Менчукоў арыштавалі за свечку і лампадку


27 красавіка ў Ленінскім судзе Менску суддзі Юлія Шут і Юлія Інчына пакаралі дваіх чалавек арыштам на 15 содняў за жаданне паставіць свечку і лампадку ў памяць катастрофы на ЧАЭС, паведамляе «Вясна».

Юрыя Ланкевіча і Анастасію Вайтовіч затрымалі ўвечары 26 красавіка на плошчы Свабоды. У РУУСе на іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам «выкрыквання правакацыйных лозунгаў каля праезнай часткі» (арт. 24.23 КаАП).

Паводле Анастасіі, яна прыйшла да касцёлу на плошчы Свабоды, каб паставіць свечку. Касцёл ужо быў зачынены, таму спадарыня пастаяла некалькі хвілінаў і збіралася сыходзіць. Але ў гэты момант да яе падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў паказаць дакументы, пасля чаго ёй «прапанавалі» праехаць у РУУС.

Суддзя Юлія Шут палічыла жаданне паставіць свечку несанкцыянаванай акцыяй і арыштавала Анастасію на 15 содняў.

Навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Юрый Ланкевіч атрымаў такі ж прысуд ад суддзі Інчынай.

Па словах спадара, ён паліў на прыпынку на плошчы Свабоды, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паказаць заплечнік, у якім знайшлі лампадку. Гэта стала нагодаю яго затрымаць.

У размове з суддзёй Ланкевіч патлумачыў, што ён – каталік, ішоў у Чырвоны касцёл, каб паставіць лампадку ў памяць ахвяраў аварыі на ЧАЭС.

Суддзя Юлія Інчына пастанавіла арыштаваць Юрыя на 15 содняў.

У канцы Юрый звярнуўся да сведкі-міліцыянта:

«Вы разумееце, сведка, што сваімі паказаннямі вы ставіце пад пагрозу маю працу ў Акадэміі навук, перадбарону і абарону кандыдацкай? Справа цяпер не ў 15 сутках, вы гэта разумееце?»

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў