«Умовы як у сярэднявеччы. Прыхільнікаў уладаў тут няма». Магілёўскі актывіст – пра «хімію» ў Крупках


Актывіст з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч трапіў на «хімію» за абразу суддзі. З 29 сакавіка ён адбывае пакаранне ў папраўчай установе № 39 у Крупках, што ў Менскай вобласці. Мужчына расказаў «Белсату» пра ўмовы побыту і стаўленне да палітычных вязняў, а таксама пра колер выдадзенай яму біркі.

Гісторыя з крымінальным пераследам Станіслава Паўлінковіча распачалася летась. У траўні 2020 года ён атрымаў 15 содняў адміністратыўнага арышту за кармлення галубоў у цэнтры Магілёва. За пару дзён да вызвалення актывіста зноў асудзілі – ужо за непадпарадкаванне міліцыі: пакаралі штрафам і соднямі. Суд праходзіў таемна, нават Станіслаў не ведаў, навошта яго вывезлі з ізалятару. У мужчыны здалі нервы, і ён на эмоцыях выказаўся пра пастанову суддзі Аксаны Ратнікавай. За гэта 29 кастрычніка 2020 года магілёўца асудзілі на тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. З прычыны амністыі тэрмін зменшылі на 1 год. Станіслаў публічна папрасіў прабачэння і паспрабаваў абскардзіць вырак, але суддзя Максім Курпачанка рашэння не змяніў. Гэтак 32-гадовы мужчына аказаўся ў Крупках.

Магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч адбывае «хімію» ў Крупках. Яму прысудзілі 2 гады абмежавання волі з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу за абразу суддзі Аксаны Ратнікавай у траўні 2020 года.
Фота: Белсат

«Схільны да экстрэмісцкай дзейнасці»

4,5 года Станіслаў Паўлінковіч працаваў на Магілёўскім металургічным заводзе, дзе атрымаў вытворчую траўму нагі. Апошнія 3,5 месяца мужчына быў на бальнічным, цяпер яму цяжка перасоўвацца. Актывіст адпраўляў ліст у Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай пакінуць яго ў родным горадзе. Ён спадзяваўся, што наяўнасць стабільнай працы і неабходнасць далечваць нагу паўплываюць на рашэнне, аднак мужчыну адмовілі.

«Яны аргументавалі гэта тым, што скіроўваюць мяне ў спецустанову для папярэджання злачынстваў, на якія я нібыта здольны. Я быў у інспекцыі Ленінскага РАУСу Магілёва, дзе мне недвухсэнсоўна намякнулі, што амаль нікога з палітычных у сваім горадзе не пакідаюць. За выключэннем, калі ў чалавека ёсць на ўтрыманні сваякі».

Помнік жаночаму атраду, які змагаўся падчас Вялікай Айчыннай вайны з фашыстамі.
Фота: Белсат

Першыя некалькі тыдняў Станіславу забаранялі самому пакідаць будынак камендатуры, выпускалі толькі пад аховай. На кожны выхад трэба падаць заяву, якую мусяць падпісаць дзве асобы: камендант і кіраўнік установы.

«Спачатку дзесяць дзён я быў на каранціне. Працу знайшлі праз тры тыдні перабывання ў Крупках. Увесь гэты час мяне нікуды не выпускалі, на медкамісію ў шпіталь і найбліжэйшую харчовую краму хадзіў пад канвоем. Нядаўна прасіў, каб адпусцілі ў горад на чатыры гадзіны, але адмовілі ў вуснай форме, маўляў, замала часу знаходжуся. То бок непрацоўныя і каранціншчыкі дэ-факта пазбаўленыя свабоды. Ведаю аднаго чалавека, якога выпусцілі ў горад толькі пасля трох месяцаў».

Фота: Белсат

Амаль адразу Станіслава паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці», хоць у яго не было спагнанняў. Магілёўца выклікаў да сябе аператыўны работнік і папярэдзіў, што рашэнне ўжо прынятае, і што ніякіх наступстваў не будзе, акрамя дадатковых прафілактычныя гутарак.

«Ён намякнуў, што ўсе «палітычныя» атрымліваюць такі статус. Тут акрамя мяне яшчэ дзве асобы з палітычным матывам у справе. Мяне выклікалі на камісію, далі паперу. Я падпісаў, але пакінуў заўвагу, што не згодны, бо не лічу сябе вінаватым. Копіі мне не выдалі».

Парк у Крупках.
Фота: Белсат

Станіслаў чуў, як у калоніях палітычных памячаюць рознакаляровымі біркамі, аднак сам у Крупках з такім не сутыкаўся.

«Бірак іншых колераў нам не выдавалі. Аднак ёсць нязручнасць: я ды іншыя палітычныя хлопцы спяць на другім ярусе. Для мяне гэта праблема, бо ў мяне хворая нага, а ложкі старыя, лесвіцы няма. Агулам жа ёсць негалоснае правіла: калі нармальна паводзіцца, не сварыцца, не піць, прыходзіць на шыхтаванне, да цябе нармальна будуць ставіцца. Тут усе усё разумеюць».

За сацыяльнымі сеткамі мужчыны пільна сочаць, праглядаюць, што ён посціць. Кіраўніцтва прасіла актывіста «не весці ніякай агітацыі».

Артыкулы
«Робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца». Што кажуць «палітычныя» пра ўмовы на Акрэсціна
2021.04.22 08:00

«Побытавыя ўмовы жудасныя, як у сярэднявеччы»

Камендатура ў пытаннях нагляду за ўмоўна асуджанымі месціцца ў былым вайсковым гарадку. Двухпавярховы цагляны будынак – колішні афіцэрскі корпус, у якім цяпер адначасова адбываюць пакаранне каля 70 асобаў.

Ежу можна прыгатаваць на кухнях. Іх дзве, на першым паверсе ёсць дзве пліты, на другім – тры. Станіслаў адзначае, што пліты электрычныя і доўга награюцца, часта псуюцца. На ўсіх разлічаная адная прыбіральня – тры ўнітазы і тры пісуары. Тут жа знаходзіцца курылка. Умывальнікаў у пакоях і кухні няма. Чысціць зубы і мыць посуд даводзіцца ва ўмывальніках у душавой, а душавая – адная 4-мясцовая. Кухня і душавая адкрытыя цягам некалькіх гадзінаў тры разы ў дзень і толькі да 20-й. Пральнай машыны няма, усё пяруць рукамі таксама ў душавой. Лядоўня ў кожным пакоі, але маленькая і старая.

Фота: Белсат

Памыцца – вялікая праблема. Гарачая вада награецца ў бойлеры, які вельмі павольна працуе. Калі раніцаю ўсе ідуць на працу, вада хутка сканчаецца і з’яўляецца толькі пасля абеду.

«Уявіце сабе: людзі ў полі працуюць да дваццатай, вяртаюцца позна. Памыцца цяжка, бо не ўсе паспяваюць, вады няма, стаяць у чарзе, а яшчэ трэба ж ежу зрабіць. Часам ідуць на саступкі і трымаюць гэтыя памяшканні адкрытымі крыху даўжэй».

Днямі Станіслава і ягонага суседа знянацку перавялі ў 6-асабовы пакой, хоць раней яны жылі толькі ўдваіх. Месца вельмі мала, адная шафа на ўсіх. На лядоўні, падваконні, стале і тумбачках не можа нічога ляжаць акрамя маленькіх прадметаў, таму рэчы даводзіцца здаваць на склад. На суседзяў Станіслаў не скардзіцца, канфліктаў няма, нягледзячы на сціплыя ўмовы, якія Станіслаў апісвае як жудасныя.

«Умовы, як у сярэднявеччы. У пакоях рамонту хіба ніколі не было. Абадраныя шпалеры, ложкі старыя двухпавярховыя сеткавыя і на спружынах, вельмі невыгодныя. Ад пад’ёму да адбою забараняюць ляжаць і сядзець на ложках, такое правіла, але калі ў пакоі два чалавекі і адно крэсла, то адная асоба ўсё ж можа на яго сесці».

Крупкі-2, дзе месціцца камендатура.
Фота: Белсат

Правілы ўнутранага распарадку

Пад’ём у асуджаных а 6-й раніцы, класціся спаць трэба а 22-й. Каменданты правяраюць пакоі кожныя некалькі гадзінаў, нават уначы – ці не прыхаваныя дзе забароненыя рэчы. Удзень падчас абходу трэба ўстаць і назвацца – сказаць імя, год нараджэння, артыкул, тэрмін перабывання. Пасля адбою трэба вымыкаць святло і пажадана не карыстацца тэлефонам.

На шыхтаванне трэба выходзіць чатыры разы ў дзень – двойчы раніцаю і двойчы ўвечары. Тых, хто стаіць на прафілактычным уліку, часам дадаткова трыма званкамі выклікаюць адзначыцца да дзяжурнага. Пакуль ніякіх дадатковых прафілактычных размоваў са Станіславам не ладзілі, але пачалі часцей правяраць пакой.

Артыкулы
Дзевяць чалавек у двухмясцовай камеры. Як сядзіць на Акрэсціна Юлія Міхайлава, якую з сям’ёй затрымалі за БЧБ-парасоны
2021.04.21 11:14

Кожны арыштант мае абавязак дзяжурыць днявальным. Зняволеных размяркоўваюць на розныя гаспадарчыя працы – адныя мыюць падлогу, другія – вокны, душавыя, прыбіраюць кухні.

«Паводле правілаў унутранага распарадку, прыбіральні павінны прыбіраць кожны, хто дзяжурыць. Аднак прыбіральні мые толькі адмыслова навучаны чалавек. Калі арыштант будзе мыць туалеты, то будуць праблемы з рэпутацыяй, а калі трапіць у турму, то трапіць у адпаведную камеру і будуць мець «нізкі сацыяльны статус». І ніхто там не будзе разбірацца, ці яго змушалі, ці ты сам пагадзіўся».

Фота: Белсат

Праца і вольны час

У Крупках аддзел кадраў папраўчай установы ўладкаваў Станіслава сантэхнікам у тамашні ЖКГ. Працоўны дзень – з 8-й да 17-й. Плаціць, кажа мужчына, будуць вельмі мала, каля 300 рублёў, але праца найбольш прымальная, бо ў яго стаіць металёвы цвік у назе, і ён не можа падымаць і насіць цяжкасцяў. Зняволеным даюць дадатковы час на тое, каб даехаць і вярнуцца ў камендатуру. Калі да месца працы далёка, то арыштантам адводзяць больш часу на вяртанне, каб яны маглі зайсці ў краму або развязаць справы ў горадзе.

Станіслаў па дарозе ў камендатуру.
Фота: Белсат

Вязняў уладкоўваюць на нізкааплатныя пасады. Станіслаў пералічвае Дзяржынскую птушкафабрыку, мясцовы аграсэрвіс, звалку. Горад маленькі, працы няма нават для сваіх, што казаць пра нас, дадае ён. Спярша тым, у каго ёсць спецыяльнасць або кваліфікацыя, намагаюцца знайсці працу паводле профілю. Калі такой няма, прапаноўваюць, што ёсць. Ад працы нельга адмовіцца, іначай афармляюць спагнанне. Максімальна можа быць тры спагнанні. Пасля чацвертага распачынаюць крымінальную справу паводле артыкулу 415 за ўхіленне ад адбыцця пакарання.

«Агулам нікога не хвалюе, за які кошт ты будзеш жыць. За камендатуру трэба плаціць 56 рублёў у месяц. Калі мала атрымліваеш або ў каго вялікія неаплачаныя аліменты, тым амаль цалкам спісваюць заробак, і яны сыходзяць нават у мінус. Ты мусіш плаціць, працуеш або не. Ведаю, што ў Менску за пражыванне плацяць 15 рублёў. А тут аплочваеш святло, ваду, цэнтралізаваннага ацяплення няма, ацяпленне на дровах, да таго ж заробак качагару плацім».

Фота: Белсат

Займацца ў камендатуры, калі не працуеш, няма чым. Найбольш Станіславу дакучае нуда. У суботы ў актавай зале чытаюць лекцыі на розныя сацыяльныя тэмы – напрыклад, шкоду алкагалізму ці важнасць працы, глядзяць фільм па тэме. У нядзелі пасля лекцыі, кажа Станіслаў, уключаюць прапаганду на БТ.

