Грошы і зброя. Якую дапамогу і ў якім аб’ёме Украіна атрымлівае ад Захаду


Захад не хоча ўвязвацца ва ўзброены канфлікт з Расеяй, але з самога пачатку поўнамаштабнага ўварвання пастаўляе Украіне зброю, дапамагае фінансава і гуманітарна. Belsat.eu разбіраўся, што канкрэтна атрымлівае Украіна ад сусветнай супольнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ў Запарожжы. 11 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Anadolu Agency/ ABACAPRESS.COM / East News

Пастаўкі зброі: геаграфія вялікая, удзел – нераўнамерны

Ужо ў першыя дні расейскага ўварвання ЗША, Еўразвяз і кіраўніцтва NATO ухвалілі вайсковыя пастаўкі ва Украіну.

25 лютага генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што чальцы альянсу маюць намер дапамагаць Украіне зброяй.

26 лютага прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выдаў мемарандум, якія надзяляе дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена паўнамоцтвамі на перадачу Украіне неадкладнай вайсковай дапамогі на $ 600 мільёнаў. У сярэдзіне сакавіка з’явілася інфармацыя, што агульная дапамога складзе больш за $ 1 мільярд.

1 сакавіка Рада ЕЗ пастанавіла прафінансаваць перадачу Украіне лятальнай зброі і боепрыпасаў на 500 мільёнаў. Зброю будзе пастаўляць не сам Еўразвяз (у ЕЗ як арганізацыі проста няма зброі), а асобныя еўрапейскія краіны. Але рашэнне Рады ЕЗ прадугледжвае, што аплочваць выдаткі будзе Брусель.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

Пасля пачатку расейскага ўварвання самую першую партыю ўзбраення Украіна атрымала ад Польшчы: 25 лютага палякі перадалі ўкраінцам 100 мінамётаў, тысячы боепрыпасаў да мінамётаў і гарматаў, а таксама 8 дронаў. Акрамя таго, Варшава паабяцала перадаць украінскім вайскоўцам партыю ПЗРК «Piorun» і аўтаматы «Grot» (лёс гэтых паставак пакуль невядомы).

Ужо 2 сакавіка міністр замежных справаў Дмытро Кулэба заявіў, што Украіна атрымлівае зброю ад 19 дзяржаваў свету. Украіна і большасць яе партнёраў інфармацыю пра аб’ём з палітычных і ваенных меркаванняў стараюцца не распаўсюджваць.

Разам з тым у публічнай прасторы за месяц вайны з’явілася інфармацыя пра пастаўкі зброі, тэхнікі і вайсковага рыштунку (ці прынамсі пра намер ажыццявіць такія пастаўкі) з боку ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Турэччыны, Нідэрландаў, Бельгіі, Славаччыны, Нямеччыны, Даніі, Швецыі, Іспаніі, Італіі, Грэцыі, Чэхіі.

Доўгі спіс дзяржаваў, якія падтрымалі Украіну, не мусіць уводзіць у зман: часам можа весціся пра нязначную або нават сімвалічную дапамогу. Напрыклад, Грэцыя накіравала ва Украіну два транспартавыя самалёты з гуманітарнаю дапамогай і абаронным абсталяваннем. Што гэта за абсталяванне, не ўдакладнялася, але пра лятальную зброю там дакладна гаворкі не было.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Львоў, Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Alejandro Martinez / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Пазіцыі краінаў адносна паставак зброі пры гэтым могуць мяняцца. Нямеччына спачатку катэгарычна адмаўляўся пастаўляць лятальную зброю. Аднак пад уплывам міжнароднай сітуацыі пазіцыя Берліну пачала змяняцца. Яшчэ 25 лютага ішлося толькі пра накіраванне ва Украіну 5 тысячаў вайсковых шаломаў, а ўжо ўвечары 26 лютага канцлер Оляф Шольц дазволіў краінаў-саюзнікам перадаваць украінцам нямецкую зброю. Нідэрланды адразу накіравалі ўкраінцам 400 нямецкіх рэактыўных гранатамётаў, Эстонія – 9 гаўбіц Д-30 і боепрыпасы да іх. Неўзабаве было прынятае рашэнне і аб простых пастаўках: ужо 2 сакавіка Украіна атрымала 1000 ручных супрацьтанкавых гранатамётаў «Panzerfaust» і 500 ПЗРК «Stinger». 26 сакавіка з Нямеччыны ва Украіну прыбыло 1500 зенітных ракетаў «Страла», 100 кулямётаў MG3 і 8 мільёнаў патронаў.

Стаўка на «Javelin» і «Stinger»

Украіна атрымлівае ад сваіх партнёраў стралковую зброю, мінамёты, гранатамёты і ручныя гранаты, снарады і патроны, паліва, бронекамізэлькі, шаломы, прыборы начнога бачання ды іншую вайсковую прадукцыю. Але найбольшае значэнне для Украіны мае супрацьтанкавая зброя і пераносныя зенітна-ракетныя комплексы, бо гэта дазваляе нівеляваць перавагу расейскага боку ў браняванай тэхніцы ды авіяцыі. Мяркуючы па інфармацыі з адкрытых крыніцаў, значную долю ў аб’ёмах заходніх паставак займае менавіта гэтая вайсковая прадукцыя.

Яшчэ да пачатку вайны, цягам студзеня – лютага, шэраг краінаў NATO пачалі пастаўляць Украіне пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Stinger», амерыканскія супрацьтанкавыя ракеты «Javelin» і брытанскія NLAW.

«Javelin» і NLAW – сучасная супрацьтанкавая зброя, вельмі эфектыўная ў барацьбе з танкамі. Некаторыя эксперты мяркуюць, што наяўнасць заходняй супрацьтанкавай зброі стала адным з ключавых фактараў краху пуцінскага бліцкрыгу і вялікіх стратаў расейскай арміі на першым этапе вайны. Расейскія танкі, нават самых сучасных мадыфікацыяў, аказаліся вельмі ўразлівымі супраць «Javelin» і NLAW. Важную ролю адыгралі і «Стынгеры»: яны выкарыстоўваюцца для паражэння нізкіх паветраных цэляў (самалётаў, верталётаў, БПЛА) і не дазваляюць расейцам цалкам дамінаваць у паветры непасрэдна над полем бою.

Паводле CNN, ужо на дзень 7 сакавіка ЗША ды іншыя краіны NATO накіравалі ва Украіну каля 17 тысячаў супрацьтанкавых ракетаў і 2000 зенітных. Лічба, на першы погляд, вялікая, але і расход такога ўзбраення ва ўмовах інтэнсіўных баёў вельмі высокі. Як паведамляюць медыі, украінскі бок праінфармаваў ЗША, што ім трэба 500 «Джэвэлінаў» і 500 «Стынгераў» штодзень.

Таксама Украіна просіць пастаўляць значна больш снарадаў для цяжкой артылерыі.

Дроны-камікадзэ – чакаюцца, пастаўкі знішчальнікаў – заблакаваныя

16 сакавіка Джо Байдэн паведаміў, што Кіеў дадаткова атрымае 800 зенітна-ракетных комплексаў «Stinger», 2 тысячы «Javelin» і яшчэ 7 тысячаў супрацьброневых сістэмаў, а таксама 100 беспілотнікаў, 100 гранатамётаў, 5000 вінтовак, 400 кулямётаў і 1000 пісталетаў. Яшчэ Украіна атрымае больш за 20 мільёнаў патронаў для стралковай зброі, снарадаў для гранатамётаў і мінамётаў, 25 000 камплектаў бронекамізэлек і 25 000 шлемаў. Пастаўкі гэтай партыі вайсковай прадукцыі пачаліся на мінулым тыдні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шараговы арміі ЗША запускае мініяцюрную паветрана-ракетную сістэму «Switchblade 300» падчас дэманстрацыі на палігоне Графэнвёр, Нямеччына. 6 красавіка 2018 года.
Фота: Sgt. Gregory T. Summers/Us Army / Zuma Press / Forum

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўкраінцы ўпершыню атрымаюць амерыканскія баявыя беспілотнікі. Паводле медыяў, гаворка пра так званыя дроны-камікадзэ «Switchblade» – кіраваныя саманаводныя ракеты, якія могуць знішчаць варожыя цэлі з адлегласці на дзясяткі кіламетраў. У параўнанні з іншымі дронамі, яны вельмі танныя, а дзякуючы малым габарытам, высокай хуткасці і бясшумнаму палёту практычна непаражальныя. Раней ЗША перадавалі такую высокадакладную зброю толькі брытанцам.

Новыя для ўкраінцаў віды ўзбраення прапанаваў і Лондан. У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі 27 сакавіка заявілі, што ўжо перадалі Кіеву пераносны зенітна-ракетны комплекс «Starstreak» (колькі, не паведамляюць). Гэты ЗРК прызначаны для знішчэння варожай авіяцыі на нізкай вышыні, узбраенне дазваляе збіваць аб’екты на адлегласці да 5 кіламетраў.

Пры гэтым Захад пакуль блакуе пастаўкі цяжкой тэхнікі для Украіны – у прыватнасці, самалётаў і танкаў. Напрыклад, паводле інфармацыі «The Wall Street Journal», у першай палове сакавіка Джо Байдэн асабіста ветаваў пастаўку ва Украіну польскіх знішчальнікаў МіГ-29, не жадаючы справакаваць Уладзіміра Пуціна на эскалацыю канфлікту (спачатку планавалі, што замест МіГ-29 Польшчы перададуць на ўзбраенне амерыканскія самалёты F-16). Таксама ў сакавіку стала вядома, што Украіна не атрымае знішчальнікаў ад Славаччыны і Балгарыі, хаця такія захады анансаваліся ў першыя дні канфлікту.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Украіна цяпер мае вострую патрэбу ў стацыянарных сродках супрацьпаветранай абароны. Абмяркоўваюць магчымасць паставак зенітна-ракетных комплексаў С-300 і «Страла-10М» ва Украіну са Славаччыны (узамен Славаччына можа атрымаць амерыканскія ЗРК «Patriot»). Аднак пакуль гэтае пытанне застаецца не развязаным. Медыі таксама паведамляюць, што абмяркоўваецца магчымасць перадачы Турэччынай ЗРК С-400, але афіцыйных пацвярджэнняў гэтаму няма.

Турэччына тым часам працягвае пастаўляць ва Украіну свае сучасныя беспілотнікі «Байрактары». Да пачатку вялікай вайны з Расеяй украінцы ўжо мелі каля 50 такіх апаратаў. У сакавіку ўкраінскія ўлады абвесцілі, што атрымалі новую партыю «Байрактараў» для ЗСУ, але колькасці апаратаў не называлі. Турэцкае кіраўніцтва ў сваю чаргу сітуацыю не каментавала.

Фінансавая дапамога: простая і ўскосная

16 сакавіка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект, які прадугледжвае вылучэнне $ 13,6 мільярда на вайсковую, эканамічную і гуманітарную дапамогу Украіне. Амерыканскі лідар назваў гэтае рашэнне гістарычным.

Сума дапамогі сапраўды вялізарная, аднак асаблівасць сітуацыі заключаецца ў тым, што падтрыманне ў асноўным будзе ўскосным. Часопіс «Фокус» адзначае, што насамрэч Украіна атрымае менш за палову ад гэтай сумы. Большасць артыкулаў дакументу прадугледжвае дапамогу краінам ЕЗ і розным ведамствам самых Злучаных Штатаў у межах пераадолення выкліканага вайною гуманітарнага крызісу і ўмацавання ўласнай абароны ва ўмовах расейскай пагрозы. У тым ліку дакумент прадугледжвае вылучэнне $ 3,5 мільярда на папаўненне запасаў узбраення ды рыштунку ў ЗША і ЕЗ, у тым ліку замест адпраўленага ва Украіну.

Канкрэтна для Украіны ў запланаванай дапамозе прадугледжаны сродкі на падтрыманне аграрнай вытворчасці, сінхранізацыю ўкраінскай энергасістэмы з еўрапейскай, а таксама на гуманітарную дапамогу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналіст ходзіць сярод разбурэнняў пасля нападу расейскіх вайскоўцаў. Бышаў, Украіна. 27 сакавіка 2022 года.
Фота: Rodrigo Abd / APTOPIX / Associated Press/ East News

Што датычыць «жывых грошай», то міністр фінансаў Украіны Сяргей Марчанка ў інтэрв’ю LB.ua паведаміў: на дзень 28 сакавіка ў дзяржаўны бюджэт ужо паступілі больш за $ 3 мільярды заходняй дапамогі.

У прыватнасці, ад МВФ праз механізм хуткай фінансавай дапамогі «Rapid Financing Instrument» Украіна атрымала $ 1,4 мільярда. Еўразвяз у межах праграмы макрафінансавай дапамогі перадаў Украіне 600 мільёнаў . Яшчэ € 312 мільёнаў у межах праграмы «Development policy loan» накіраваў украінцам Сусветны банк. Еўрапейскі інвестыцыйны банк перавёў Кіеву € 400 мільёнаў. Яшчэ каля € 360 мільёнаў Украіна атрымала ад еўрапейскіх краінаў у выглядзе грантаў.

Агулам, як заявіў Марчанка, Украіна мае намер прыцягнуць замежнае фінансаванне на суму $ 6 мільярдаў. Дарэчы, гэта не толькі дапамога ад ЗША, ЕЗ і заходніх фінансавых установаў. У тым ліку крэдыт на суму $ 100 мільёнаў афіцыйны Кіеў можа атрымаць ад Японіі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў