У Беларусі – за апазіцыю. Як туркі галасавалі ў нашай краіне і чаму на выбарах перамог Эрдаган?


У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі перамог дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган. Ягоны вынік – 52,18%. У апазіцыянера Кемаля Кылычдараглу – 47,82%. Большасць туркаў, якія галасавалі ў Беларусі, аддалі перавагу дэмакратычнай альтэрнатыве. Чаму ў выніку перамог Эрдаган, нягледзячы на чаканні ягонай паразы, «Белсат» спытаў у ўсходазнаўцы Руслана Сулейманава.

Рэджэп Таіп Эрдаган на мітынгу пасля перамогі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Анкара, Турцыя. 28 траўня 2023 года.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Twitter

Прапаганда і адміністрацыйны рэсурс дапамаглі Рэджэпу Таіпу Эрдагану перамагчы ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі, упэўнены ўсходазнавец, аўтар Telegram-каналу SULEYMANOV Руслан Сулейманаў. У размове з карэспандэнтам «Белсату» ён адзначыў: амаль усе медыі ў рэспубліцы кантралююцца ўладаю.

«Натуральна, масіраваная прапаганда і адміністрацыйны рэсурс. 90-95% СМІ, падкантрольных дзейнай уладзе, не маглі не аказаць уплыву на вынікі выбараў. Шмат у чым вось гэтая няроўнасць рэсурсаў прывяла да тых вынікаў, якія мы атрымалі. Як сказаў сам Кемаль Кылычдараглу, гэта была самая брудная, самая несправядлівая выбарная кампанія за ўсю гісторыю Турцыі», – заўважыў эксперт.

Вынікі галасавання ў другім туры выбараў прэзідэнта Турцыі.
Фота: TRT HABER / secim2023.trthaber.com

У першым туры выбараў, што адбыліся два тыдні таму, Эрдаган атрымаў 49,42%, Кылычдараглу – 44,95%. У другім туры – 52,18% супраць 47,82%. Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што кандыдат ад апазіцыі не здолеў перацягнуць на свой бок тых, хто не вызначыўся або наогул не галасаваў у першым туры. Да таго ж Эрдаган атрымаў падтрымку часткі электарату нацыяналіста Сінана Агана, які выбыў з прэзідэнцкай гонкі ў першым туры з вынікам 5,2%, а напярэдадні другога заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Вынік вызначылі жыхары вёскі

Руслан Сулейманаў звярнуў увагу на тое, што кандыдат ад апазіцыі перамог у правінцыях, што фармуюць блізу 70-75% турэцкага ВУП:

«Сельскае насельніцтва, асобы без вышэйшай адукацыі схільныя падтрымліваць Эрдагана, бо яны гатовыя абмяняць свой дабрабыт, развіццё на пачуццё датычнасці да нечага магутнага, да нечага вялікага. Гэта тое, да чаго апеляваў Эрдаган усю сваю перадвыбарную кампанію».

Палітык не казаў пра тое, як ён плануе развязваць эканамічныя праблемы, не казаў пра карупцыю, пра сацыяльную няроўнасць.

«Ён казаў, як ён супрацьстаіць Захаду, як ён абараняе інтарэсы Турцыі, як апазіцыянеры прадаліся Захаду і супрацоўнічаюць з тэрарыстамі ды з ЛГБТ», – распавёў Сулейманаў.

У Беларусі ў прэзідэнцкіх выбарах узялі ўдзел 262 грамадзяніна Турцыі. Большасць (74,5%) прагаласавалі за апазіцыянера Кылычдараглу.

Вынікі галасавання грамадзянаў Турцыі ў Беларусі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў.
Фота: TRT HABER / secim2023.trthaber.com

Пасуе і Кіеву, і Маскве

Эрдагана з перамогаю павіншавалі прэзідэнты і Украіны, і Расеі – Уладзімір Зяленскі і Уладзімір Пуцін. Вынікі турэцкіх выбараў задаволілі абедзве краіны, мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Гэта асоба, у якой сапраўды маюцца добрыя кантакты і з Пуціным, і з Зяленскім. А вось з Кылычдараглу было б больш складана: спатрэбіўся б час, каб ён нейкім чынам знайшоў паразуменне і з Масквою, і з Кіевам», – сказаў Сулейманаў.

Ён заўважыў: у стасунках Анкары з дзвюма краінамі мала што зменіцца бліжэйшым часам, пры гэтым у Эрдагана, які і з Пуціным сябруе, і Крым не прызнае расейскім ды дапамагае Украіне зброяй, не атрымаецца доўга сядзець на двух крэслах.

Прэзідэнты Турцыі і Украіны Рэджэп Таіп Эрдаган і Уладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Львове. 18 жніўня 2022 года.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Twitter

«У нейкі момант яму давядзецца выбіраць. Мяркую, што ён абярэ Украіну, улічваючы тое, як Украіна рыхтуецца да контрнаступу і, відавочна, будзе вяртаць свае землі. А ў Маскве будзе расці незадаволенасць», – сказаў аналітык.

Ён падкрэсліў, што нельга выключаць новага канфлікту паміж аўтарытарнымі лідарамі Турцыі і Расеі, як тое было пасля атакі на расейскі знішчальнік Су-24 у Сірыі ў 2015 годзе.

«На фоне паставак узбраення Кіеву высокая верагоднасць нейкага канфлікту і не на ўзроўні расейска-турэцкіх стасункаў, а на ўзроўні асабістых стасункаў Пуціна і Эрдагана. Цяпер, як кажуць у Турцыі, няма расейска-турэцкіх стасункаў, а ёсць стасункі Пуціна і Эрдагана», – падсумаваў Руслан Сулейманаў.

Каментар
Хто такі Кылычдараглу, які можа перамагчы Эрдагана на выбарах у Турэччыне
2023.05.18 21:02

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў