Палац у Жалудку зноў паспрабуюць прадаць на гандляваннях


Палац у Жалудку.
Фота: skyscrapercity

Палацава-паркавы ансамбль Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку выставяць на гандляванні, паведаміў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік.

Гэтую гістарычную каштоўнасць ужо набывалі раней. У 2014 годзе за 90 000 долараў гаспадарамі палацу стала сям’я з Масквы.

«На жаль, у 2015–2018 гг. падчас праверкі пракуратурай раёну выканання заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны было выяўлена, што тэхнічны стан комплексу нездавальняючы, а ўласнік аб’екту не прадпрымае належных мераў для захавання гістарычна-культурнай каштоўнасці і гарантавання бяспекі грамадзянаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі абʼекту», – піша Каранік.

10 лістапада 2020 года на рашэнне суда Шчучынскага раёну палац быў выняты ва ўласніка.

«У цяперашні час, з мэтай выканання пастановы суда, плануецца ацэнка комплексу былога палацу і яго наступнае выстаўленне на публічныя гандляванні», – паведамляе старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму.

Палацава-паркавы ансамбль у Жалудку ёсць гістарычна-культурнай каштоўнасцю і складаецца з палацу, флігеля, кузні, гаспадарчых пабудоваў і рэштак былога парку. Палац пабудавалі ў 1908 годзе ў стылістыцы неабарока, паводле праекту польска-італьянскага архітэктара Уладзіслава Марконі.

Да 1939 года палац быў сямейным маёнткам Святаполк-Чацвярцінскіх. Падчас Другой сусветнай вайны там месціўся нямецкі вайсковы шпіталь, на пачатку 1960-х палац перадалі вайсковай частцы, а ў 1992 годзе комплекс перадалі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў