Галоўнае за дзень: расейскія войскі, рэкорд па COVID-19, Ціханоўская і прэмія міру


Палітычны і сацыяльны крызіс у Беларусі працягваецца 537 дзён. Як мінуў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».

Святлану Ціханоўскую зноў вылучылі на прэмію міру

Нарвежскія парламентарыі намінавалі Святлану Ціханоўскую на Нобелеўскую прэмію міру 2022 году, паведаміў у сваім Твітары дарадца беларускай лідаркі Франак Вячорка.

«Гэта прызнанне для ўсіх беларусаў, якія працягваюць змагацца за свабоду», – зазначыў Вячорка пад навіной.

Святлана Ціханоўская была намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру ў 2021 годзе, аднак атрымалі яе галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў і філіпінская журналістка Марыя Рэса.

Расейскія войскі

З Усходняй ваеннай акругі Расеі ў нашую краіну прыбылі комплексы СПА «Панцыр-С» у рамках праверкі сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы.

Праверка сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы праходзіць у два этапы. Да 9 лютага будзе выкананая дыслакацыя і стварэнне ў кароткія тэрміны групоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Падчас другога этапу з 10 па 20 лютага будзе праведзена сумеснае вучэнне «Саюзная рашучасць – 2022».

Hавiны
Расея перакінула ў Беларусь комплексы супрацьпаветранай абароны «Панцыр-С»
2022.01.29 11:42

Таксама сёння з’явілася інфармацыя пра тое, што Расея пачала пастаўляць на мяжу з Украінай запасы крыві і матэрыялы, неабходныя для лекавання параненых. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на трох амерыканскіх чыноўнікаў.

Праз некалькі гадзін гэтую інфармацыю зняпраўдзіла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у сваім Facebook:

Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Такія «навіны« з’яўляюцца элементам інфармацыйна-псіхалагічнай вайны. Мэта такой інфармацыі – пашырыць паніку і страх у нашым грамадстве».

Каронавірус у Беларусі

З пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваны 738 тыс. 601 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе Мінздароўя.

Па статыстыцы ведамства за содні ў краіне зарэгістраваны 2 302 пацыенты з COVID-19 – гэта самая вялікая лічба ў Беларусі за часы назірання за каронавірусам. Папярэдні рэкорд прабыў усяго содні – учора лічба пацыентаў была 2221 чалавек.

За два гады праз пандэмію ў Беларусі памерла па афіцыйных дадзеных 6 024 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў