Мігранты з краінаў Азіі і Афрыкі закідалі камянямі польскі патруль на мяжы з Беларуссю


З Беларусі ў Польшчу спрабавалі трапіць 46 іншаземных мігрантаў, быў закіданы камянямі польскі памежны патруль. Пра гэта паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Прэсавая служба Памежнай аховы Польшчы паведамляе, што 46 асобаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу праз зялёную мяжу 26 студзеня. Падчас аднаго з інцыдэнтаў мігранты закідалі камянямі патруль памежнай службы, што прабаваў перашкодзіць траплянню на тэрыторыю Польшчы.

Інцыдэнт адбыўся ў зоне службовай адказнасці памежнага паста ў Чаромсе, дзе памежнікі заўважылі групу з пятнаццаці замежнікаў, якія перад тым незаконна перайшлі беларуска-польскую мяжу.

«Патруль, які прыбыў на месца, быў закіданы камянямі. На шчасце, ніхто не пацярпеў, але пашкоджаная службовая машына Памежнай службы», – гаворыцца ў паведамленні.

Сярод мігрантаў у гэтай групе былі двое грамадзянаў Турцыі, якія выконвалі ролю праваднікоў і меліся правесці групу праз мяжу, перадаць курʼерам і вярнуцца на беларускі бок мяжы.

Паведамляецца таксама, што ў той жа дзень інцыдэнты, звязаныя са спробамі нелегальнай міграцыі, былі зафіксаваныя на ўчастках мяжы ў Кузніцы, Нараўцы і Мельніку. Затрыманыя мігранты прыбылі праз Беларусь з Ірану, Сірыі, Судану, Афганістану, Турцыі і Бангладэшу.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў