Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў пра мір. Чаму?


Сёння падчас наведвання Веткаўскага раёну Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў закранаў тэму міру і паабяцаў жыхарам Веткаўшчыны, што вайны не будзе, а таксама сказаў, што ніхто на Беларусь не збіраецца нападаць. Спыталі ў экспертаў, што могуць абазначаць гэтыя словы.

Лукашэнка гуляе на страхах людзей

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка лічыць, што «ўвесь наш рэгіён, і Беларусь у тым ліку, ужо фактычна з лютага мінулага года жыве ў кантэксце вайны».

Сярод людзей з любымі палітычнымі поглядамі, гаворыць эксперт, ёсць страхі, каб вайна так ці іначай не перакінулася на Беларусь. Ёсць прычыны баяцца вайны ў тым ліку і ў прадстаўнікоў лукашэнкаўскага электарату, якія не надта ведаюць пра ролю Беларусі як саўдзельніцы ў агрэсіі.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Веткаўскага раёну на Гомельшчыне шмат казаў пра мір. 28 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Пры гэтым, гаворыць Вадзім Мажэйка, сацыялогія ўвесь час фіксуе, што беларусы ў пераважнай большасці выступаюць за нейтралітэт і ніякім чынам не хочуць удзельнічаць у вайне ні на адным з бакоў. «Стратэгічна гэта зразумела – гэта не наша вайна, у нас увогуле цяжка знайсці хоць нейкі рэзон ваяваць. І таму сапраўды сярод беларусаў вайна непапулярная», – кажа наш суразмоўца.

Зыходзячы з вышэй названых прычынаў, зусім не дзіва, адзначае аналітык, што Лукашэнка гуляе на гэтых страхах. Роўна як гуляе на гэтым і «ўся дзяржаўная прапаганда, якая ў адрозненне ад прапаганды расейскай, досыць мілітарызаванай, наадварот, спрабуе ад гэтага максімальна ўхіляцца». Яна ўсяляк замоўчвае саўдзел Лукашэнкі ў вайне і робіць акцэнты на гуманітарных справах: маўляў, мы міратворцы, дапамагаем украінскім бежанцам.

Таму заявы Лукашэнкі, гаворыць Вадзім Мажэйка, пра мір і пра тое, што вайны не будзе, не выглядаюць нечым дзіўным. Тая ж сацыялогія, у прыватнасці апытанні Chatham House, паказвае, што падтрымка Лукашэнкі цягам года падрасла, гэта так званая «кансалідацыя вакол сцяга падчас вайны». «Таму Лукашэнка зацікаўлены і надалей прадстаўляць з сябе такога лідара-міратворца, вакол якога трэба гуртавацца, каб быў мір і не было вайны», – адзначыў эксперт.

Роля міратворца ў чарговы раз

«Лукашэнка цудоўна ведае, – кажа Вадзім Мажэйка, – што вобраз міратворца падчас вайны Расеі ва Украіне – гэта тое, што ў 2014–2015 гадах дапамагло яму выйсці з-пад санкцый», калі фактычна ўсе забылі пра ягоныя ўласныя ўчынкі ўнутры краіны.

З самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Лукашэнка спрабаваў зноў увайсці ў звыклую для сябе ролю. Бо мы памятаем, што расейска-ўкраінскія перамовы пачыналіся акурат у Беларусі. Тым не менш, адзначае аналітык, пазней яны перамясціліся ў Турцыю, і гэта таксама сігналізуе не толькі пра тое, што ў адну раку немагчыма ўвайсці двойчы, але і пра тое, што на гэты раз Лукашэнка ніякі не нейтральны бок, а суагрэсар, хаўруснік Расеі, а значыць, ні на якую ролю міратворца прэтэндаваць не можа.

Логіка аўтарытарыяў

Супярэчнасці ў тым, што, з аднаго боку, Лукашэнка гаворыць пра тое, што вакол ворагі, а з другога – што вайны не будзе, Вадзім Мажэйка не бачыць.

«У ягоным свеце ўсё лагічна, – кажа наш суразмоўца. – З аднаго боку, гэта агульная рыса ўсіх аўтарытарыяў: яны ўвесь час мусяць ствараць вобраз нейкай знешняй пагрозы… карціну варожага знешняга свету». І роля лідара, які абараняе мір у краіне, мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі звонку нехта пагражае.

«Бо калі нам ніхто не пагражае, – працягвае аналітык, – то навошта тады быць разам з моцным лідарам, які нас абароніць?» Адсюль і з’яўляецца рыторыка Лукашэнкі пра тое, што «звонку пагрозы, і на нас ледзь не заўтра нападуць, але дзякуючы мне мы захаваем мір», – падсумоўвае наш суразмоўца.

Раздваенне палітычнай свядомасці

Палітычны аналітык @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі бачыць у выказваннях Лукашэнкі пра мір прыкметы «раздваення палітычнай свядомасці».

Беларускі кіраўнік адначасна «хоча выглядаць і мілітарыстам, і гарантам міру». Першага ад яго, на думку эксперта, патрабуе Крэмль. «Адсюль уся антызаходняя рыторыка, муштра, бясконцыя манеўры і праверкі мабілізацыйнай гатоўнасці, а таксама расповеды пра тое, што вакол ворагі, якія рыхтуюцца на нас напасці».

А з іншага боку, кажа эксперт, Лукашэнка разумее, што гэтая рыторыка непапулярная ў беларускім грамадстве, што ваяваць супраць Украіны беларусы не хочуць. І таму ён пераабуваецца ў палёце. Так, выехаўшы на Гомельшчыну, ён хоча выглядаць перад насельніцтвам гарантам міру.

«Пры гэтым ён малюе такую фальшывую альтэрнатыву: давайце працуйце лепей, і тады я вас не пашлю на вайну. Гэта для яго лішняя нагода прымусіць людзей проста працаваць і маўчаць. Маўляў, вакол такія пагрозы і не тая сітуацыя, каб вы яшчэ нейкія правы ўспаміналі», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Але, на думку эксперта, гэтая альтэрнатыва фальшывая, бо сёння не Лукашэнка ўжо вырашае, пасылаць беларусаў на вайну ці не.

«Зразумела, што гэта будзе вырашаць Крэмль. Калі Пуцін палічыць, што ўжо надышоў час скарыстаць беларускае гарматнае мяса, дык тады Лукашэнка, хутчэй, нікуды не дзенецца і будзе вымушаны сапраўды правесці гэтую мабілізацыю і кінуць у пекла і беларускіх салдат», – адзначыў наш суразмоўца.

Спроба праслізнуць паміж кропелькамі

Паводле словаў Аляксандра Класкоўскага, «Лукашэнка прывык мысліць сённяшнім днём і гаварыць тое, што падабаецца канкрэтнай аўдыторыі».

Разлік Лукашэнкі, як заўжды, «а раптам неяк пашэнціць і ўдасца чарговы раз праслізнуць паміж кропелькамі». Таму, на думку эксперта, ён малюе сябе чалавекам, які нібыта валодае сітуацыяй у пытанні вайны і міру, хоць гэта зусім не так.

І нарэшце, Аляксандр Класкоўскі прыгадвае такі чыннік, як чаканне ўкраінскага контрнаступу. На яго думку, Лукашэнка пралічвае варыянт, пры якім гэты наступ будзе для ўкраінцаў паспяховым і Расеі будзе нанесены моцны ўдар. На гэты выпадак ён думае, як бы «адскочыць» ад Крамля, і таму чарговы раз ускосна дасылае месэдж Захаду, што ён міратворац.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў