Патрыёт Беларусі, палітык і грамадскі актывіст, які не выпускаў з рук гітару і малітоўнік. Ён быў першы з беларусаў, хто загінуў на вайне Украіны і Расеі.
Берасцеец Алесь Чаркашын ваяваў на Данбасе ў складзе Правага сектару. Ён быў цяжка паранены 10 жніўня 2015 году ў баі пад вёскай Белакаменка – у яго трапілі аскепкі міны, пачалося заражэнне крыві. 28 жніўня 2015-га ён памёр у шпіталі ў Запарожжы. Чаркашыну было 33 гады.
Да вайны Алесь Чаркашын узначальваў берасцейскую філію БХД. У пачатку 2015 году ўступіў у Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус «Правага сектару», таксама быў капеланам у складзе Тактычнай групы «Беларусь».
Чаркашын быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны» – гэта недзяржаўная ўзнагарода, заснаваная ўкраінскімі валанцёрамі.
Сёння не ўсе сябры могуць прыйсці на магілу Алеся ў вёсцы Камяніца Жыравецкая каля Берасця. Вайна развязаная рэжымам Лукашэнкі супраць уласнага народу каштавала свабоды тысячам актывістаў. Павел Севярынец напісаў кнігу прысвечаную памяці Чаркашына, але прэзентаваць яе не паспеў, бо аказаўся ў турме.
«Алесь Чаркашын быў выбітным берасцейцам і сапраўдным патрыётам, змагаўся супраць акупантаў ва Украіне, ён загінуў, але памяць аб ім жыве сярод нас, сярод сяброў і паплечнікаў», – кажа ў размове з Белсатам сябра Алеся Чаркашына Андрэй Шарэнда.
Андрэй адзначае, што кожны раз 28 жніўня сябры ўзгадваюць Алеся, якім ён быў, і лічаць яго сапраўдным героем.
«Мінула шэсць гадоў, а песні яго дагэтуль актуальны. У той цемры, у якой аказалася Беларусь, яго словы гучаць, як прароцтва: не здавайся, не здавайся, Бог з табой, ты не адзін. І сапраўды мы не маем права здавацца, бо нашы героі загінулі за Беларусь», – падводзіць рысу Андрэй Шарэнда.
АЛ, belsat.eu