Юрыста Юрася Зянковіча, якога асудзілі ў «справе змоўнікаў», будуць судзіць ізноў


У Мядзельскім судзе 27 снежня разгледзяць новую справу супраць палітычнага вяўня Юрыя Зянковіча аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), паведамляюць праваабаронцы. Раней яму прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі ў «справе змоўнікаў».

Юрась Зянковіч у судзе. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Працэс над юрыстам Юрасём Зянковічам будзе весці суддзя Аляксандр Шутко.

Скрыншот: service.court.gov.by

Нагадаем, што 2 верасня Зянковіча асудзілі ў «справе змоўнікаў» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца ды палітолаг Аляксандр Фядута і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – ім прысудзілі па 10 гадоў кожнаму. Фядуту, Кастусёва і Зянковіча прызналі вінаватымі ў «змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам».

Юрась Зянковіч – юрыст, з 2007 года жыў у Злучаных Штатах Амерыкі, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава.

У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Фордэмскім універсітэце (Fordham University School of Law), стаў адвакатам, займаўся справамі міграцыі. Зянковіч мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане. Пастаянна наведваў Беларусь, нават набыў тут нерухомасць у Мядзельскім раёне. Спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў