Чаму Лукашэнка зацікавіўся сувальскім калідорам? Інтэрв’ю з польскім палітолагам


Валерый Сахашчык заявіў пра рыхтаванне ядравага ўдару па Літве. Яго выкарысталі ў распаўсюдзе расейскай дэзынфармацыі? Аляксандр Лукашэнка падчас інспекцыі беларускіх войскаў на мяжы з Літвою пацікавіўся ў генерала, якая адлегласць праз сувальскі калідор да Калінінграду. Ці мусяць у Польшчы паставіцца сур’ёзна да гэтага? Інтэрв’ю з Камілем Клысіньскім, галоўным адмыслоўцам у справах Беларусі, Украіны і Малдовы, у польскім Цэнтры ўсходніх даследаванняў.

Лукашэнка падчас інспекцыі на мяжы з Літвою зрабіў шэраг заяваў, звязаных з бяспекаю. Некаторыя былі блытаныя, і іх пасля тлумачыў ягоны прапагандыст Вадзім Гігін. Ён сказаў: ні Беларусь, ні, паводле нашых звестак, Расея не мае намеру нападаць на краіны Балтыі. Ты і твае калегі ў сферы палітыкі і бяспекі верыце, што намеры Беларусі і Расеі мірныя адносна Польшчы ды дзяржаваў Балтыі?

Спачатку адкажу наконт Беларусі. Беларусь самастойна не ў стане ні на каго напасці. Я б нават ставіў пад сумнеў абарону ў выпадку нападу. Нападу з боку NATO ніколі не будзе, але тэарэтычна я ацэньваю боегатовасць беларускага войска. Можна паказваць запісы гутарак Лукашэнкі з генераламі, але беларускае войска не самае моцнае ў свеце. Баяздольных салдатаў мы ацэньвалі паводле прагнозаў нападу на Украіну з боку Беларусі, гэта 15–20 тысячаў максімум, але гэта няшмат для самастойных аперацыяў. Мы верым, што Лукашэнка не гатовы і не зацікаўлены нападаць на Літву, Польшчу ці Латвію. Што датычыць Расеі, то яна шмат разоў даказала, што Пуцін і крамлёўскія эліты не выконваюць абяцанняў, але пакуль вялікага збору расейскіх войскаў у Беларусі няма, мы таксама не мусім сур’ёзна ставіцца да чутак, быццам яны рыхтуюць нешта супраць нас з беларускага кірунку.

А словы Лукашэнкі пра сувальскі калідор (тэрыторыя, якая спалучае мяжу Польшчы і Літвы ды адначасова раздзяляе Беларусь з расейскім анклавам у Калінінградзе). Чаму Лукашэнка пацікавіўся гэтым у генерала, хаця яны былі далёка ад гэтага месца? На гэта трэба ў Польшчы звярнуць увагу?

Я б пакуль сур’ёзна да гэтага не ставіўся. Звярніце ўвагу, што ў пачатку запісу Лукашэнка спрабуе даведацца ў сваіх генералаў, якія слабыя пункты іхнай абароны, задае пытанні пра мясцовасць, размаўляе з салдатамі. Які генерал перад камерай ацэньвае слабыя месцы ў абароне? Танны і бестактоўны. Лукашэнка адчувае патрэбу паказаць насельніцтву, што ён клапоціцца пра бяспеку краіны і ездзіць правяраць баяздольнасць свайго войска.

ВІДЭА
Літоўскі эксперт крытыкуе заяву Валера Сахашчыка
2024.03.29 13:29

Цывільныя чыноўнікі апранаюцца ў зялёны камуфляж, Лукашэнка прыязджае з адкормленым сабачкам. Выглядае як кепская пастаноўка, але адначасова ён робіць грозныя заявы. Калі генерал сказаў, што ў Пабрадзе стаяць тры натаўскія батальёны і там дыверсанты рыхтуюцца да правакацыяў, Лукашэнка падскочыў і сказаў, што трэба страляць на паражэнне. Лукашэнка і ягоныя вайскоўцы сур’ёзна думаюць, што NATO, амерыканцы каля Вільні будуць рыхтаваць дыверсантаў і правакацыі ці гэта зноў жа частка спектаклю, дзе фонам бегае сабачка?

Я не выключаю, што некаторыя сурʼёзна могуць так думаць. Можа, не поўнамаштабны напад, але што Захад рыхтуе правакацыі. Звычайна кажуць, што любы чалавек са злымі намерамі падазрае іншых у тым жа. Калі Расея ладзіць правакацыі, беларускі бок не белы і пухнаты. З 2021 года, з самога пачатку міграцыйнага крызісу, мы налічвалі сотні дробных непрыемнасцяў з боку лукашэнкаўскіх службаў. Яны могуць падазраваць, што Захад можа адказваць тым жа. Спадзяюся, яны разумеюць, што ніякай вайны не будзе і не мусіць быць.

Мы ведаем, што таталітарныя рэжымы пачынаюць войны правакацыямі. Гэтак пачалася агрэсія Трэцяга Райху супраць Польшчы з фэйкавым знішчэннем нібыта польскімі дыверсантамі радыёстанцыі. Падобным чынам пачалася вайна СССР супраць Фінляндыі ў 1939 годзе. Ці гэта не тая сітуацыя, у якой Лукашэнка прагаворваецца, што Пуцін можа падумваць пра нейкую правакацыю на мяжы з Літвою? Беларускія ці польскія дыверсанты знішчаць нейкі аб’ект, і гэта будзе выкарыстана для пачатку вайны.

Чарговых правакацыяў выключыць мы не можам. Гэта магчыма, і я асцерагаюся, што гэта будзе. Гэта будуць рознага ўзроўню правакацыі, магчыма, з выкарыстаннем мігрантаў. Апошнімі днямі мы назіраем рост спробаў нелегальна мінуць мяжу. Можа мяняцца напружанне і профіль гэтых правакацыяў, але яны будуць. Пакуль збору расейскіх войскаў мы не назіраем у Беларусі, мы не думаем, што яны рыхтуюцца да вайны. Вось калі будуць назапашвацца расейскія войскі каля нашай мяжы ды каля мяжы з Літвой і Латвіяй. У 2021 годзе расейскія войскі засяроджваліся на поўдні, каб рыхтаваць напад у кірунку Кіева. Калі будуць такія зборы ля нашых межаў, тады я буду казаць сурʼёзна пра гэта. Пакуль перадумоваў да гэтага я не бачу. Ёсць толькі танныя спектаклі з сабачкам і магчымыя правакацыі.

ПраСвет
Псіхалагічная аперацыя з удзелам Лукашэнкі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2024.03.29 12:17

Ці заўважыла экспертнае асяроддзе ў Польшчы заяву Валера Сахашчыка? Маўляў, згодна з ягонай інфармацыяй, беларускія генералы з маскоўскімі калегамі малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні, а ўлады Расеі і Беларусі спадзяюцца, што цывілізаваны свет будзе шакаваны такой эскалацыяй агрэсіі ды спыніць супраціў. Ён кажа, што могуць выкарыстаць ядравую зброю і напасці на Літву за няўдачы ва Украіне, не здымаючы сілаў з украінскага фронту, паспрабаваць захапіць Вільню. Як да гэтага паставіліся ў Польшчы?

Я б разглядаў гэта як чарговую інфармацыйную правакацыю, укід. Я не абвінавачваю Сахашчыка, ён мог успрыняць гэта сурʼёзна, але мы назіраем рост такіх укідаў на іншых кірунках. Звярніце ўвагу на новы тэлеграм-канал «Офицер Осам», які нібыта вядуць афіцэры спецыяльнай часткі структуры пры Памежным камітэце. Там нібыта таксама зʼявіліся дакументы, якія пацвярджаюць тэзіс пра рыхтаванне нападу. Пакуль трэба ставіцца да гэтага скептычна. Беларусь не ў стане рыхтаваць такога нападу. Гэта вельмі небяспечна і будзе абвалам палітыкі Лукашэнкі ды ягонай мірнай рыторыкі на адрас насельніцтва.

Для чаго гэта робіцца?

Каб расхістаць абстаноўку і запалохаць. Я нагадаю, што дэзынфармацыя і стратэгічная рэцэпцыя – вельмі глыбока ў традыцыях расейскіх і беларускіх спецслужбаў, выхаваных на тых жа дапаможніках, на якіх вучыліся агенты царскай аховы, потым НКВД і КДБ.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце ў відэа вышэй.

Стужка навінаў