«Новая газета» спыніла дзейнасць да канца вайны. У Расеі амаль не засталося незалежных медыяў


Яшчэ адзін незалежны сродак масавай інфармацыі, які аб’ектыўна асвятляў падзеі ва Украіне, спыніў працу.

Рашэнне было прынятае пасля таго, як «Раскамнагляд» вынес рэдакцыі і заснавальніку выдання другое пісьмовае папярэджанне за згадванне НКА – «замежнага агента» без маркіроўкі. Аднак у якой публікацыі не было маркіроўкі, «Раскамнагляд» не ўдакладніў. Першае папярэджанне «Новая газета» атрымала 22 сакавіка, яно таксама было звязанае з адсутнасцю маркіроўкі НКА – «замежнага агента» ў адным з матэрыялаў. А два папярэджанні «Раскамнагляду» за год пагражаюць адкліканнем ліцэнзіі.

Рэдакцыя «Новой газеты» аб’явіла, што прыпыняе сваю працу ў сетках і на паперы да заканчэння вайны.

Скрыншот: novayagazeta.ru

У пачатку сакавіка рэдакцыя паведаміла, што праз пагрозы крымінальнага пераследу ёй давялося выдаліць матэрыялы аб баявых дзеяннях ва Украіне і спыніць стужку навінаў, але 16 сакавіка аб’явіла аб аднаўленні працы службы навінаў «у цісках ваеннай цэнзуры». Аднак неўзабаве падпісчыкі газеты сталі атрымліваць запіскі ад паштароў аб канфіскацыі накладу як экстрэмісцкага. 25 сакавіка «Пошта Расеі» закрыла падпіску на папяровую версію выдання.

Калаж: Белсат, Новая газета

Да сённяшняга дня «Новая газета» працягвала існаваць у Расеі ва ўмовах ваеннай цэнзуры, замяняла слова «вайна», але публікавала рэпартажы з украінскіх гарадоў, у якіх ідуць баявыя дзеянні.

У сувязі з прыпыненнем выдання газеты лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і галоўны рэдактар ​​«Новой газеты» Дзмітрый Муратаў праз былога галоўнага рэдактара «Эха Москвы» Аляксея Венядзіктава апублікаваў зварот да чытачоў:

«Мы з вамі пратрымаліся 34 дні ва ўмовах «спецыяльнай аперацыі», ва ўмовах ваеннай цэнзуры. І мы працавалі. У месцах правядзення баявых дзеянняў, у прымежных раёнах. Мы ацэньвалі страты і разбурэнні. Спрабавалі зразумець – як наш народ дапусціў адразу дзве вайны: ва Украіне захопніцкую, а ў Расеі, у нас дома, амаль грамадзянскую… Мы разам перажылі самыя трагічныя дні ў нашай гісторыі. Бясследна гэта прайсці не магло».

У нядаўнім інтэрв’ю журналістцы Кацярыне Гардзеевай Дзмітрый Муратаў сказаў, што закрыццё газеты – пытанне часу.

Днямі Муратаў выставіць на аўкцыён свой Нобэлеўскі медаль з мэтай выручыць сродкі на дапамогу ўкраінскім уцекачам.

Галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў.
Фота: ТАСС

Пасля пачатку вайны расейскія ўлады заблакавалі сайты мноства незалежных расейскіх і замежных выданняў, у тым ліку радыё «Свобода», расейскай службы BBC, DW, «Медузы» і гэтак далей. Тэлеканал «Дождж» пасля блакавання абвясціў аб прыпыненні працы, радыё «Эхо Москвы» і яго сайт зліквідавалі.

Супраць некалькіх журналістаў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы на падставе новага закону аб так званых фэйках пра дзеянні расейскага войска.

АД belsat.eu

Стужка навінаў