Без анонсу ранкам 27 кастрычніка ў гарадах па ўсёй Беларусі прадпрымальнікі і працаўнікі рынкаў не выйшлі на працу. Ці гэта арганізаваная акцыя, ці спантанны пратэст, незразумела. Але зразумела, што праблемы ў праверках і «замарозцы» цэнаў.
Першымі пра закрыццё гандлёвых павільёнаў паведаміла баранавіцкае дзяржаўнае выданне «Наш край». Паводле яго, прадпрымальнікі ў Баранавічах паставілі дзейнасць на паўзу да выразнага тлумачэння механізму «замарозкі» цэнаў.
Гэта пазней пацвердзіў незалежны «Intex-press»: баранавіцкія прадпрымальнікі растлумачылі, што з такім цэнаўтварэннем людзі будуць працаваць сабе ў мінус, а праверкі іх даканалі. Таксама яны расказалі пра чуткі, што іншыя прадпрымальнікі ў Горадні і Менску не выходзяць на працу яшчэ з 25 кастрычніка.
Затым праект Антона Матолькі «Посмотри, брехня?» стаў пытаць пра чуткі аб падобнай сітуацыі ў Лідзе і Магілёве. Прычынай нявыхаду на працу, паводле неафіцыйных звестак, была вялікая колькасць праверак і штрафаў ад падатковай.
Рынак «Паўднёвы» у Горадні. 27 кастрычніка 2022 года. Фота: чытачы / Белсат
Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» атрымаў звесткі пра закрыццё гандлёвых пунктаў у Віцебску (паводле інфармацыя ад чытачоў «Белсату» Цэнтральны рынак у Віцебску 27 кастрычніка працаваў у звычайным рэжыме) і Гомлі. Людзі пісалі, што прычынай былі праверкі, якія не давалі весці бізнес, бо «у кожнага ёсць да чаго прычапіцца», штрафы занадта вялікія, таму людзям прасцей закрыцца і шукаць іншую працу. Затым у спіс гарадоў, дзе страйкуюць прадпрымальнікі, дадаліся Маладзечна і Менск.
Пазней у TikTok зхявілася відэа пустога рынку ў Пінску. Паводле чытачоў «Белсату», у Жабінцы таксама не працуе мясцовы рынак.
Савет Міністраў 6 кастрычніка прыняў пастанову аб забароне росту цэнаў. Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў дырэктыву, якой загадаў ствараць працоўную групу, сабраць прапановы і да 20 кастрычніка прыняць замест старой пастановы ўраду новую. Але новая мала што змяніла. Цэны фактычна засталіся замарожанымі, а за невыкананне патрабаванняў сталі пачынаць крымінальныя справы.
Ранкам Савет міністраў апублікаваў яшчэ адну пастанову аб замарозцы цэнаў, але змены закранулі толькі закупкі ў беларускіх вытворцаў.
Лукашэнка тым часам склікаў нараду пра лёгкую прамысловасць і дзейнасць канцэрну «Беллегпрам» з удзелам віцэ-прэм’ера, старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю і нават кіраўніка Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
У апублікаваных відэа і тэкстах з нарады не вядзецца пра пратэст прадпрымальнікаў і «замарозку» цэнаў – размаўлялі (прынамсі, публічна) пра імпартазамяшчэнне і экспарт беларускіх тавараў у час санкцыяў. Ці размаўлялі пра іншыя аспекты эканомікі, невядома.
У 2016 годзе прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі перасталі выходзіць на працу і сталі збірацца на сходы праз указ Лукашэнкі, які рабіў іхную працу больш цяжкай. Рынкі не працавалі або працавалі з перабоямі два месяцы.
Бунт прадпрымальнікаў быў збольшага безвыніковым: улады паабяцалі выслухаць патрабаванні, выслухалі, зрабілі нязначныя саступкі, прадпрымальнікі вярнуліся на працу, а праблемы засталіся. Ды тады вялося толькі пра больш складаныя ўмовы працы, а не немагчымасць вызначаць цэны.
Алесь Наваборскі belsat.eu