У Беларусі спрабуюць даказваць праз суды факты смерці сваякоў, якія ваявалі за Расею


Жыхары Гомельскай вобласці дамагаліся ўстанаўлення фактаў смерці сваякоў, якія загінулі ва Украіне, ваюючы на баку Расеі. Звесткі пра гэта ў банку судовых пастановаў Беларусі знайшоў «Флагшток».

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

У лютым 2023 года суд Рэчыцкага раёну разглядаў справу, у якой мясцовая жыхарка прасіла ўстанавіць факт смерці сына. У загсе ёй адмовілі падаваць пасведчанне аб смерці, бо ў яе няма  пацверджанняў. Такім чынам жанчына не можа, сярод іншага, атрымаць дапамогу на пахаванне, адзначаецца ў рашэнні суда.

У дакуменце таксама гаворыцца, што яна расказала, што сын загінуў «пры выкананні спецыяльнай ваеннай аперацыі», а запіс аб ягонай смерці быў здзейснены органам «Міністэрства юстыцыі Л. Народнай Рэспублікі».

Пастанова суда. Крыніца: Флагшток

На той момант рэжым Лукашэнкі яшчэ не прызнаў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», таму жанчыне адмовілі ў прызнанні дакументаў. Ёй давялося даказваць факт смерці сына з дапамогай іншых дакументаў, у тым ліку – выпіскай з указу прэзідэнта Расеі аб узнагароджанні загінулага беларуса медалём пасмяротна.

Суд усё ж устанавіў факт смерці «з прычыны агнястрэльных выбуховых аскепкавых скразных пранікальных раненняў галавы, шыі, канцавінаў».

Падобная сітуацыя разглядалася ў судзе Светлагорскага раёну ў ліпені 2023 года. Мужчына хацеў устанавіць факт смерці сына з дакументамі Мінюсту так званай «ЛНР». Тады суд не прыняў гэтых папераў, бо «ЛНР» «ёсць непрызнанай дзяржавай, у сувязі з чым пасведчанне аб смерці, выдадзенае дзяржаўнымі ўстановамі непрызнанай дзяржавы, не ёсць дакументам, на падставе якога натарыусам можа быць выдадзенае пасведчанне аб праве на спадчыну», –  адзначаецца ў судовых матэрыялах.

Пастанова суда. Крыніца: Флагшток

Аднак, «прааналізаваўшы і ацаніўшы сабраныя ў справе доказы ў іх сукупнасці», суд таксама ўстанавіў факт смерці нарадзінца Светлагорску.

«Іншы выпадак разбіраў суд Мазырскага раёну ў снежні 2023 года. Там разглядалі пазоў мясцовай жыхаркі аб спагнанні аліментаў на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Але пры разглядзе высветлілася, што бацька дзіцяці зʼехаў у РФ, а пазней у званні шарагоўца знік без вестак «пры выкананні задачаў у ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі». У выніку пазоўная заява мазыранкі засталася без разгляду», – падводзіць рысу «Флагшток».

Hавiны
У абмен палоннымі паміж Украінаю і Расеяй трапіў беларус, які ваяваў на баку акупантаў
2024.01.31 20:24

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў