У судзе Берасцейскага раёну 28 траўня пракурор агучыў, якія пакаранні просіць для чацвёртай групы фігурантаў «карагоднай справы». Працэс вядзе ўжо вядомы разглядам палітычных справаў суддзя Сяргей Маручак.
Гэтым разам разглядаюць справы 12 асобаў, тры з іх ужо прызнаныя палітычнымі вязнямі.
Для самага вядомага ў гэтым тузіне – 59-гадовага пчаляра, паэта Мікола Папека, запрасілі 2 гады «хіміі», як і для сына і бацькі – Арсенія і Яўгена Сінякоў. 19-гадовы Арсеній прызнаны палітычным вязнем і з 9 лютага застаецца ў СІЗА № 7.
Пад вартай знаходзяцца 46-гадовы Раман Яхін, для яго папрасілі 2 гады «хатняй хіміі», і 34-гадовая Вольга Глушэнь, для запрасілі 1,5 гады «хатняй хіміі».
Для мужа і жонкі Андрэя і Паліны Ляшко запрасілі паўтары гады, толькі калі для цяжарнай Паліны – «хатняй хіміі», а для Андрэя – з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
Астатнім фігурантам гэтай справы прапануюць прызначаць паўтары гады «хатняй справы», а гэта Раман Дземідовіч, Марына Дарашук, Вікторыя Каральчук, Алеся Крамчаніна, Святлана Марчук.
Пакуль у «карагоднай справе» засуджаныя 32 асобы, яны атрымалі ад года «хатняй хіміі» да года і васьмі месяцаў калоніі. Дасюль справу разглядалі суды Ленінскага і Маскоўскага раёнаў: падзеі, праз якія вінавацяць людзей, адбываліся на мяжы гэтых раёнаў Берасця. У судзе Маскоўскага раёну цяпер судзяць ужо пятую групу па гэтай справе.
Цяпер жа працэс адбудзецца ў судзе Берасцейскага раёну, які фармальна не мае ніякага дачынення да гэтай справы.
13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.
АС belsat.eu