«Галоўная праблема – тут сумна. Я хацеў хутчэй пайсці на працу, таму што мозг закіпаў, як сядзеў на месцы, бо штодня – дзень сурка. Устаеш а 6-й раніцы, прыбраўся, абед, у тэлефоне пасядзіш. Вельмі сумна, няма чаго тут рабіць, пастаянна ў адным месцы. Дадому могуць адпусціць на выходныя – у суботу раніцай выязджаеш, вяртаешся ў нядзелю ўвечары. Але трэба заслужыць, мець добрыя характарыстыкі. Ёсць сістэма заахвочвання – удзел у падзеях, бясплатная праца ў камендатуры. Але нават калі будзеш рабіць гэта, не факт, што дазволяць».

Фота: Белсат

«Такіх месцаў не павінна быць»

Мы задаём Станіславу галоўнае пытанне – у чым ён бачыць сэнс такога пакарання?

«Такія ўстановы, як Крупкі, не перавыхоўваюць, гэта страчаны час, перажытак Савецкага Саюзу. І такіх месцаў не павінна быць. Іх нават у Расеі няма. На свабодзе можна больш зарабляць, а тут прымусова і гвалтоўна выцягваюць і накіроўваюць на нізкааплатную працу. Людзі застаюцца без сродкаў на існаванне».

Магілёвец кажа, што вязні ў такіх установах не любяць скардзіцца і спрачацца з кіраўніцтвам, бо хочуць хутчэй апынуцца на свабодзе. Кожныя 4–6 месяцаў прыязджае камісія, якая праводзіць атэстацыю арыштанта. Калі ў чалавека няма парушэнняў і спагнанняў, адміністрацыя і камісія падаюць хадайніцтва пра замену рэжыму на больш мяккі або на ўмоўна датэрміновае вызваленне.

Помнік Леніну ў цэнтры Крупак.
Фота: Белсат

«Большасць хоча спакойна адсядзець і выйсці паводле ўмоўна датэрміновага. Хоць у такіх месцах прыхільнікаў улады няма ўвогуле ад слова зусім. Яны ўсе супраць. Але мне, нават калі і не будзе спагнанняў, умоўна датэрміновае вызваленне не свеціць. Ніхто паводле ўмоўна датэрміновага з палітычных не выходзіць».

Станіслаў адзначае, што каб выжыць у такіх умовах, важна атрымліваць не толькі грошы, але і карэспандэнцыю звонку. Да актывіста за гэты месяц дайшоў толькі адзін ліст [на момант публікацыі артыкулу Станіслаў паведаміў яшчэ пра 8 лістоў, якія прыйшлі ў адзін дзень 28 красавіка – Заўвага belsat.eu]. Затое наведванняў не абмяжоўваюць. Сваякі і сябры могуць прыязджаць да вязняў, але пажадана да 17-й гадзіны.

«Прыняў выпрабаванне, як належнае. Не збіраўся з Беларусі з’язджаць. Прайду і вытрымаю яго, калі ўжо выпала гэткая доля на мой лёс. Значыць, усё не дарма».

Фота: Белсат

Няпісаныя правілы

Станіслаў таксама дзеліцца важнымі правіламі і лайфхакамі, якія дзеюць сярод арыштантаў.

  • У прыбіральню нельга ўваходзіць з посудам, нават кубкам.
  • З падлогі ў прыбіральні, калі нешта падае, падымаць нічога нельга.
  • Няма «сматрашчых» і «абшчака», але пажадана дзяліцца ежаю, прадуктамі.
  • Боек і крадзяжоў няма, у такіх месцах гэткіх паводзінаў не вітаюць.
  • «Хімія» – не месца распачынаць сяброўства. Але трэба быць у нармальных стасунках з усімі.

Напісаць Станіславу Паўлінковічу можна па адрасе: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 39, 222002 Крупкі-2, Крупскі раён

Фота: Белсат

ДР belsat.eu

Стужка навінаў