Лукашэнка стварае гвардыю, якая будзе страляць у беларусаў?


Лукашэнка аддаў загад пра стварэнне ўласнай «гвардыі» – атрадаў спецыяльнага прызначэння «Смерч» і «Рысь». І гэта не «адказ палку Каліноўскага», як сцвярджаюць некаторыя медыі, а адбор тых, хто ў выпадку новых хваляванняў у Беларусі гатовы ўжыць зброю супраць уласнага народу. У якасці інструктараў, са словаў былога кіраўніка ГУБАЗіКу, а цяпер намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова – вайскоўцы «з баявым досведам Сірыі і Лівіі».

Хто пайшоў у «Смерч»?

5 снежня ў Беларусі на базе часткі 3214 створаны новы атрад спецыяльнага прызначэння (АСП) – «Смерч». На кадрах, якія выклалі 17 снежня на канале прэс-службы МУС, можна разглядзець твары дзясяткаў тых, хто ў якасці добраахвотнікаў (гэта ўвесь час падкрэсліваецца Карпянковым) уваходзіць у шэрагі АСП «Смерч». На граматах нават можна прачытаць прозвішчы некаторых з іх, напрыклад, «лейтэнант запасу Калацэй Дзмітрый Георгіевіч». Адзін з удзельнікаў збораў на відэа, выкладзеным прэс-службай МУС, адкрыта гаворыць пра гатовасць удзельнічаць у «абароне як ад замежнага, так і ад унутранага ворага».

Мікалай Карпенкоў. Скрыншот з відэа: прэс-служба МУС

У «Смерч», паводле словаў Карпянкова, набіралі выключна «вайскоўцаў, якія служылі да гэтага ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў». Усяго набралі 300 асобаў. Пры гэтым варта звярнуць увагу на агульную колькасць ахвотных па ўсёй Беларусі як на паказнік падтрымання рэжыму Лукашэнкі ў асяродку былых вайскоўцаў – «каля 600». І для тых, хто не трапіў у першы набор, будуць праведзеныя новыя зборы, а таксама будуць арганізаваныя зборы для камандзірскай рыхтавання. Пры гэтым Карпянкоў у інтэрв’ю рэжымным медыям акцэнтаваў «высокі баявы дух» і «высокую матывацыю» былых спецназаўцаў.

З «высокай матывацыяй» і «патрыятычным настроем» у падкантрольных рэжыму сілавікоў ёсць праблемы, бо Карпянкоў неаднаразова цягам апошняга месяцу ўзгадваў і адзначаў патрэбу ў пошуку менавіта такіх «гераічных хлопцаў», гатовых абараняць рэжым Лукашэнкі. У гэтым і ёсць мэта стварэння атрадаў «Смерч» і «Рысь» менавіта цяпер – загадзя праверыць тых, хто мусіць зрабіцца «гвардыяй» рэжыму.

Удзельнікі збораў АСП «Смерч». Скрыншот з відэа: прэс-служба МУС

Які пернік?

22 лістапада Мікалай Карпянкоў казаў, што вайскоўцы АСП атрымаюць арэнднае жытло ў тых мясцовасцях, дзе будуць дыслакавацца адпаведныя падраздзяленні. Пакуль жа пасля збору уўдзельнікі атрымалі пасведчанне вайскоўцаў АСП «Смерч» (укладанні ў вайсковы білет), падзякі, нагрудныя знакі «За самаадданую службу» і памятныя падарункі ў шэрых пакетах. Таксама Мікалай Карпянкоў адзначыў і магчымасць грашовай узнагароды: «Вайскоўцы атрымаюць грашовыя прэміі. У працоўных калектывах ім будзе ўсё аплачана».

Чаму вучыўся «Смерч»?

Згодна Карпянкову, АСП «Смерч» створаны на загад міністра ўнутраных справаў і на распараджэнне Лукашэнкі, «аддадзенае на адной з нарадаў». Пра гэта казаў 14 лістапада кіраўнік МУС Іван Кубракоў. Ён быў створаны для барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі вайсковымі фармаваннямі, што прапісана на шаўроне «Смерчу». Карпянкоў заявіў, што для АСП ужо набытыя самыя сучасныя бронекамізэлькі і каскі, цеплавізары і БПЛА.

Сімвал АСП «Смерч».

Удзельнікі збораў АСП «Смерч». Скрыншот з відэа: прэс-служба МУС

Вайскоўцы мелі заняткі ў баявым, агнявым, тактычным, вайскова-медычным рыхтаванні. «Заняткі праводзілі найлепшыя інструктары, якія маюць баявы досвед у гарачых пунктах, якія прайшлі Лівію і Сірыю, вывучаюць цяперашні ўкраінскі досвед, правядзенне спецаперацыі (маецца на ўвазе – вайна Расеі супраць Украіны – belsat) і ўсе свае веды, што яны маюць, яны з вялікім задавальненнем перадавалі нашаму прызванаму асабоваму складу», – распавёў Карпянкоў.

Прэс-служба МУС дадае: «Асаблівая ўвага надавалася зладжванню мінімальных тактычных групаў, алгарытму і парадку дзеянняў у лясіста-балоцістай мясцовасці. Таксама ішло адпрацоўванне блакавання і затрымання дыверсійна-выведных групаў».

Падраздзяленні кшталту АСП «Смерч» з’явяцца па ўсёй Беларусі

14 лістапада міністр унутраных справаў Іван Курбакоў заявіў пра стварэнне спецыяльных падраздзяленняў «не толькі ва ўнутраных войсках, але і ў атрадах міліцыі спецыяльнага прызначэння. Неабходная тэхніка для гэтых мэтаў ужо закупленая. Створаныя падраздзяленні будуць рыхтавацца для супрацьдзеяння пагрозам і выклікам, што існуюць з улікам сённяшніх рэаліяў».

Удзельнік збораў АСП «Смерч». Скрыншот з відэа: прэс-служба МУС

Гэты намер, што будзе выконвацца згодна з распараджэннем Лукашэнкі, пацвердзіў і Мікалай Карпянкоў.

«Увогуле ва ўнутраных войсках мы будзем дадаткова ва ўсіх брыгадах ствараць такія батальёны спецыяльнага прызначэння. У асобных батальёнах будуць створаныя роты», – распавёў пасля збораў «Смерчу» Мікалай Карпянкоў, дадаўшы, што на базе ўнутраных войскаў баявое рыхтаванне ўжо прайшлі 400 асобаў.

Ён звяртае ўвагу, што новыя злучэнні не сталыя, як спачатку авансавалася, а будуць збірацца «мінімум некалькі разоў на год». Курбакоў прагаварыўся: яны будуць «эфектыўна дзейнічаць менавіта на тэрыторыі гораду». Такім чынам, зборы атрадаў спецыяльнага прызначэння і распачатая праца для фармавання гэткіх аддзелаў па ўсёй Беларусі ёсць пэўным правяраннем сілавікоў на наяўнасць у іхным асяродку людскіх рэсурсаў для адказу на новую хвалю магчымых пратэстаў у Беларусі, або пачатку ажыццяўлення плану «Перамога». Але чаму падобнае падраздзяленне вырашылі назваць менавіта «Смерч»?

АСП «Смерч» з 1991 года дзейнічае ў Башкірыі Расейскай Федэрацыі. Яго яшчэ называюць «турэмным спецназам». З 2009 года дзейнічае 34-ы АСП «Смерч» у складзе 46-й асобнай брыгады аператыўнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Расеі, што дыслакуецца ў Чачэнскай Рэспубліцы. У след за Башкірыяй і Чачэніяй надышла чарга для «Смерчу» і ў Беларусі.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў