Каму беларускія ўлады нашкодзяць выхадам з «Усходняга партнёрства»

Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве Еўразвязу «Усходняе партнёрства» і прыпыняе дзеянне дамовы аб рэадмісіі, выпраўляе кіраўніка прадстаўніцтва Еўразвязу ў Брусэль «для кансультацыяў», абяцае далейшыя санкцыі. Як моцна гэта ўдарыць па Еўразвязу і як моцна – па самой Беларусі?

Палітолаг Андрэй Ягораў. Фота: Andrei Schutt / Wikimedia / CC BY-SA 4.0

Палітычны аналітык «Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі» Андрэй Ягораў перакананы, што па Еўразвязе гэта ніяк не можа ўдарыць, бо «Беларусь не так шмат унёскаў там рабіла», а з дамовы аб рэадмісіі «Беларусь атрымлівала значна больш, чым укладвала».

«Гэта рашэнні ў стылі таго, што ў Расеі называецца «бамбіць Варонеж», – тлумачыць ён. – У Беларусі не так шмат інструментаў, каб паказаць сваю незадаволенасць сітуацыяй і штосьці зрабіць у адказ на санкцыі, якія былі ўведзеныя. Але сама сітуацыя эскалацыі, санкцыяў у адказ на санкцыі патрабуе чагосьці такога рашучага. І вось што яны могуць зрабіць: скасаваць дамову. У логіцы эфекту гэта даволі абсурднае дзеянне. Але ў логіцы развіцця агрэсіўнасці рыторыкі яно паказвае: «мы не здаемся».

Ягораў мяркуе, што Беларусь можа ўводзіць і далейшыя «контрсанкцыі», як то абмежаванне дзейнасці кампаніяў з замежным капіталам або прыпыненне транзіту для еўрапейскіх кампаніяў, бо цяпер мае месца «вар’яцкая творчая сітуацыя».

Арсень Сівіцкі, заснавальнік Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. Фота: FondGorcakova / Facebook

Дырэктар беларускага Цэнтру стратэгічных і заходнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі кажа «Белсату»: выхад з «Усходняга партнёрства» і дамовы аб рэадмісіі трэба разглядаць толькі як рэакцыю на санкцыі Еўразвязу. Пры тым Менск спрабуе выкарыстаць скасаванне дамовы аб рэадмісіі «ў якасці інструменту ціску на Еўразвяз, спекулюючы на праблемах з нелегальнай міграцыяй».

«Што датычыцца контрсанкцыяў, то Менск ужо пагражаў спыніць дзейнасць еўрапейскіх бізнесаў і ўвесці эмбарга на пастаўкі тавараў еўрапейскай вытворчасці, – разважае Сівіцкі. – Пакуль гэта рытарычныя пагрозы, але калі яны стануць рэальнымі, гэта будзе ўспрынятае Еўразвязам як чарговы крок эскалацыі з боку афіцыйнага Менску і падштурхне Брусель і ягоных заходніх хаўруснікаў да пашырэння і ўзмацнення сектаральных санкцыяў, уключна з увядзеннем пятага і шостага пакетаў санкцыйных абмежаванняў».

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, кажа «Белсату»: Аляксандр Лукашэнка кіруецца не інтарэсамі беларускай дзяржавы ці народу, а эмоцыямі і прагай адпомсціць за санкцыі, непрызнанне выбараў і рэакцыяй на прымусовую пасадку самалёта «Ryanair». Пры тым, падкрэслівае Вячорка, выхад з «Усходняга партнёрства» – «гэта не Лукашэнку вырашаць», бо «ягонае прэзідэнцтва скончылася летась».

«Удар па «Усходнім партнёрстве» – стрэл сабе ў руку, у нагу альбо нават у галаву, – сцвярджае ён. – «Усходняе партнёрства» адкрывала доступ для беларускага народу, арганізацыяў, у тым ліку дзяржаўных інстытуцыяў, да дадатковага фінансавання. На саміце «Усходняга партнёрства» Беларусь мела месца праз асобныя падінстытуты кшталту форумаў «Еўранэсту». Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці (а з іншых краінаў – парламентаў) мелі доступ да дыскусійнай пляцоўкі і дадатковых магчымасцяў супрацы».

Хоць «Усходняе партнёрства» не было ідэальным інструментам, разважае Вячорка, яно было масточкам, які дапамагаў Беларусі «трымацца ў еўрапейскай арбіце», камунікаваць з Еўразвязам і іншымі дзяржавамі праграмы.

Літаральна некалькі дзён таму каманда Ціханоўскай камунікавала з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і суседства Олівэрам Вархэем і заклікала не запрашаць Лукашэнку і Уладзіміра Макея, бо яны не маюць права прадстаўляць беларускі народ. Вячорка дапускае, што сённяшнія «контрсанкцыі» былі якраз рэакцыяй: «Раз вы не запрашаеце, мы сыходзім».

Цяпер Еўразвяз усё яшчэ зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была ва «Усходнім партнёрстве», кажа Вячорка. Еўразвяз раней уцягваў Беларусь у праграмы падтрымкі, бо яму выгадна, каб на яго межах была стабільная, прадказальная і дэмакратычная дзяржава. Але яно не зробленае для таго, каб наўпрост дэмакратызаваць краіны, а толькі каб спрыяць дэмакратычным ініцыятывам у краінах, намаганням мясцовых уладаў будаваць стабільную будучыню для свайго народу. Ды і гэта, мяркуе Вячорка, ужо не адпавядае інтарэсам Лукашэнкі, «адзіная задача якога – захаваць уладу любой цаной».

Заява пра магчымую забарону на ўезд у Беларусь еўрапейскім чыноўнікам, якія спрыялі ўвядзенню санкцыяў, – не навіна, кажа Вячорка. Яшчэ на мінулым тыдні офісу Ціханоўскай паступала інфармацыя аб тым, што многія прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ў Еўразвязе «пакуюць рэчы» – значыць, можна было чакаць адклікання еўрапейскіх прадстаўнікоў з Беларусі. Таксама Лукашэнка ўжо раней адвольна не даваў візы, не пускаў людзей, як то спецдакладчыка ААН. Ён не даў і доступу да турмаў маніторынгавым місіям і праваабаронцам, закрыў офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека.

Франак Вячорка, дарадца і кіраўнік аддзелу знешняй палітыкі ў штабе Святланы Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

«Лукашэнка ператварае Беларусь у такую вялікую «ЛНР», спадзеючыся, што гэта дазволіць яму ўтрымацца ва ўладзе даўжэй, але гэта толькі паскарае яго сыход, – разважае Вячорка. – Гэта толькі пазбаўляе яго шанцаў стаць часткай вырашэння гэтага крызісу. Ён вырашыў быць праблемай».

***

«Усходняе партнёрства» – праект Еўрапейскага звязу дзеля развіцця сувязей з еўрапейскімі краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай, запушчаны ў 2009 годзе. Ініцыятыва працуе як форум для дыскусіяў прадстаўнікоў Еўразвязу і краінаў-чальцоў. Асноўнымі ідэямі называлі прасоўванне правоў чалавека і вяршэнства права, але ва «Усходнім партнёрстве» абмяркоўвалі і спрашчэнне візавага рэжыму, і дамовы аб свабодным гандлі. Беларускія ўлады практычна спынілі ўдзел у форуме ў 2011 годзе.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны