news
Аналітыка
Прапаганда раіць ІП не рвацца па прыбытак. Якія змены чакаюць прадпрымальнікаў у Беларусі
Закон можа закрануць дзясяткі тысячаў ІП.
29.09.202310:00

Індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі чакаюць чарговыя змены, датычныя ўмоваў працы. Змяніць заканадаўства могуць ужо ў кастрычніку. Улады краіны кажуць пра неабходнасць такіх захадаў і сцявярджаюць: ІП застануцца задаволенымі. Але ў экспертнай супольнасці ды, уласна, прадпрымальнікаў такія заявы даверу не выклікаюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Змены ў дзейнасць ІП у Беларусі апошнім часам уносяцца штогод. У 2021 годзе, напрыклад, былі павышаныя стаўкі адзінага падатку. Павышалі іх і з 2022 года, адначасова скарачаючы сферу ўжывання гэтага падатку і спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП). Вялікія змены чакалі ІП і з 2023 году: са сферы адзінага падатку выкраслілі пэўныя віды дзейнасці, стаўкі адзінага падатку выраслі ў 1,5–3 разы, падаходнага – з 16 % да 20 %. Таксама для ІП адмянілі магчымасць працаваць паводле ССП. А ў Менску з 17 жніўня 2021 года агулам перасталі рэгістраваць новых ІП. «Тэхнічную памылку», якая нібы перашкаджае гэта зрабіць, не могуць выправіць ужо больш як два гады.

І вось цяпер індывідуальных прадпрымальнікаў чакаюць новыя змяненні.

Што прапануецца ўвесці і скасаваць

Пра планы ў чарговы раз змяніць умовы дзейнасці прадпрымальнікаў стала вядома ў кастрычніку 2022 года. Адбылося гэта праз некалькі дзён пасля таго, як беларускія ІП масава не выйшлі на працу праз нязгоды і неразуменне, як працаваць ва ўмовах забароны ўладаў на рост цэнаў. 31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што іпэшнікі «заўсёды нам праблемы падкідвалі», а «арыентаваць усю краіну на пажаданні вось такога бізнесу – гэта ўжо занадта». Ён адзначыў, што для ІП «настаў час працаваць празрыста». На думку аглядальнікаў, гэта азначае, што «пасля амаль поўнага вынішчэння грамадзянскай супольнасці», «ворагам становіцца індывідуальны прадпрымальнік».

Праект закону «Аб змене законаў у пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» паказалі публіцы ў красавіку 2023 года. Дакумент, сярод іншага, прапаноўваў да 1 чэрвеня перагледзець спіс відаў дзейнасці, якімі могуць займацца прадпрымальнікі. Тым, хто ўжо працуе паводле відаў дзейнасці, што не трапяць у спіс (акрамя арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў), дазвалялі завяршыць бізнес да канца 2025 года. Таксама законапраект прадугледжваў, што ІП змогуць ствараць камерцыйную арганізацыю, якая засноўваецца адной асобай. Закон мусіў набыць моц 1 ліпеня.

Hавiны
Улады знішчалі іншадумства ў краіне і ў пошуку ворагаў спынілі свой позірк на прадпрымальніках
2022.11.04 18:39

Каментуючы гэтыя прапановы старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (АМСП) Сяргей Балыкін адзначаў, што сярод беларускіх прадпрымальнікаў і так пераважаюць негатыўныя настроі. Дый агулам няпроста знайсці прыватніка, які з упэўненасцю глядзіць у будучыню, чыя справа развіваецца і мацнее. Новыя змены, паводле яго, прывядуць толькі да чарговага спынення дзейнасці.

Таксама і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Бягеба прапаноўвала накласці мараторый на два гады на скарачэнне спісу відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП, але пакінуць магчымасць аператыўна пашыраць яго пры неабходнасці. Паводле яе, пастаяннае скарачэнне відаў дзейнасці стварае сітуацыю «эканамічнай нявызначанасці для значнай колькасці асоб, якія займаюцца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю». Прызнаваў такую небяспеку і міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

Аб’ектыў
Улады дабіваюць малы бізнес?
2023.05.02 22:33

Тым не менш, гэта не перашкодзіла дэпутатам ухваліць законапраект у першым чытанні яшчэ 31 траўня. Але ані сам закон, ані спіс відаў дзейнасці не быў прынятыя ў запланаваныя тэрміны. Паколькі ад дзяржорганаў паступіла вельмі шмат прапаноў, прыняцце закону перанеслі на восень.

Чым не дазволяць займацца?

Невядома дагэтуль і тое, якія віды дзейнасці застануцца дазволенымі для ІП. Тэлеканал «Беларусь 1» у траўні заяўляў, што спіс дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў прафесіяў будзе гатовы праз два месяцы пасля прыняцця закону. З яго, заяўлялася, прапануюць прыбраць аптовы гандаль і турыстычныя паслугі.

Сам папярэдні спіс дазволеных відаў дзейнасці быў зліты ў сеціва на пачатку чэрвеня. Яго сапраўднасць пацвердзіла намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. У спіс відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП, не трапілі ў тым ліку юрыдычныя паслугі, аптовы гандаль, кур’ерская дзейнасць. Са сферы дзейнасці «інфармацыя і сувязь» хацелі пакінуць толькі камп’ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя і іншыя спадарожныя паслугі, з адукацыі – толькі «адукацыю ў галіне фізічнай культуры, спорту і адпачынку». Забараняўся і раздробны гандаль аўтамабілямі і матацыкламі.

Праца над дакументамі яшчэ працягваецца. Дэпутаты настойваюць на пакетным прыняцці законапраекту разам са спісам відаў дзейнасці.

«У любым выпадку, калі ў верасні прымаем закон, дык і ён, і спіс відаў дзейнасці набудзе моц не раней за 1 студзеня 2024 года», – сказаў 30 чэрвеня дэпутат Анатоль Насеня.

Паводле «Office Life», новы варыянт пераліку ўжо падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі. Таксама не выключаецца, што ўлады проста адмовяцца ад яго, а прадпрымальнікам дадуць нейкі тэрмін для пераходу ў юрасобы, павялічваючы падатковую нагрузку на іх. Таксама некаторыя чыноўнікі і прадстаўнікі бізнес-саюзаў лічаць «немэтазгодным» прыняцце законапраекту або прыняцце яго ў «змякчэлым выглядзе» з улікам выбараў 2024 года.

Паводле апошніх звестак, Палата прадстаўнікоў плануе прыняць законапраект у другім чытанні да канца кастрычніка. Пры гэтым не выключана, што спіс відаў дзейнасці, дазволеных для ІП, будуць разглядаць асобна ад праекту закону. Пакуль ён знаходзіцца ва ўрадзе. Больш за тое, распавёў дэпутат Насеня, цяпер у законапраекце больш не вядзецца пра «бясплатную трансфармацыю» ІП у юрыдычныя асобы – замест яе будзе «танная трансфармацыя».

«Думаю, прадпрымальнікі павінны быць задаволеныя выніковым дакументам», – сказаў дэпутат Насеня.

У сваю чаргу старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і работадаўцаў Віктар Маргелаў удакладніў, што па выніку апошніх абмеркаванняў пералік відаў дзейнасці быў пашыраны, але Мінэканомікі катэгарычна не падтрымала ўключэнне ў яго юрыдычнай дзейнасці.

Каго закране закон?

Тым часам у Беларусі працягвае скарачацца колькасць ІП. На пачатак жніўня ў Беларусі налічваліся 258,2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта на 5 % менш, чым год таму. Найбольш колькасць ІП зменшылася ў Менску, дзе іх не рэгіструюць ужо два гады, – на 7,1 %. Сярод сфераў дзейнасці паводле зніжэння колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў перамагае «інфармацыя і сувязь». Тут змяншэнне склала 14,9 % да мінулага года. У будаўніцтве спад быў 8,1 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Улады спачатку прагназавалі, што колькасць ІП пасля перагляду відаў дзейнасці скароціцца з 263 тыс. (на пачатак года) да 143,5 тыс., а колькасць іх наёмных працаўнікоў – з 64,6 тыс. да 47,1 тыс. чалавек. Праўда, пазней яны змянілі прагноз. Цяпер лічыцца, што згарнуць бізнес або перааформіцца ў юрыдычную асобу будуць вымушаныя 49 тыс. іпэшнікаў.

Лепш кантраляваць і больш сабраць падаткаў

Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна мяркуе, што, нягледзячы на ўсе затрымкі, «у любым разе да канца года нейкі дакумент усё роўна зʼявіцца».

«Мы бачым, што ідзе мэтанакіраванае жаданне, яно ў прынцыпе не хаваецца, наагул прыбраць або мінімізаваць колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі, перавесці іх або ў нейкія юрыдычныя асобы, або, калі гэта дазваляе іх род дзейнасці, у самазанятыя», – заявіла экспертка ў каментары «Белсату».

Прычыны гэтага яна бачыць у агульнай скіраванасці ўладаў «на цэнтралізацыю, на кантроль, на планавасць эканомікі». І перарэгістрацыя ІП у выглядзе юрасобаў якраз узмоцніць магчымасці іх кантролю, а таксама павялічыць падатковую нагрузку.

Акрамя таго, адзначыла Лузгіна, у сітуацыі дэфіцыту працоўнай сілы некаторыя былыя ІП, якія не здолеюць стаць ані юрасобамі, ані самазанятымі і заставацца ў дзейным статусе, будуць вымушаныя пайсці ў наёмныя работнікі, што «ў нейкай ступені недзе можа вырашыць праблему з тымі ж кадрамі».

«Галоўнае, вядома, больш кантраляваць, больш глядзець, каб усе плацілі своечасова падаткі. Такая форма прадпрымальніцтва як ІП складаная для дзяржавы. Калі вельмі шмат іпэшнікаў, гэта значыць, складана іх дзейнасць кантраляваць. Калі гэта ўжо юрыдычныя асобы, усё робіцца для дзяржавы прасцейшым», – заявіла эканамістка.

Пры гэтым, паводле яе, цяжка прадказаць, колькі індывідуальных прадпрымальнікаў захочуць стаць юрасобамі. Тым больш што з перарэгістрацыяй растуць выдаткі на бухгалтэрыю, магчыма, давядзецца дадаткова наймаць бухгалтара, а значыць, губляюцца магчымасці заробку.

«З аднаго боку цалкам магчыма, што ў нейкай ступені мы ўбачым рост мікраарганізацыяў, якія будуць плаціць большыя падаткі. Але з іншага боку – колькі мы страцім у выніку таго, што значная частка іпэшнікаў вымушаная будзе сысці ў наём?» – задалася пытаннем эканамістка.

Яна нагадала, што такая форма, як ІП, дазваляла таксама наймаць некалькіх асобаў. Для невялікіх гарадоў «такі вельмі маленькі бізнес быў выратаваннем». Дый агулам ІП – гэта пачатковы варыянт бізнесу, які можа (ці не) перарасці ў юрыдычную асобу і развівацца далей.  Новыя абмежаванні відаў дзейнасці прыбіраюць гэтую магчымасць, бо каб адкрываць юрасобу, патрэбныя «зусім іншыя навыкі, іншая кваліфікацыя».

«Груба кажучы, калі мы разглядаем ІП як стартап, калі чалавек спрабуе запусціць свой бізнес з простым і зразумелым падаткаабкладаннем, то зараз ён робіцца для шмат каго проста немагчымым», – дадала Лузгіна.

Эканамістка таксама нагадала, што ў Менску агулам два гады немагчыма зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.

«Гэта ўжо ніяк не звязана з нейкай аптымізацыяй ці нейкім заканадаўствам. Гэта проста кажа пра тое, што нам ІП не патрэбныя. Ну і, адпаведна, гэта пытанне, як далей развівацца беларускаму бізнесу. Гэта значыць, больш узнікае перашкодаў, чым нейкай карысці», – зрабіла выснову эканамістка.

Парады і тлумачэнні ад прапаганды

Тым часам прапаганда працягвае рыхтаваць грамадзянаў да чарговага абмежавання дзейнасці ІП.

«Умовы працы для індывідуальных прадпрымальнікаў змянілі і абавязкова будуць мяняць яшчэ, бо час зрабіць  іх празрыстымі для ўсіх гульцоў рынку. Ахвотныя зарабіць некаторыя бізнесоўцы наўмысна падмяняюць паняцці», – заяўляла 20 верасня вядоўца ОНТ Марыя Караман.

У спрэчцы з «некаторымі рэсурсамі» яна заяўляе, што новыя правілы не знішчаць ІП. Паводле яе, індывідуальныя прадпрымальнікі папросту стануць юрасобамі, самазанятымі ці рамеснікамі, але людзей, гатовых выпускаць прадукты ці паслугі, менш не стане. Нібыта проста стане менш «несправядлівасці». Агулам жа прапагандыскта параіла прадпрымальнікам «не рвацца па прыбытак, калі душа ляжыць да спакою і рукадзелля».

Макар Мыш belsat.eu