Крыніцы «Белсату»: Пад Менскам перад Новым годам на карпаратыве забілі працаўніка ДАІ


На адным з навагодніх карпаратываў у Менску быў забіты супрацоўнік Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Чытачы ТГ / belsat.eu

Як адзначаецца, інцыдэнт здарыўся ўвечары 29 снежня ў кавярні «Очаг» каля Бараўлянаў, дзе ў той момант адразу некалькі ўстановаў адзначалі навагоднія карпаратывы, у тым ліку і ДАІ.

Ужо напрыканцы карпаратыву адбылася вялікая бойка, «нейкі ДАІшнік быкаваў там без майкі, здаровы бегаў». Бойку спачатку атрымалася разняць, але потым яна пачалася зноў. Раптам жанчына пабегла выклікаць хуткую.

Відавочцаў бойкі пасля выклікалі ў міліцыю даваць паказанні. Складзены фотаробат на пяць асобаў. Пачатая крымінальная справа па факце забойства з неасцярожнасці і выкарыстання халоднай зброі.

Кавярня «Очаг».
Фота: ochagkafe.by

У аб’яднанні былых беларускіх сілавікоў BYPOL «Белсату» паведамілі, што не чулі нічога пра гэтае здарэнне.

У сакратарыяце УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму на просьбу каментара перанакіравалі на іншы нумар тэлефону, але там ніхто не падымаў слухаўку. У кавярні «Очаг» ад каментара адносна пераднавагодняга інцыдэнту адмовіліся:

«Ніякай інфармацыі мы не даем».

Не адзіная бойка?

27 студзеня тэлеграм-канал «Реальная Беларусь» пісаў, што «гэтымі днямі ў адным з рэстаранаў Менску» адбылася сур’ёзная бойка паміж працаўнікамі Следчага камітэту і міліцыянтамі.

Нібыта канфлікт адбыўся на глебе стаўлення да вайны ва Украіне, калі прадстаўнікі СК «вырашылі «правучыць» міліцыянтаў за іх негатыўнае стаўленне да ўзброенай агрэсіі».

«Але ў выніку прадстаўнікі МУС нанеслі апанентам цялесныя пашкоджанні і тыя былі вымушаны тэрмінова выдаліцца. Кіраўніцтва абедзвюх структур замяла інцыдэнт і выпадак не атрымаў агалоскі. Па некаторай інфармацыі, цяпер замешаныя ў бойцы міліцыянты стаяць на мяжы звальнення, у прыватнасці за »непажаданыя« кіраўніцтву выказванні аб вайне», – пісала «Рэальная Беларусь».

Дата і месца здарэння пры гэтым не называліся. Ці сапраўды яно мела месца і ці не звязанае з апісаным намі, невядома.

А як раней

Пераднавагодні інцыдэнт – гэта не першая бойка з удзелам сілавікоў у 2022 годзе ў Менску. Гэтак, 21 чэрвеня ў жылым комплексе «Каскад» былы кіраўнік ГУБАЗіКа і дзейны працаўнік Дэпартаменту забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС Андрэй Паршын ля свайго дому паспрабаваў разагнаць некалькіх падлеткаў. Пачалася бойка, ён апынуўся на зямлі, а пасля стрэліў 16-гадоваму хлопцу ў нагу. Таго павезла «Хуткая».

Андрэй Паршын. Скрыншот: Оперативно. Важно. Достоверно / YouTube

Праўладны тэлеграм-канал абвінаваціў у здарэнні падлеткаў, якія нібыта напалі на былога міліцыянта. Паранены падлетак стаў падазраваным у крымінальнай справе і быў змешчаны ў СІЗА. А ў праўладных медыях пасля з’явілася размова з ягонымі бацькамі, якія выбачыліся перад Паршыным і назвалі стрэл у нагу свайго сына «правільнай рэакцыяй».

Сцяпан Жаўняровіч belsat.eu

Стужка навінаў