Хто куды: Пуцін – у Турцыю ці Эрдаган – у Маскву?


Турэцкае выданне «Yeni Şafak» піша, што Рэджэп Таіп Эрдаган збіраецца наведаць Расею, каб абмеркаваць з Пуціным збожжавую ўгоду. Хаця зусім нядаўна размовы вяліся пра магчымы прыезд расейскага прэзідэнта ў Анкару. Дык дзе адбудзецца сустрэча?

Эрдаган і Пуцін.
Фота: kremlin.ru

Паводле крыніцаў «РИА Новости» ў адміністрацыі турэцкага прэзідэнта, візіт Уладзіміра Пуціна ў Турэччыну меў абмяркоўвацца на пасяджэнні турэцкага ўраду, на якім павінны быў старшыняваць Рэджэп Таіп Эрдаган. Паралельна з Масквой вялося абмеркаванне даты і месца гэтай сустрэчы.

У той жа час ТАСС паведаміла, таксама спасылаючыся на крыніцы ў Анкары, што правядзенне сустрэчы на тэрыторыі Турцыі малаверагоднае.

І вось нарэшце 22 жніўня турэцкае выданне «Yeni Şafak» напісала, што сустрэча расейскага і турэцкага прэзідэнтаў павінна адбыцца, але гэтым разам месцам сустрэчы называецца Расея. Падчас гэтай сустрэчы, як паведамляецца, мае быць абмеркаваная збожжавая ўгода, і гэты візіт будзе мець вырашальнае значэнне з гледзішча дасягнення дамоўленасцяў.

Паводле «Yeni Şafak», Турэччына лічыць новы маршрут арганізацыі транзіту збожжа без удзелу Расеі «нездаровым», а працяг збожжавай угоды без РФ – немэтазгодным.

Тэрмін збожжавай угоды скончыўся 17 ліпеня 2023 года. Пасля гэтага расейскія ўлады абвесцілі пра яе спыненне, бо частка дамоўленасцяў адносна РФ нібыта не была выкананая. Пачынаючы з 18 ліпеня войскі Расеі абстрэльваюць парты Украіны, праз якія пастаўлялася збожжа.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў