Сёння, 28 сакавіка, у каталікоў Вербніца. Гэта вялікае свята падчас Вялікага посту – з гэтага дня пачынаецца Вялікі тыдзень перад Вялікаднем.
У Вербную, або Пальмавую нядзелю ўспамінаюць сюжэт пра ўезд Ісуса ў Іерусалім. Паводле каталіцкай традыцыі, у гэты дзень ладзяцца тэатралізаваныя паказы на біблейскую тэму.
Згодна з евангельскім пісаннем, уваход Гасподні ў Іерусалім – адна з галоўных падзеяў апошніх дзён зямнога жыцця Хрыста: на наступным тыдні яму здрадзяць, ўкрыжуюць, а потым здзейсніцца цуд – уваскрашэнне Збаўцы з мёртвых.
У Вербную нядзелю адбываюцца службы ў касцёлах, вернікі прыходзяць асвячаць вярбовыя галінкі. Сёлета, як і год таму, дзеяць супрацьэпідэмічныя нормы: прыхаджане павінны быць у масках, прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі, перад уваходам у святыню апрацоўваць рукі антысептыкам. У касцёлах на ўваходзе паставілі адмысловыя дазатары.
Самы строгі пост у каталікоў – на гэтым тыдні. У пятніцу можна есці хлеб і піць ваду, але гэта пастанаўляе вернік.
Шмат якія касцёлы будуць трансляваць службу на вуліцу, каб мінімізаваць рызыку заражэння. Галінкі вярбы будуць асвячацца і ў касцёле, і на звонку. Таксама будзе онлайн-трансляцыя, каб людзі маглі ўзяць удзел з дому.
Пасля наведання набажэнства і асвячэння галінак вернікі нясуць іх дамоў і захоўваюць да наступнага Вялікага посту. У каталікоў існуе традыцыя спальваць асвячоныя летась галінкі перад Вялікім постам. Попел прызначаецца на службу ў Папяльцовую сераду.
МГМ, belsat.eu