«Цягаюць гэтую труну, як дурні». У Гомельскай вобласці перадумалі хаваць забітага на вайне ва Украіне беларуса


У Гомельскай вобласці скасавалі пахаванне беларуса, які ваяваў на расейскім баку і быў забіты ва Украіне ў леташнім красавіку. Ягоны бацька пастанавіў вярнуць труну ў Расею. «Цягаюць гэтую труну, як дурні. Пахавання не будзе. Павязуць назад. Гэта спросціць атрыманне кампенсацыі», – распавяла крыніца выдання «Флагшток».

Беларус Яраслаў Асташкоў, які ваяваў ва Украіне на баку расейскай арміі.
Фота: «ВКонтакте»

Пахаванне мусіла адбыцца ў Акцябрскім – гэта малая радзіма 21-гадовага Яраслава Асташкова. Ён пераехаў у Расею, скончыўшы ў Беларусі сярэднюю школу. Паступіў у Разанскае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, пасля пайшоў кантрактнікам у расейскае войска.

Падчас расейскага ўварвання ва Украіну маладзён знік без звестак. Як паведамілі сваякам, гэта здарылася ў леташнім красавіку недалёка ад Кіева. Хлопца шукалі нават з дапамогаю онлайн-экстрасэнсаў.

Сваякі загінулага ва Украіне беларуса Яраслава Асташкова спрабавалі даведацца пра ягоны лёс у онлайн-экстрасэнсаў.
Фота: «ВКонтакте»

Ужо потым высветлілася, што насамрэч Асташкоў загінуў ля Ізюму Харкаўскай вобласці, ён згарэў у танку. Вайскоўца апазналі дзякуючы медальёну. Праз 14 месяцаў пасля гібелі парэшткі хлопца прывезлі на пахаванне ў Беларусь.

Жалобная цырымонія мусіла адбыцца напярэдадні, 27 чэрвеня, на гарадскіх могілках у Акцябрскім. Там выкапалі яму, на развітанне сабраліся людзі, але труну так і не прывезлі. Паводле крыніцы выдання «Флагшток», хаваць перадумалі сваякі:

«Цягаюць гэтую труну, як дурні. Карацей, пахавання не будзе. Павязуць назад. Думалі, думалі і перадумалі».

Беларус Яраслаў Асташкоў, які ваяваў ва Украіне на баку расейскай арміі.
Фота: «ВКонтакте»

Маці хлопца не здолела дамовіцца з бацькам, які жыве ў Расеі, пастанавіў зладзіць пахаванне там:

«На маці націснулі тым, што нібыта яго мусяць пахаваць у Расеі з ушанаваннямі і гэта спросціць атрыманне кампенсацыі».

Hавiны
Лейтэнант Ваенна-касмічных сіл РФ расказаў пра страты ў расейскім войску
2023.06.09 15:56

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў