У МУС распавялі пра колькасць «злачынстваў», звязаных з пратэстамі


Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч на калегіі МУС распавёў, што з 9 жніўня ў Беларусі зарэгістраваныя 1750 «злачынстваў, звязаных з масавымі закалотамі, пагрозамі, гвалту, супрацівам праваахоўнікам». Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

З гэтых 1750 «злачынстваў» 667 здзейсненыя ў дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў.

Паводле першага намесніка міністра ўнутраных справаў Юрыя Назаранкі, летась істотна ўзрасла колькасць здзейсненых у грамадскіх месцах злачынстваў, звязаных з гвалтам ці пагрозай ужывання гвалту ў дачыненні міліцыянтаў (у 2,5 разу), а таксама супрацівам ім (у 1,5 разу).

«Акрамя таго, пасля заклікаў у радыкальна настроеных тэлеграм-каналах і чатах, накіраваных на зрыў нармальнага функцыянавання камунікацыяў Беларускай чыгункі, зарэгістраваны 161 факт супрацьпраўных замахаў на яе аб’екты», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС.

Таксама паведамляюць, што больш за 1200 няпоўнагадовых узялі ўдзел у пратэставых акцыях.

Адначасова, паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Сяргея Хаменкі, летась істотна знізілася колькасць дапушчаных міліцыянтамі парушэнняў дысцыпліны і законнасці. Таксама ён зняпраўджвае інфармацыю пра масавыя звальненні сілавікоў.

«Факты кажуць пра адваротнае. Укамплектаванасць асабовым складам павялічылася ў параўнанні з 2019 годам», – адзначыў Хаменка.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў адзначыў, што ў 2020 годзе асноўныя акцэнты былі зробленыя на стабілізацыі грамадска-палітычнага становішча.

«Забяспечыўшы правапарадак, мы абаранілі краіну і захавалі яе суверэнітэт», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Праваабаронцы: рэпрэсіі 2020 года з’яўляюцца самымі масавымі ў найноўшай гісторыі Беларусі
2021.01.09 09:24

На калегіі Генадзь Казакевіч агучыў статыстыку і наконт іншых сфераў дзейнасці МУС. У прыватнасці, у 2020 годзе было больш зарэгістравана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у тым ліку якія прывялі да смерці пацярпелага. Амаль на траціну вырасла колькасць фактаў перадазавання наркотыкамі, у тым ліку амаль удвая – са смяротным зыходам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў