28 красавіка ў апошні дзень венскага візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з Міністрам замежных справаў Аўстрыі і канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам, перадае карэспандэнт «Белсату» з Вены.
28 красавіка ў апошні дзень венскага візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам і Александэрам Шаленбэргам, Міністрам еўрапейскіх і міжнародных справаў. Бакі абмяркоўвалі механізмы ўплыву на Лукашэнку і варыянты пераканання яго да перамоваў з новай беларускай апазіцыяй і правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў.
Хаця і без канкрэтыкі, але аўстрыйскі бок і каманда Ціханоўскай кажуць, што выкарыстоўваюць медыяцыйны патэнцыял Аўстрыі. Таксама плануюць зладзіць міжнародную канферэнцыю, запрасіць у тым ліку еўрапейскія краіны, Расею, «адкрыць форум для ўсіх».
На прэсавай канферэнцыі Святлана Ціханоўская запэўніла, што верыць у тое, што новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўвосень. Аўстрыйскі бок таксама хутчэй з’яўляецца пасярэднікам у дачыненнях з Расеяй, але афіцыйна пра гэта не кажуць.
Каманда Ціханоўскай правяла шмат непублічных сустрэчаў, змест і нават удзельнікі якіх не раскрываюцца, але вядома, што гэта ў тым ліку аўстрыйскі бізнес, з якім абмяркоўвалі, як узмацняць ціск на афіцыйны Менск.
Цягам візіту Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю на працягу трох дзён адбываліся сустрэчы з місіямі АБСЕ, Сусветнага банку, ЗША, якія таксама маюць выканаць функцыю медыятара, калі атрымаецца змусіць афіцыйны Менск да перамоваў.
Прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай з Аўстрыі накіраваліся з візітам у Італію.
ТР belsat.eu