НАУ прапануе прыняць санкцыі супраць імпарту тавараў, якія вырабляюць палітзняволеныя ў турмах


Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прапануе Еўразвязу ўвесці адмысловы праваабарончы санкцыйны пакет супраць імпарту груп тавараў, якія палітзняволеныя вырабляюць ва ўстановах Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі.

Павел Латушка
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка .
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Аб гэтым заявіў кіраўнік НАУ у эфіры «Радыё Рацыя» Павел Латушка.

«Па пытаннях санкцыйнай палітыкі мы прапаноўваем санкцыйны пакет у сувязі з выкарыстаннем прымусовай працы палітзняволеных на тэрыторыі Беларусі – у турмах, у следчых арыштах. Канкрэтны пакет, з таварамі, з катэгорыямі тавараў. Мы далі поўнае абгрунтаванне, каб гэта знаходзілася ва ўрадзе Польшчы. Усе гэтыя дакументы пайшлі», – адзначыў Павел Латушка.

Акрамя таго, палітык заклікаў гарманізаваць гандлёвыя санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Адпаведная інфармацыя ўжо перададзеная ў польскае Міністэрства замежных справаў.

Пытанне ўвядзення санкцыяў у дачыненні да Дэпартаменту выканання пакаранняў уздымалася і раней. Так, палітолаг Ігар Тышкевіч яшчэ ў 2020 годзе казаў пра тое, што ўключэнне гэтай «фактычна камерцыйнай структуры» ў санкцыйны спіс было б лагічным, бо, сярод іншага, яна займаецца вытворчасцю дубінак, шчытоў, абсталявання, а разам з тым вырабляе і «добрую мэблю, і тэкстыль, якія ВЕЛЬМІ танна прадаюцца еўрапейскім кампаніям». Пры гэтым уся прадукцыя робіцца зняволенымі, у тым ліку і палітычнымі, і ейны сабекошт вельмі нізкі, бо зняволеныя робяць гэтую прадукцыю практычна бясплатна.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў