Данбаская дуга: ці пагражае войску РФ лёс вермахту каля Курску?


Ледзь не з пачатку буйнамаштабнай агрэсіі Масквы супраць Украіны эксперты і назіральнікі кажуць пра аперацыю для акружэння ўкраінскіх войскаў на Данбасе. І за апошнія тыдні сапраўды пачаўся рух расейскіх войскаў у гэтым кірунку.

Аднак поспехі расейскіх войскаў цяпер не надта ўражваюць – і гэта нагадвае падзеі лета 1943 года, калі іншы фронт таксама атачаў абарончую групоўку з поўдня і поўначы. Закончылася гэта не надта пазітыўна для тых, хто атакаваў.

Што агульнага можна знайсці паміж сучаснымі падзеямі на ўсходзе Украіны і на Курскай дузе савецка-нямецкага фронту?

Прадказальнасць

Сама канфігурацыя расейска-ўкраінскай мяжы стварыла ў 2022 годзе ўмовы для наступлення на ўсходнюю групоўку ўкраінскіх войскаў з двух кірункаў з мэтай акружыць і знішчыць. Пра гэта публічна згадвалі з абодвух бакоў нават да пачатку вайны.

Адзін з апублікаваных у заходняй прэсе варыянтаў расейскага наступу. Крыніца: Rochan Consulting

Фактычна Масква і спрабавала наступаць на Украіну адразу з усіх бакоў, але першы месяц вайны паказаў: каб зламіць такім чынам супраціў украінскага войска, у Масквы проста няма дастатковых сілаў. 29 сакавіка Масква заявіла, што «кардынальна скарачае прысутнасць на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках». Гэта азначала прызнанне правалу першапачатковага плану вайны.

Публічна гаварылася, што цяпер Масква мае за галоўную мэту «вызваленне тэрыторыяў «ЛНР» і «ДНР», то бок зноў жа пераводзіць свае пабітыя войскі з-пад Кіева і Чарнігава на Данбас. Далейшыя падзеі паказалі, што так і адбылося.

Даведка
Планы нямецкага наступу на Курскую дугу. Крыніца: wikipedia.org

Вядома, у 1943 годзе планы Берліну на Усходнім фронце не былі настолькі празрыстымі, аднак ужо ўвесну 1943 года розныя выведныя крыніцы паведамлялі пра нямецкія планы на лета – перш за ўсё пра будучы наступ каля Курску, дзе лінія фронту вельмі нагадвала сучасную Данбаскую дугу.

Гэткая адносная празрыстасць планаў праціўніка дазволіла ўкраінскім войскам, як раней савецкім, загадзя ўзмацніць свае пазіцыі ды рэзервы на кірунках будучага варожага наступу.

Больш за тое, нямецкая аперацыя неаднаразова пераносілася на больш позні тэрмін, каб сканцэнтраваць для наступу як мага больш сілаў. Тое ж самае, на меркаванне шэрагу назіральнікаў, адбывалася і з расейскім наступам.

Нізкія тэмпы

Новая фаза маштабнага наступу расейскіх войскаў пачалася на Данбасе, як лічаць аналітыкі з Інстытуту вывучэння вайны, яшчэ 18 красавіка. Але тэмпы наступу з поўначы былі вельмі нізкія – 1–3 км за дзень. Наступ з паўднёвага кірунку быў яшчэ менш паспяховым.

Нават расейскія аглядальнікі і прапагандысты вымушаныя прызнаваць, што рашучага прарыву лініі ўкраінскай абароны не адбылося.

Меркаваная лінія фронту на 27.04.2020 – 10-ы дзень апошняй спробы расейскага наступу. Крыніца: https://understandingwar.org/

«Трэба адзначыць, што баі носяць трывала «вязкі» характар. У праціўніка дастаткова жывой сілы, каб… нідзе не дазваляць расейскім войскам зрабіць глыбокія прарывы… У цэлым праціўнік абараняецца дасведчана, упарта, валодае сітуацыяй і сваймі войскамі. Ніякай панікі ў шэрагах ЗСУ не назіраецца. Ясна, што стаўка камандавання зробленая на тое, каб выйграць час і нанесці ўдарным часткам УС РФ максімальныя страты», – адзначыў, напрыклад, былы «міністр абароны ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў).

Няўдалы наступ немцаў каля Курску. Крыніца: wikipedia.org

Што адбывалася ўлетку 1943 года каля Курску? Там нямецкі наступ быў больш удалым – да 35 км у глыб савецкай абароны за 7 дзён. Але і там галоўныя танкавыя і матарызаваныя часткі нямецкіх войскаў зазналі значныя страты, паступова страціўшы свой наступальны патэнцыял. Гэта ў наступныя дні і тыдні дало магчымасць савецкім войскам, якія яшчэ мелі рэзервы, перайсці ў контрнаступ і прымусіць ворага адступаць.

Розніца ў тэмпах павелічэння і забеспячэння рэзерваў

Такім чынам, мы бачым, што ў абодвух выпадках загадзя падрыхтаваныя пазіцыі дазволілі боку, які абараняўся, стрымаць варожы наступ. Асноўным жа фактарам застаецца тое, які з бакоў хутчэй зможа збіраць і адпраўляць у бой рэзервы, каб пераламаць хаду змагання на сваю карысць.

У выпадку з СССР у 1943 годзе савецкія войскі на гэтым кірунку ўжо ў 2-3 разы пераважалі немцаў у колькасці жаўнераў, танкаў і артылерыі. То бок немцы фактычна наступалі меншымі сіламі на большыя (і зазналі пры гэтым меншыя страты, чымся СССР).

Падбітыя нямецкія танкі «Panzer IV» падчас бітвы на Курскай дузе. Крыніца: wikipedia.org

Цяперашніх суадносінаў сілаў на Данбасе мы не ведаем, гэта сакрэтная інфармацыя. Аднак, на меркаванне як украінскіх аглядальнікаў, гэтак і рэалістычных расейскіх экспертаў, час – на баку Украіны: яна ўжо мае даволі вялікія рэзервы жывой сілы, а таксама атрымлівае ўсё большую тэхнічную дапамогу з Захаду.

«Кожны дзень працуе не на нас, трэба гэта наўпрост казаць. Маштаб ваеннай дапамогі Украіне з боку краінаў калектыўнага Захаду расце з кожным днём… Як толькі ўкраінскія войскі атрымаюць перавагу ў паветры як мінімум у нейкім раёне ці на нейкі час, яны змогуць перайсці да наступальных дзеянняў. І гэтага моманту чакаць не варта… Украінцы гатовыя да рашучых баёў, адстойваць кожны метр сваёй тэрыторыі», – адзначыў палкоўнік у адстаўцы Генеральнага штабу РФ Міхаіл Хадаронак.

Знішчаны расейскі танк «Т-90А»

У той жа час здольнасць РФ нарошчваць свае сілы – як набіраць новых жаўнераў, гэтак і ўзбройваць іх новаю баявою тэхнікаю – застаецца пад пытаннем. Паводле некаторых звестак, цяпер расейскай пяхоце не стае нават звычайнага баявога рыштунку і ўніформаў.

«Ужо сёння войска РФ сутыкнулася з нястачаю экіпавання і рыштунку нават на групоўку, якая ваюе. Таму, калі вы трапіце пад мабілізацыю, бярыце з сабою ўсё што ёсць, ад аптэчак да бронекамізэлек… Аднолькава ўжо цяпер не могуць забяспечыць групоўку, якая ваюе. Кожны апрануты хто як!» – адзначаў яшчэ ў пачатку красавіка Аляксандр Аруцюнаў, афіцэр войска РФ у запасе, папулярны калявайсковы блогер.

Апошні наступ?

Аперацыя «Цытадэль», як немцы назвалі свой наступ на Курскую дугу ў 1943 годзе, сталася апошняю нямецкаю стратэгічнаю наступальнай аперацыяй на Усходнім фронце Другой сусветнай вайны.

Далей вермахт толькі абараняўся, адступаў ці час ад часу наносіў больш ці менш паспяховыя лакальныя контрудары. На іншае проста не было дастатковых сілаў.

Тры расейскія БМП-2 і адзін танк Т-80БВМ гараць пасля ўдару ўкраінскай артылерыі ў ваколіцах Запарожжа

Здольнасць РФ праводзіць мабілізацыю і забяспечваць новых жаўнераў баяздольнаю тэхнікаю застаецца пад пытаннем. Таму цалкам магчыма, што гісторыя Курскай дугі паўторыцца на Данбасе ў 2022 годзе.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў