Генпракурор Швед распавёў, колькі выявіў за год «экстрэмісцкіх» злачынстваў


Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед даў у канцы года вялікае інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу СТВ. У ім расказаў, што за 11 месяцаў 2022-га ў Беларусі былі выяўленыя больш за 5 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкага кірунку».

Інтэрвʼю выйшла з назваю «Будзем пражаным жалезам гэта ўсё выпальваць».

Паводле Андрэя Шведа, толькі за 11 месяцаў 2022 года ў краіне выяўленыя больш за 5000 «экстрэмісцкіх» злачынстваў. 76 % з іх былі выяўленыя ў інтэрнэце і «звязаныя з падзеямі 2020 года».

«Львіную долю складаюць злачынствы, звязаныя са знявагаю прадстаўнікоў улады, паклёпам, дыскрэдытацыяй нашай рэспублікі, распальваннем варожасці. Пастаўленая задача рэалізуецца.

Усе, хто замахнуўся на канстытуцыйны лад, грамадскі парадак, павінныя стаць перад беларускім судом. Гэтая праца вядзецца», – заявіў Швед.

Кажучы аб «працы», што вядзецца, згадаў зʼяўленне «новага інстытуту» – спецыяльнага вядзення, якое дазваляе чыніць завочныя суды.

Генеральны пракурор адзначыў «шчыльны кантакт» з органамі Расейскай Федэрацыі, якія сёлета дэпартавалі са сваёй тэрыторыі ў РБ 16 грамадзянаў Беларусі, падазраваных у «экстрэмісцкіх» злачынствах. Чакаецца, што Расея выдасць Беларусі яшчэ 9 чалавек. Шэсць крымінальных справаў, заведзеных на грамадзянаў Расеі, Генпракуратура РБ ужо скіравала адпаведным органам усходняй суседкі.

Швед казаў пра «даручэнні надаць прававую дапамогу», якія скіроўваюцца ў іншыя краіны, але там «робяць усё магчымае, каб беглых злачынцаў не выдаваць».

Паводле падлікаў «Белсату», цягам 2020–2022 гадоў былі зафіксаваныя каля 43 тысяч затрыманняў за палітыку.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў