news
Агляд
Закрытыя памежныя пераходы і шматдзетныя «дармаеды». Што чакае беларусаў у сакавіку
Адкрыюцца новыя маршруты ў Расею і арабскія краіны, але закрыюцца памежныя пункты пропуску з Літвой.
29.02.202407:00

У сакавіку беларусаў чакаюць новаўвядзенні ў працы грашовых пераводаў і выдачы правоў кіроўцаў. Адкрыюцца новыя маршруты ў Расею і арабскія краіны, але пры гэтым закрыюцца памежныя пункты пропуску з Літвой. І калі ў Беларусі будуць фармаваць праўладны Народных сход, апазіцыйныя беларусы замежжа збяруцца на канферэнцыю ў Празе. Гэтыя і іншыя змены ды падзеі сакавіка – у аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус на маршруце Вільня – Ашмяны – Менск. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Закрыццё памежных пераходаў

Літва з 1 сакавіка закрые пункты пропуску «Лаворышкес» і «Райгардас» (з беларускага боку – «Катлоўка» і «Прывалка» адпаведна). Іх закрываюць як для транспарту, так і для пешаходаў ды раварыстаў. Рух пешаходаў і раварыстаў таксама абмяжуюць у пунктах пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай». Апроч таго, літоўскі ўрад плануе паступова змяншаць колькасць дазволаў на перавозку пасажыраў на аўтобусах і абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на станцыі Кяна.

Канферэнцыя беларусаў свету і УНС

23 і 24 сакавіка ў Празе (Чэхія) адбудзецца Трэцяя Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Яе ладзяць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс дэмакратычнай Беларусі ў Чэхіі і Народныя амбасады. Асноўныя тэмы канферэнцыі – узмацненне патэнцыялу беларускай супольнасці за мяжой і наладжванне сталай працы ў найбольш актуальных кірунках.

У Беларусі ж ЦВК 1 сакавіка плануе падвесці вынікі выбараў. У другой палове сакавіка Палата прадстаўнікоў збярэцца на сесію ў новым складзе і абярэ сваё кіраўніцтва, сфармуе пастаянныя камісіі і працоўныя органы. А з 12 да 31 сакавіка пройдзе вылучэнне дэлегатаў ва Усебеларускі народны сход – новы ўладны орган лукашэнкаўскага рэжыму.

Поўная забарона дронаў

З 25 сакавіка дроны і беспілотнікі больш нельга будзе мець ва ўласнасці, а таксама купляць іх і прадаваць на тэрыторыі Беларусі. Забарона не датычыць арганізацыяў і бізнесоўцаў, якія займаюцца прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасцю і маюць дазволы на карыстанне дронамі.

Блакаванне плацяжоў

1 сакавіка ў Беларусі ўводзіцца новая сістэма, з дапамогай якой банкі змогуць прыпыняць грашовыя пераводы без згоды карыстальніка. Афіцыйна гэта робіцца для супрацьдзеяння кібермахлярствам. Сярод падставаў для гэтага – неадпаведнасць параметраў плацяжу звычайнай актыўнасці карыстальніка. Адназначна будуць прыпыняцца аперацыі, адносна якіх ёсць дакладная інфармацыя пра незаконнасць спісаных сродкаў. Напрыклад, атрымальнік ёсць у аўтаматызаванай сістэме апрацоўвання інцыдэнтаў Нацбанку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Шматдзетныя «дармаеды»

1 сакавіка ў Беларусі зменяцца крытэры аднясення працаздольных грамадзянаў да «не занятых у эканоміцы». Гэтак, індывідуальных прадпрымальнікаў будуць лічыць занятымі ў эканоміцы толькі пры ўмове выплаты падатку. А жанчыны, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця да 18 гадоў з інваліднасцю або траіх і больш няпоўнагадовых дзяцей, каб не лічыцца дармаедамі, павінны фактычна жыць у Беларусі, то бок праводзіць за межамі краіны не больш за 30 дзён цягам аднаго кварталу. Змяняюцца таксама правілы ў дачыненні тых, хто здае ў арэнду нерухомасць і машына-месцы, займаецца раслінаводствам або жывёлагадоўляй на сваім зямельным участку. Тых, каго прылічылі да дармаедаў, мусяць аплочваць жыллёва-камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў.

Заплаціць унёскі і падаць дэкларацыю

Не пазней за 1 сакавіка ІП, адвакаты і натарыусы павінны заплаціць унёскі за 2023 год – не менш як 2326,8 рубля. Платнікам, якія мелі перапынкі ў дзейнасці ў 2023 годзе, унёскі неабходна разлічыць самастойна, скарыстаўшыся калькулятарам на сайце ФСАН, а таксама пацвердзіць перыяды неажыццяўлення дзейнасці не пазней за 31 сакавіка.

Некаторым беларусам не пазней за 1 красавіка трэба даць справаздачу ў падатковую аб даходах за 2023 год. Гэта датычыць тых, хто ў 2023 годзе атрымліваў даходы з-за мяжы або за мяжой, атрымаў у падарунак больш як 9338 рублёў (даходы ад блізкіх сваякоў не ўлічваюцца), прадаў два аўтамабілі ці больш або цягам пяці гадоў прадаў больш як адну кватэру, дом, дачу, садовы домік, гараж, машына-месца ці зямельны ўчастак.

Правы на 20 гадоў

З 23 сакавіка пасведчанні кіроўцаў у Беларусі будуць выдаваць тэрмінам на 20 гадоў. Таксама змяншаюцца тэрміны рэгістрацыі транспартных сродкаў у ДАІ (з 10 да 7 працоўных дзён) і тэрміны выдачы пасведчання кіроўцы (з 5 да 3 працоўных дзён). Для транспартнага сродку, які раней не рэгістраваўся на тэрыторыі дзяржаваў ЕАЭС, павінен быць аформлены электронны пашпарт. Акрамя таго, для выдачы дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху больш не спатрэбіцца пасведчанне кіроўцы і страхавое пасведчанне. Аўтамабілям, маладзейшым за тры гады, допуск да ўдзелу ў дарожным руху будуць выдаваць на тры гады.

«Альфа-Банк» уводзіць плату за захоўванне валюты

«Альфа-Банк» 1 сакавіка ўводзіць камісію за захоўванне фізічнымі асобамі долараў і еўраў, калі сума сярэднядзённай рэшты на ўсіх рахунках больш як 160 000 рублёў у эквіваленце. Камісія складзе 0,1 % ад сярэднядзённай рэшты (мінімум 500 рублёў, але не больш як 3000). Раней аналагічныя захады ўвялі «БНБ-Банк» і «Прыёрбанк».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Знізіцца дапамога на пахаванне

У сакавіку на 279,8 рубля знізіцца памер дапамогі на пахаванне і складзе 1991,28 рубля. Скарачэнне дапамогі адбудзецца ў выніку падзення сярэдняга заробку ў краіне, да якога прывязаны памер гэтай дапамогі.

Стане вядома, што будзе з бязмытнымі лімітамі

Да 1 красавіка беларусы могуць бязмытна завезці з-за мяжы або замовіць пасылкі на 1000 еўраў. У сакавіку будзе чарговы перагляд лімітаў, і калі не будзе прынята ніякіх дадатковых рашэнняў, то для пасылак ліміт можа вярнуцца да 200 еўраў, для тавараў, што ўвозяцца на аўтобусе ці аўтамабілі, – да 500 еўраў. Міністэрства фінансаў Расеі выступае супраць захавання цяперашняга ліміту.

Нацыяналізацыя «Легмашу»

Да 20 сакавіка павінны быць бязвыплатна перададзеныя ва ўласнасць уладаў акцыі ААТ «Завод «Легмаш». Іх забяруць у Беларускага металургічнага заводу і Аршанскага раёну.

Цыгарэты даражэюць

З 1 сакавіка на 20 капеек падаражэюць цыгарэты «Pall Mall Superslims Azure».

Праверыць ID-карткі

У сакавіку ў менчукоў з’явіцца магчымасць праверыць працаздольнасць ID-карткі на месцы яе выдачы. Можна будзе зверыць электронна-лічбавы подпіс, актываваць свой асабісты кабінет або змяніць пароль. Такі падыход ужо быў правераны ў Гомлі. У іншых рэгіёнах Беларусі ён пачне працаваць, калі ў МУС убачаць, «што ў грамадзянаў ёсць у гэтым патрэба».

Праблемы з банкаўскімі карткамі

Банкаўскія карткі могуць не працаваць у Беларусі ў ноч на 2 сакавіка з 03:00 да 06:00. Праз тэхналагічныя працы магчымыя перапынкі ў абслугоўванні трымальнікаў картак банкаў, а таксама ў сетцы арганізацыяў гандлю (сэрвісу), у пунктах выдачы наяўных грошай, прыладах самаабслугоўвання і банкаматах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Палёты і паездкі

«Белавія» з 22 сакавіка запускае наўпроставыя рэйсы з Гомля ў Санкт-Пецярбург. Рэйсы будуць выконвацца ў аўторкі, пятніцы і нядзелі. Апроч гэтага, «Белавія» і тураператар «ІНТЭРСІЦІ» з 4 сакавіка адновяць чартарныя рэйсы ў Катар. Палётная праграма запланаваная да канца кастрычніка.

Беларуская чыгунка з 7 да 10 сакавіка прызначыла 14 дадатковых цягнікоў у міжнародных і больш як 50 цягнікоў у міжрэгіянальных зносінах. У зносінах з Расеяй цягнікі будуць курсаваць на маршрутах: Менск – Масква, Менск – Санкт-Пецярбург і Калінінград – Масква. На тэрыторыі Беларусі дадатковыя цягнікі прызначаныя паміж Менскам і ўсімі абласнымі цэнтрамі, а таксама на маршрутах Менск – Пінск і Горадня – Ворша – Крычаў.

Працы ў нацыянальным аэрапорце

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» да 31 сакавіка праходзіць абнаўленне абсталявання сістэмы апрацоўвання багажу. Гэта звязана з пошукам дронаў уладамі.

Вялікія выходныя і вакацыі

Паколькі 8 сакавіка прыпадае на пятніцу, то ў беларусаў будуць запар тры выходныя, якіх не трэба адпрацоўваць. Школьнікаў жа з 24 да 31 сакавіка чакаюць вясновыя вакацыі.

Школьныя тэставанні

Выпускнікоў з сакавіка чакаюць рэпетыцыйныя тэставанні: трэці іх этап прыпадае якраз на сакавік–красавік 2024 года. Даведацца пра свае вынікі патэнцыйныя абітурыенты змогуць ужо ў 20-х днях красавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

20 сакавіка пачнецца рэгістрацыя выпускнікоў на цэнтралізаваны іспыт. Запісваць 11-класнікаў для ўдзелу ў іспыце будуць да 5 красавіка. Рэгістрацыя на ЦТ пачнецца ў красавіку.

«Сінія» страхоўкі для паездак у РФ

Беларускім аўтамабілістам, якія выязджаюць у Расею, з 1 сакавіка будуць выдаваць полісы страхавання на сініх бланках. Новая сістэма аўтаграмадзянскай адказнасці «Сіняя карта» пачала працаваць паміж Беларуссю і РФ у верасні 2023 года як замена «Зялёнай карце», бо краіны былі выключаныя з гэтай міжнароднай сістэмы ў выніку вайны ва Украіне. Раней «Сінія карты» выдавалася на зялёных сертыфікатах.

«Пераабуцца» на лета

З 1 сакавіка афіцыйна дазволена мяняць зімовыя аўтамабільныя апоны на летнія. Аднак ДАІ з прычыны надвор’я раіць не спяшацца.

Змены ў мабільных аператараў

Аператар «А1» з 1 сакавіка перастане надаваць паслугу «Каардынатар». Яна дазваляла вызначыць месцазнаходжанне чалавека, напрыклад, дзіцяці. Таксама кампанія спыніць абслугоўванне абанентаў архіўных паслугаў сэрвісу «Wi-Fi для бізнесу», адкарэктуе ўмовы надання паслугі «Smart-рассыланне» для бізнесу і ўнясе змены ў доступ кліентаў у асабістыя кабінеты.

Кампанія «life:)» з 4 сакавіка спыніць акцыю, паводле якой можна праз мабільную праграму кампаніі са зніжкай падключыць тарыфны план «Старт». А 1 сакавіка ўвядзе змены для карпаратыўных кліентаў паслугі «За мяжу 60» (надаецца ў роўмінгу).

Сцюардэса ў космасе

21 сакавіка «Роскосмос» плануе запусціць пілатаваны карабель «Саюз МС-25», на якім на Міжнародную касмічную станцыю адправіцца беларуская сцюардэса Марына Васілеўская (ейная дублёрка – Анастасія Лянкова), касманаўт «Роскосмоса» Алег Навіцкі і астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан. Чакаецца, што палёт працягнецца 12 дзён.

Праблемы з вадой у Менску

Да 7 сакавіка ў Менску магчымыя праблемы з водазабеспячэннем у мікрараёнах Зялёны Луг 1, 3, 6 і 7. Магчымае кароткачасовае зніжэнне ціску халоднай вады або пагаршэнне якасці водазабеспячэння. Гэта звязана з будаўнічымі працамі.

Макар Мыш belsat.eu