Дар’я Чульцова ў Патсдаме:  «Буду працаваць за нас абедзвюх»


Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

28 кастрычніка ў Патсдаме аператарка «Белсату» Дар’я Чульцова атрымала ўзнагароду «Журналіст года» найбуйнейшага медыяфестывалю Еўропы «Prix Europa». Нашую каляжанку ўзнагародзілі разам з Кацярынай Андрэевай яшчэ год таму, але сваю статуэтку Даша атрымала толькі цяпер – праз два месяцы пасля вызвалення з-за кратаў.

«Я даведалася пра прэмію, калі была ў турме, падчас спаткання з мамай. Улічваючы, што Каця цяпер не са мной і не можа атрымаць прэмію разам са мной, я не ведаю, ці магу я радавацца настолькі, наколькі ўсе кажуць і хочуць, каб я радавалася», – кажа Даша за пару гадзінаў да ўрачыстай цырымоніі.

«Як фільм»

Даша прыгадвае, што ў зняволенні не магла адчуць радасці ўзнагароды, бо заставалася ў закрытай прасторы, а ўсё, што было па-за – як бы не існавала. «Гэта як фільм, які недзе паказваюць», – кажа яна.

Падчас размоваў з журналістамі і паміж імі Даша ўвесь час усміхаецца, але гэта сумная ўсмешка: у інтэрв’ю яна шматкроць прыгадвае Кацю.

«Няправільна будзе казаць, што я яе заслужыла: я проста рабіла сваю працу, – кажа Даша. – Усе гэтыя прэміі для таго, каб гучней сказаць пра тое, што ў нас існуе праблема. Я радая гэтым прэміям, але толькі таму, каб мой голас гучаў гучней, каб гучней крычаць, што нашыя журналісты ў турме, што Каця да сёння ў турме».

Дар’я Чульцова падчас уручэння ўзнагароды Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі прысуджэння ўзнагародаў Дар’я заявіла, што павінная была стаяць на сцэне не адна.

«Маю калегу і сяброўку Кацярыну Андрэеву да гэтага часу трымае ў палоне дыктатарскі рэжым, які ўсталявалі ў маёй краіне. Мне ясна далі зразумець, што мяне выпусцілі з турмы, толькі таму, што я малады журналіст, і не паспела прычыніць ім шмат шкоды, у адрозненні ад Каці. Яна заўсёды была ў гушчы падзей. Яна заўсёды паказвала праўду і за гэта дыктатура сённяшняй Беларусі ёй помсціць. Восем гадоў. Яны палічылі, што казаць праўду каштуе менавіта столькі. Што ж, колькі б Кацярына не знаходзілася ў палоне, я ўпэўнена, што пасля, дзякуючы гэтаму досведу яна створыць нешта неверагоднае. А зараз, я буду старацца працаваць за нас абедзвюх».

Дар’я Чульцова з узнагародай фестывалю Prix Europa. Патсдам, Нямеччына. 28 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Фестываль «Prix Europa» – найвялікшы фестываль кантыненту, на якім спаборнічаюць праграмы, праекты і фільмы, зробленыя для тэлебачання, радыё і онлайну, агулам у дзевяці намінацыях. З 2017 года журы фестывалю ўвяло катэгорыю «Журналіст года». Паводле генеральнага дырэктара «Баварскага радыё» Каці Вільдэрмут, гэтаю ўзнагародаю ўшаноўваюць асобаў, якія «праяўляюць незвычайную крэатыўнасць і мужнасць, уплываючы на грамадства або аўдыторыю ў сваіх краінах, змяняючы гульню».

Ян Лісіцкі з Патсдаму

Стужка навінаў