Шэсць новых палітвязняў, ператрусы, экстрэмісцкія «Бамжы ў Парыжы». Рэпрэсіі 28 лістапада


Рэпрэсіі ў Беларусі не толькі не сціхаюць, але і набываюць размах. 28 лістапада прайшла буйная хваля ператрусаў у прадстаўнікоў дэмсілаў. Было шмат арыштаў. Фіксуем гэта і іншае беззаконне ў нашым штодзённым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

«Бамжы ў Парыжы» – «экстрэмісты»

Папоўніўся і спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Туды ўвайшлі Facebook-старонкі «Усё аб Дуброўна», «Цэнтр Беларускай Салiдарнасцi / Centrum Bialoruskiej Solidarnosci», інфармацыя, размешчаная на старонцы ў «Беларусь. Всё обо всём» у «Аднакласніках». Не спадабаліся сілавікам і Telegram-каналы і чаты «Бомжи в Париже», «Мировые Конфликты», «Говорит Беларусь», «Беларусь Без Цензуры»; Instagram-старонка «belarus2belarus»; TikTok-старонкі «_Prosto_Belarus_», «Klim Zlobich».

Затрыманні і палітвязні

Цяпер у краіне 1447 палітвязняў. Шэсць з іх – новыя.  Гэта Леанід Райчонак, Дзмітрый Маставы, Юрый Юрэня, Віталь Санько, Уладзімір Фішман, Анатоль Старасвецкі.

Затрыманы віцебскі пастар Царквы хрысціянаў поўнага Евангелля Іван Вялічка, паведамляе «Хрысціянская візія». За што – праваабаронцам не вядома.

Баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык не выйшаў на волю пасля 15 содняў арышту. Паводле «Вясна | Брэст», яго не выпусцілі з ізалятару. Праваабаронцу мусілі вызваліць 24 лістапада.

Hавiны
Праваабаронцы «Вясны» папрасілі дапамогі ў Шчодры аўторак
2023.11.28 08:53

Яшчэ адзін затрыманы – Павел Мельнічэнка, які працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Яго рэпрэсуюць за пратэсты 2020 года і падчас затрымання прымусілі стаць нагамі на бел-чырвона-белы сцяг, піша «Гомельская Вясна». Калегу Паўла Лапіцкага Андрэя затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Таксама сілавікі прымусілі іх назваць сумы заробкаў.

У Вярхоўным Судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку. Прысуд пакінуты без зменаў, а скарга не задаволеная. Эдуарда Бабарыку прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) КК. Яго пакаралі 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Атака на дэмсілы

У Менску прайшлі масавыя ператрусы ў людзей, якія могуць быць ці звязаныя з Каардынацыйнай радай. Праўладныя тэлеграм-каналы назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у «Каардынацыйную раду», а Следчы камітэт паведаміў, што ў справе рады праходзіць больш за сто асобаў. Сілавікі вінавацяць людзей у здрадзе дзяржаве, экстрэмізме і пагрозе нацыянальнай бяспецы.

Сярод падазраваных Павел Латушка, Сяргей Чалы, Юрась Губарэвіч, Артур Фінькевіч, Міхаіл Таўбе, Ганна Красуліна, Раман Кісляк.

Санкцыянаваў ператрусы генеральны пракурор Андрэй Швед. Паводле праваабаронцаў, маёмасць падазраваных арыштаваная. Выглядае, што яна будзе канфіскаваная, бо Следчы камітэт кажа пра «кампенсацыю шкоды».

Ператрусы адбыліся і ў сябраў каманды НАУ. Супрацоўнікі спецслужбаў прыходзілі не толькі ў месцы, дзе жылі прадстаўнікі НАУ, але і да родных многіх з іх.

Таксама ператрус адбыўся ў праваабаронцы Рамана Кісляка.

Hавiны
Ціханоўская пра масавыя ператрусы: «Злачынцы тыя, хто ператвараюць Беларусь у турму»
2023.11.28 18:34

Даведацца пра пераслед беларусаў было б значна складаней без праваабаронцаў «Вясны». У Шчодры аўторак яны просяць падтрымаць цэнтр на Patreon ці аднаразовым данатам.

«Калі ласка, рабіце пераводы толькі, калі для вас гэта бяспечна. Мы настойліва просім не рабіць пераводаў з картак беларускіх ці расейскіх банкаў», – пішуць праваабаронцы.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў