У Менску судзяць студэнта, які «дзеяў з выкарыстаннем рупара»


Суд Першамайскага раёну. Менск, Беларусь. 13 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Справу разглядае суд Першамайскага раёну Менску. Мацвея Будніцкага вінавацяць у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».

18-гадовы Мацвей вучыцца на 3-м курсе Менскага каледжу прадпрымальніцтва.

Справу разглядае Настасся Кулік. Паводле пракурора Зубко, Мацвей 4 кастрычніка на вуліцах Менску браў удзел у масавым мерапрыемстве, не падпарадкоўваўся міліцыі, гучна пляскаў і «дзеяў супольна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях з выкарыстаннем рупара», што парушыла працу транспарту.

Мацвей прызнае віну ў тым, што быў на маршы. Такім чынам ён хацеў «выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць людзей». Хлопец раскайваецца ва ўчыненым.

Падсудны не прызнаў, што блакаваў дарогу і не падпарадкоўваўся міліцыянтам. Рупар набыў у краме прыколаў, а сцяг заўсёды быў з ім, бо «падабаўся».

Ёсць і пазоў «Менсктрансу»: яго абвінавачаны не прызнае, бо там толькі сума без разлікаў і не відавочна, як яе налічылі.

Разгляд справы працягнецца 30 красавіка а 14:30. Пройдуць спрэчкі бакоў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў