У Хойніцкім раёне па вёсцы ўрачыста правялі русалку і выгналі яе ў жыта. Усё дзеля ўраджаю і здароўя


Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Жыхары вёскі Вялікі Бор у Хойніцкім раёне, што на Гомельшчыне, зладзілі магічны старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Забяспечыўшы гэтым ураджай, дождж і нават здароўе.

На захадзе сонца русалку – маладую, незамужняю дзеўку – упрыгожылі вянком з зёлак і галінкамі дрэваў. Супольна сплялі і вялікі вянок з галінак бярозы, клёну, ліпы і жытнёвага калосся, які разам панясуць праз усю вёску.

Удзельнікі магічных абрадаў – нашчадкі продкаў-язычнікаў – з рытуальнымі спевамі ідуць па вёсцы. На чале грамады – русалка з двума ахоўнікамі з кожнага боку, за імі група дзяўчат, якія ўрачыста нясуць агульны вянок, далей спеўны гурт.

«Правяду, правяду, русалачку да бору, русалачку да бору,

А сама, малада, пайду ў камору, пайду ў камору».

Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат
Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Працэсія рухаецца па вёсцы і абрастае новымі ўдзельнікамі – дарослымі і, натуральна, дзецьмі, для якіх абрад – запамінальнае і незвычайнае баўленне часу.

Адна з мэтаў абраду – выклікаць дождж на добры ўраджай:

«А ўсюды дажджы ідуць, а ў Вялікім Боры не бывае, толькі хмаркі наганяе.

Пойдзеце хмаркі цёмненькія, дай пойдзеце дажджы драбненькія

На маю руту зялёную, на маю руту чырвоную,

Каб мая рута была зялёна, каб мая рута была чырвона».

Удзельнікі абраду скіроўваюцца за вёску да жытнёвага поля, у якое трэба выгнаць русалку.

Русалка ва ўяўленні вяскоўцаў – з аднаго боку, увасабленне ўсялякай нечысці і пошасці, ад якой трэба пазбыцца, а з другога – магічны сродак забяспечыць добры ўраджай.

Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат
Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Ля жытнёвага поля дзяўчаты і жанчыны заводзяць карагод са спевамі вакол вогнішча.

«Правяду, правяду, русалку да грушкі, а сама, малада, пайду ў падушкі.

Правяду, правяду русалачку ў цёмны лес, а сама, малада, пайду к татку ў клець».

Русальнае вогнішча таксама мае магічны сэнс: над ім асвячаюць (надаюць магічныя ахоўныя функцыі) агульны і ўласныя вянкі, каб потым пакласці іх на свае градкі.

Супольны вянок рвуць, і кожны імкнецца адхапіць сабе цудадзейную галінку.

Русалка са сваёй аховаю бяжыць у жыта, за ёй удзельнікі, каб таксама ўхапіць галінкі з ейнага ўбрання.

Абавязковы рытуал абраду – скокі праз вогнішча, якое мае сакральны сэнс: дапамагае пазбыцца хваробаў і праблемаў, стаць здаровымі і дужымі. Таму і старыя і малыя з жартамі ды смехам скачуць праз вогнішча.

Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат
Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Абрад «Праводзіны русалкі» ў Вялікім Боры пасля выбуху на ЧАЭС знік, але праз 10 гадоў быў адроджаны намаганнямі тагачаснага дырэктара сельскага клубу і ягонай жонкі – Анатоля і Жанны Харошкаў. Некалькі гадоў спатрэбілася вяскоўцам, каб згадаць і зноўку палюбіць свой абрад.

У 2015 годзе абраду надалі статус рэспубліканскай нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Старажытны абрад «Праводзіны русалкі». Хойніцкі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Штогод на русалку прыязджае моладзь з Хойнікаў, каб узяць удзел, а аматары беларускага фальклору – з усёй Беларусі, каб паназіраць. Абрад жыве.

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў