Да нас едзе рэвізор Патрушаў


Як стала вядома дзякуючы прэс-службе РБ РФ, 29 чэрвеня ў Менск прыедзе сакратар Рады бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў. Ягоны візіт прымеркаваны да кансультацый па пытаннях бяспекі. Раней аб гэтым візіце анонсаў заўважана не было.

Сакратар Рады бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў.
Фота: scrf.gov.ru

Візіт кадра N2 у крамлёўскай іерархіі пасля нядаўняга рашэння Менску аб фактычным разрыве адносін з ЕЗ выклікае асаблівую цікавасць як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Пасля нядаўняй сустрэчы ў Жэневе прэзідэнтаў РФ і ЗША, якую рэальна рыхтаваў Патрушаў, а не Лаўроў, безумоўна, прыцягвае вялікую ўвагу назіральнікаў развіццё і стан амерыкана-расейскіх адносінаў. Як прыцягнуў увагу і апошні артыкул Патрушава ў расейскіх СМІ.

А чаканне званка ў Менск з Пекіну і зусім надае паводзінам беларускага саюзніка глабальны маштаб.

Паколькі вялізны недавер у міжнародных адносінах узнік пасля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе. Але наступаюць нейкія новыя рэаліі, якія, трэба меркаваць, паспрабуе данесці Маскоўскі госць – сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў.

Мяркуючы па пазыўным, якія прагучалі нядаўна з памежных заходніх абласцей Беларусі, у кіраўніцтве Беларусі могуць адчуваць павышаную нервовасць напярэдадні прыезду Патрушава. Хто б што не казаў, але сёння ў Крамля няма поўнага даверу да свайго беларускага хаўрусніка, які пажадаў выбраць непрадказальнасць у сваіх паводзінах. Так можна разумець некаторыя заявы заходніх і іншых палітыкаў. І гэта на фоне адсутнасці дыялогу з НАТО і ЕЗ. Што ў РФ, што ў РБ. Наступіла пааўза, якая патыхае мерцвячынай. Напярэдадні чаго?

А Патрушаў, будучы адным з ідэолагаў сучаснай дактрыны расейскай бяспекі, неаднаразова ў сваіх публічных выступах падкрэсліваў узмацненне пагрозы НАТО для Расеі. Пры гэтым, не забываючыся і на свайго беларускага хаўрусніка, якому, мабыць, спатрэбіўся рэвізор.

Раман Якаўлеўскі/АА, палітычны аглядальнік

Стужка навінаў