Прэзідэнт Польшчы шукае міжнароднага падтрымання для абароны польскай меншасці ў Беларусі


Анджэй Дуда.
Фота: prezydent.pl

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў міжнародныя перамовы ў сувязі з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі.

Анджэй Дуда накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, заявіўшы, што «рэжым у Менску атакуе польскую меншасць з палітычных матываў як чальцоў беларускага грамадства, звязаных з трансатлантычнымі дэмакратычнымі інстытуцыямі». Ён заклікаў ЗША як краіну, што старшынюе ў Радзе Бяспекі ААН, тэрмінова звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед яе грамадзянскай супольнасці, улучна з польскай меншасцю, і разгледзець гэтае пытанне на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Рады бяспекі ААН.

Hавiны
Анджэй Дуда сустрэўся з беларускай меншасцю ў Польшчы
2021.03.26 19:10

На думку прэзідэнта Польшчы, міжнародная супольнасць мусіць зрабіць сур’ёзныя крокі для абароны асабістай свабоды і правоў чалавека агулам, у тым ліку правоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі, бо нястача ўвагі і дзеяння можа яшчэ больш пагоршыць сітуацыю.

Таксама Дуда абмеркаваў пытанне з генеральным сакратаром АБСЕ Гэльгай Шміт (Helga Schmidt, Нямеччына) і вярхоўным камісарам АБСЕ ў справах нацыянальных меншасцяў Кайратам Эбдыйрахманавым (Қайрат Әбдірахманов, Казахстан). Яны паабяцалі абмеркаваць сітуацыю ў межах дзейнасці АБСЕ.

Керсці Кальюлайд (Kersti Kaljulaid), кіраўніцу Эстоніі – краіны, абранай нясталым чальцом Рады бяспекі ААН, – польскі прэзідэнт папрасіў узняць беларускае пытанне на Радзе бяспекі. Таксама Дуда напіша ліст у Раду бяспекі ААН.

Hавiны
Навошта ўлады Беларусі атакуюць Саюз палякаў у Беларусі
2021.03.26 17:08

А генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч (Marija Pejčinović Burić, Харватыя) запэўніла прэзідэнта Польшчы, што пытанне пераследу польскай меншасці ў Беларусі будзе ўзнятае на наступным тыднi на пасяджэнні Камітэту міністраў РЕ.

Пра сітуацыю з польскай меншасцю ў Беларусі Дуда таксама паінфармаваў вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Мічэль Бачэле (Michelle Bachelet) з Чылі.

Раней Польшча прапанавала Літве і Латвіі ўвесці супраць Беларусі супольныя эканамічныя санкцыі за пераслед Саюзу палякаў.

Артыкулы
Суддзі, якая вынесла прысуд старшыні Саюзу палякаў, бестэрмінова забароняць уезд у Польшчу
2021.03.26 13:29

Старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс затрымалі 23 сакавіка. На наступны дзень суддзя Руслан Гурын прысудзіў ёй 15 содняў арышту за кірмаш рамеснікаў «Гарадзенскія Казюкі». Пракуратура завяла на Борыс ды іншых асобаў крымінальную справу за нібыта распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні.

Сілавікі таксама прыйшлі да гарадзенскага журналіста Анджэя Пачобута, дырэктаркі грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай, да кіраўніцы лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай. Ператрусы прайшлі ў офісах, звязаных з СПБ.

У пачатку сакавіка затрымалі кіраўнікоў Польскай школы ў Берасці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў