У лютым беларусаў чакаюць рост пенсіяў і дапамогі на дзяцей. Пры гэтым павялічацца падаткі і падаражэюць крэдыты, банкі ўвядуць новыя камісіі. Акрамя таго, у краіне пройдзе першы пасмяротны судовы працэс, выхад «Tinder» і тое, што ўлады краіны называюць выбарамі. Гэтыя лютаўскія змены і не толькі сабралі карэспандэнты «Белсату».
Гэтак, з 1 лютага павялічваюцца памеры бюджэту пражыткавага мінімуму. БПМ у сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца на 10,6 % і складзе Br 406,74. У звязку з гэтым аўтаматычна пераглядаюцца памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсіяў, дапамогі для догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, і сацыяльныя пенсіі.
У прыватнасці аднаразовая дапамога цяпер складзе пры нараджэнні першага дзіцяці Br 4067,4 (рост на Br 389,5), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – Br 5694,36 (рост на Br 545,3). Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, будзе выплочвацца памерам Br 406,74, дапамога семʼям на дзяцей векам ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці векам да трох гадоў (штомесячная) – памерам Br 203,37. Вырастуць таксама дапамогі семʼям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Таксама з 1 лютага на 11,3 % павялічацца дапамогі для догляду дзяцей. Да 31 ліпеня памеры дапамогі для догляду дзіцяці векам да трох гадоў складуць: на першае дзіця – Br 724,85, на другое і наступных дзяцей – Br 828,40, на дзіця-інваліда – Br 931,95.
Апроч таго, з 1 лютага на 10 % павышаюцца ўсе віды працоўных пенсіяў: паводле веку, інваліднасці, за выслугу гадоў і з нагоды страты карміцеля. Сярэдні памер пенсіі паводле веку пенсіянера, які не працуе, у лютым складзе Br 811.
Пры гэтым з 1 лютага вырастуць стаўкі падаходнага падатку з фізічных асобаў, якія здаюць на доўгатэрміновы перыяд жылыя і нежылыя памяшканні іншым фізічным асобам. Гэтак, за здачу ў арэнду кватэры ў Менску трэба заплаціць Br 47 за кожны жылы пакой (цяпер – Br 43,9). Стаўка на здаванне жытла ў абласных цэнтрах і Менскім раёне складзе Br 44 (цяпер – Br 41,2). За здаванне жытла ў буйных гарадах, напрыклад, у Бабруйску, Баранавічах або Барысаве стаўка будзе Br 29 (цяпер – Br 27), у іншых гарадах і мястэчках – Br 21, а ўва ўсіх астатніх мясцовасцях – Br 15.
Таксама Нацыянальны банк на люты павысіў значэнні разліковых велічыняў стандартнай рызыкі (РВСР). Па новых крэдытах у рублях, акрамя льготных, нададзеных юрыдычным асобам, РВСР складзе 11,61 % гадавых (у студзені – 11,26 %), фізічным асобам – 16,63 % (у студзені – 16,44 %). У выніку гэтага можа вырасці кошт крэдытаў.
«Альфа-банк» з 1 лютага ўводзіць камісію за захоўванне долараў і еўраў. Яна будзе брацца, калі сума сярэднядзённай рэшты па ўсіх рахунках складзе больш як Br 160 тыс. у эквіваленце. Камісія вызначаная памерам 0,1 % ад сярэднядзённай рэшты, але не менш як Br 500 і не больш як Br 3000. У якасці альтэрнатывы банк прапануе аформіць безадзыўны дэпазіт у доларах на 25 месяцаў або адкрыць дэпазіты ў юанях, расейскіх і беларускіх рублях.
З 1 лютага беларусы змогуць здаваць часткова пашкоджаныя купюры замежных валютаў. Можна будзе здаваць у абменнікі брудныя і зношаныя купюры з натуральнымі прыкметамі выкарыстання. Прымуць там і банкноты з пяццю надрывамі або надрэзамі да 3 мм або адным да 5 мм, нават калі разрывы і парэзы на іх заклееныя.
Таксама з 1 лютага вырастуць кошты на некаторыя віды цыгарэтаў. Гэтак, два віды «Dunhill», тры віды «Lucky Strike Aroma» падаражэюць на 30 капеек, а «Rothmans of London Blue» – на 35 капеек.
Беларусь з 1 лютага на 10,2 % павысіла тарыфы транзітнага транспартавання нафты праз тэрыторыю Беларусі і для ўнутранага спажывання.
Міністэрства аховы здароўя з 2 лютага змяніла базавыя і нацыянальныя крытэры медычнай акрэдытацыі дзяржаўных арганізацыяў аховы здароўя. Апроч таго, зменіцца інструкцыя парадку надавання медычнай дапамогі грамадзянам Беларусі ў амбулаторных і стацыянарных умовах у дзяржаўных установах аховы здароўя. У прыватнасці, для атрымання дапамогі ў паліклініцы не паводле месцы прапіскі трэба самастойна звяртацца туды для часовага замацавання.
Вярхоўны Суд на 8 лютага прызначыў першы судовы разбор у справе супраць памерлага чалавека. Судзіць збіраюцца Уладзіміра Катрука, які памёр у 2015 годзе і які ў 1943-м браў удзел у карнай аперацыі ў Хатыні.
Папулярная мабільная праграма для знаёмстваў «Tinder» спыніць працу ў Беларусі з 15 лютага. Людзі ў краіне не здолеюць выкарыстоўваць дадатку і нават увайсці ў свой уліковы запіс. Аднак можна будзе запытаць вяртанне сродкаў за падпіскі ды іншыя пакупкі ў дадатку, не выкарыстаныя пасля 15 лютага.
У лютым у Беларусі прадоўжыцца другі этап рэпетыцыйнага тэставання па 15 навучальных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі. Ён дазваляе падрыхтавацца да цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэставання 2024 года. Вынікі рэпетыцыйнага тэставання стануць вядомыя ў 20-х днях, але яны ні на што не паўплываюць.
З 19 да 25 лютага вучняў першых і другіх класаў чакаюць дадатковыя вакацыі.
Беларуская чыгунка 20 і 21 лютага адменіць і зменіць маршруты некаторых цягнікоў, якія курсуюць паміж Магілёвам, Менскам і Салігорскам, праз планавы рамонт на ўчастку Магілёў – Асіповічы.
25 лютага ў Беларусі пройдзе адзіны дзень галасавання на выбарах у парламент і мясцовыя саветы, якія дэмакратычныя сілы ахарактарызавалі як «бязвыбары».
Макар Мыш belsat.eu