Расейскіх зорак змясцілі на афішу «Славянскага базару», а яны пра гэта не ведалі


Летні амфітэатр у Віцебску.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

На афіцыйным сайце «Славянскага базару» ў Віцебску з’явілася афіша запланаванага на лета фестывалю. Але не ўсе запісаныя там артысты ведаюць пра свой удзел.

Хоць «Славянскі базар» у Віцебску пачнецца толь 14 ліпеня, афішу будучага фэсту ўжо апублікавалі. Беларусы сталі пісаць выканаўцам у сацсетках, каб тыя адмовіліся ад імпрэзы з прычыны масавых рэпрэсіяў у краіне. І выявілася, што не ўсе артысты ведаюць пра свой удзел у «Славянскім базары».

Гэтак, расейскі артыст Міхаіл Галусцян хутка абверг свой удзел у фестывалі ў Віцебску.

«Хлопцы, я наогул не ў курсе. Я не збіраўся выступаць на «Славянскім базары»! Не пішыце мне ў дырэкт і не пішыце каментароў. Просьба прыбраць маё прозвішча са спісаў! Не дурыце народ!!! Усім мір», – напісаў ён у Instagram.

Публікацыя Міхаіла Галусцяна ў Instagram. Скрын
Публікацыя Міхаіла Галусцяна ў Instagram. Скрын

Саліст расейскага гурта «Рондо» Аляксандр Іваноў адказаў, што ягоны гурт і не планаваў ехаць на «Славянскі базар», бо музыкі «не абыякавыя да братэрскага беларускага народу і ягонай бяды». Але пазней пост, пад якім разгарнулася абмеркаванне, быў выдалены. Віцяблянін, які заклікаў музыкаў не ехаць на фестываль, трапіў у бан.

Нагадаем, што міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч мяркуе, што «Славянскі базар» – гэта сапраўдны конкурс, а «Еўрабачанне» стала «крыху падмяняць агульначалавечыя паняцці».

Hавiны
«Славянскі базар» – вось гэта сапраўдны конкурс». Міністр культуры пра выключэнне Беларусі з «Еўрабачання»
2021.03.28 14:31

МГ belsat.eu

Стужка навінаў