Эрдаган збіраецца прыехаць у Маскву ўжо 8 верасня


Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган збіраецца наведаць Маскву і сустрэцца з Уладзімірам Пуціным ужо 8 верасня, паведамляе выданне «Bloomberg».

Forum 0730262203
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган на саміце ў Астане, 13 кастрычніка 2022 года.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Падчас сустрэчы адным з асноўных пытанняў станецца абмеркаванне ўзнаўлення збожжавай угоды.

Пра гэта выданню паведамілі два турэцкія чыноўнікі. Згодна з іхнай інфармацыяй, пасля сустрэчы ў Расеі турэцкі прэзідэнт збіраецца адправіцца ў індыйскі Нью-Дэлі на саміт «Вялікай сямёркі».

Нагадаем: першапачаткова меркавалася, што менавіта Уладзімір Пуцін наведае Турэччыну для сустрэчы з Эрдаганам. Масква нават, згодна з паведамленнямі ў адміністрацыі турэцкага прэзідэнта, абмяркоўвала з турэцкім бокам дату і месца сустрэчы.

Аднак пазней турэцкае выданне «Yeni Şafak» адзначыла, што абмеркаванне збожжавай угоды можа адбыцца ў Маскве, куды прыляціць Рэджэп Таіп Эрдаган.

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна ў падазрэнні ў злачынствах, звязаных з гвалтоўнаю дэпартацыяй украінскіх дзяцей з тэрыторыі Украіны ў Расею. Гэта сталася прычынай адмовы расейскага прэзідэнта ад асабістага ўдзелу ў саміце BRICS 22 жніўня ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, бо яму пагражаў арышт (ПАР уваходзіць у лік краінаў, якія падпісалі Рымскі статут і павінны выконваць рашэнні Міжнароднага крымінальнага суда).

У той жа час Турэччына не падпісала Рымскага статуту, але, падобна, Уладзімір Пуцін не наважваецца наведваць і гэтую краіну.

Расейскія ўлады абвясцілі пра спыненне збожжавай угоды з 17 ліпеня 2023 года, матывуючы гэта тым, што частка дамоўленасцяў адносна РФ нібыта не была выкананая. З 18 ліпеня расейскія войскі пачалі масавана абстрэльваць украінскія парты, праз якія пастаўлялася збожжа.

Hавiны
Хто куды: Пуцін – у Турцыю ці Эрдаган – у Маскву?
2023.08.22 19:20

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў