Улады Польшчы дапускаюць поўную ізаляцыю Беларусі праз вагнэраўцаў


Польшча не выключае, што можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю праз прысутнасць у краіне ПВК Вагнэра. Пра гэта заявіў міністр унутраных справаў і кіраўніцтва Мар’юш Каміньскі падчас брыфінгу з камандзірамі памежнай службы.

Міністр унутраных спраў і кіраўніцтва Польшчы Мар’юш Каміньскі падчас брыфінгу з камандзірамі памежнай службы.
Фота: gov.pl

Адказваючы на пытанне аб тым, ці разглядае Польшча магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю з прычыны перабывання ў краіне ПВК Вагнэра, Мар’юш Каміньскі не адмаўляў гэтага.

«Мы прадугледжваем розныя варыянты, і гэта будуць вельмі адэкватныя адказы», – сказаў кіраўнік ведамства.

Ён дадаў, што польскія ўлады трымаюць кантакт з саюзнікамі, якіх таксама закранае гэтая праблема і для якіх вагнэраўцы таксама могуць уяўляць пагрозу.

«Я не выключаю, што калі мы палічым, што гэта правільны адказ на дадзены момант, то мы даб’емся поўнай ізаляцыі Беларусі. Любая сурʼёзная правакацыя на межах Польшчы, Літвы і Латвіі будзе сустракаць супольны, цвёрды і прадуманы адказ нашых уладаў», – заявіў ён.

Міністр унутраных справаў і кіраўніцтва Польшчы Мар’юш Каміньскі з супрацоўнікамі памежнай службы.
Фота: gov.pl

Паводле інфармацыі польскага боку, у Беларусі перабываюць не менш за 1000–1200 наймітаў ПВК Вагнэра. Іх пераважная большасць размяшчаецца на палігоне ў Асіповічах Магілёўскай вобласці. Асобная група колькасцю да ўзвода ці каля некалькіх дзясяткаў чалавек застаецца ў ваколіцах Берасця.

«Мы назіраем за гэтымі людзьмі, у нас ёсць поўная яснасць, дзе яны і што збіраюцца рабіць. Мы гатовы да розных варыянтаў развіцця падзеяў. Хачу ўсіх супакоіць: мы не дазволім «зялёным чалавечкам» бегаць па мяжы», – запэўніў міністр.

Кіраўнік ведамства таксама расказаў, што вагнэраўцы, якія прыехалі ў Беларусь, не маюць цяжкой тэхнікі, а «іх вайсковае значэнне банальнае, і кожнае сучаснае натаўскае войска, якім ёсць польскае войска, можа неадкладна навесці парадак». «З іншага боку, мы маем справу з небяспечнымі, глыбока дэмаралізаванымі людзьмі. Большая частка з іх была вызваленая з турмы. Гэта злачынцы», – дадаў Марʼюш Каміньскі.

Таксама міністр закрануў праблему міграцыйнага крызісу. Паводле ягоных словаў, толькі сёлета было зроблена 17 тысяч спробаў незаконна мінуць польскую мяжу з боку Беларусі.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце таксама заявіла, што Літва ўважліва сочыць за перасоўваннем баевікоў ПВК Вагнэра і гатовая ў любы момант закрыць межы з Беларуссю і Расеяй.

Hавiны
МУС Літвы: пры неабходнасці мы ў любы момант гатовыя закрыць мяжу з Беларуссю і Расеяй
2023.07.27 20:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў