» ў больш камфортных умовах. І мне душу грэе, што палякі добра ставяцца да беларусаў. Часта пасажыры бачаць у мяне на панэлі два сцяжкі – украінскі і беларускі. І пытаюцца, адкуль я. Калі чуюць, што беларус, дык вельмі цёпла размаўляюць. Зычаць найхутчэйшага вызвалення нам. Гэта сагравае.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў