Інфармацыя пра тое, што вайсковага эксперта і палітолага Андрэя Паротнікава затрымалі, пацвердзілася. На гэта звярнула ўвагу «Медиазона», спасылаючыся на анонс у тэлеграм-канале ОНТ чарговага выкрывальніцкага фільму. На кадрах відаць, як сілавікі затрымлівалі Паротнікава.
Інфармацыя пра тое, што кіраўніка аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэя Паротнікава затрымалі, з’яўлялася яшчэ ў сакавіку. Але пацвярджэння знайсці не ўдавалася. Тады паведамлялі, што эксперта затрымалі ў Маскве, пасля чаго даставілі ў Менск і змясцілі ў СІЗА КДБ.
Згодна з анонсам фільму ОНТ, які мае назву «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў», вайсковага аналітыка затрымалі пры спробе пакінуць тэрыторыю Беларусі. Пакуль невядома, што сталася падставаю для затрымання. Аднак, калі меркаваць з паказанага трэйлеру, яму выстаўляюцца абвінавачанні ледзь не ў здрадзе дзяржаве.
Фільм збіраюцца паказаць заўтра, 29 жніўня.
Андрэй Паротнікаў працаваў у Міністэрстве ўнутраных справаў, звольніўшыся з якога, пачаў займацца вайсковай аналітыкай. У верасні 2021 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў званняў былых вайскоўцаў і міліцыянтаў, сярод якіх было імя і Андрэя Паротнікава.
Раман Шавель belsat.eu