Колькасць украінскіх бежанцаў у Польшчы знізілася да 950 тыс.


Колькасць бежанцаў з Украіны ў Польшчу цяпер складае 950 тыс., а ўсяго грамадзянаў Украіны ў Польшчы – каля 2,3 млн. Пра гэта напісаў у Twitter намеснік старшыні Польскага фонду развіцця (PFR) Барташ Марчук.

Эвакуацыйны аўтобус з украінскімі ўцекачамі прыбыў з Львова ў польскі горад Жэшаў. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Як адзначыў Барташ Марчук, паводле дадзеных Універсальнай электроннай сістэмы ўліку насельніцтва PESEL, станам на 27 снежня ў Польшчы застаюцца 950 тыс. уцекачоў ад вайны ва Украіне. Гэта на 400 тыс. менш, чым улетку. З увагі на тое, што да вайны ў Польшчы перабывалі 1,2–1,3 млн украінцаў, агульная колькасць грамадзянаў Украіны ў Польшчы на сёння складае 2,3 млн.

Паводле Марчука, 90 % украінскіх уцекачоў у Польшчы – жанчыны і дзеці. Пры гэтым тыя, хто прыбыў у Польшчу пасля 24 лютага, складаюць 2,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва Польшчы. Найбольш украінскіх уцекачоў жывуць у Ніжнесілезскім (Вроцлаў) і Мазавецкім (Варшава) ваяводствах.

Прадстаўнік PFR таксама адзначыў, што каля 60-70 % дарослых уцекачоў ад вайны ва Украіне (320 тыс. з 450 тыс.) ужо працаўладкаваліся ў Польшчы.

«Гэта вельмі высокі ўзровень працаўладкавання. Можна ацэньваць, што ў 2022 годзе толькі падаткаў і ўнёскаў з заробкаў бежанцаў у бюджэт паступіла каля 4 млрд злотых (900 млн долараў), а ў 2023 годзе паступіць каля 6 млрд злотых (больш за 1,3 млрд долараў)», – адзначае Марчук.

Паводле Марчука, агульны фінансавы баланс выдаткаў/паступленняў у бюджэт краіны ў дачыненні ўкраінцаў, якія прыбылі пасля 24 лютага, у Польшчы адмоўны: мінус 1,45 млрд злотых (прыблізна 330 млн долараў). Але паводле прагнозу, ужо ў 2023 годзе гэты баланс будзе станоўчым – плюс 1,1 млрд злотых (250 млн долараў).

Як падсумоўвае польскі чыноўнік, украінскія ўцекачы ад вайны ва Украіне раўнамерна размясціліся па ўсёй тэрыторыі Польшчы, няма іхнай празмернай канцэнтрацыі ў тым ці іншым рэгіёне краіны. Яны амалоджваюць папуляцыю Польшчы і актыўныя на рынку працы. У 2023 годзе баланс іхнага побыту ў Польшчы будзе станоўчым.

Найбольшымі выклікамі Марчук назваў інтэграцыю ўкраінцаў у польскае грамадства і іміграцыйную палітыку краіны, а таксама магчымую другую хвалю ўцекачоў ад вайны ва Украіне. Пры гэтым ён адзначыў, што пакуль няма прыкметаў таго, што ўкраінцы масава пакідаюць Украіну ў напрамку Польшчы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў