Ад флэш-мобаў да атак з дронаў. Як беларусы змагаліся з рэжымам Лукашэнкі ў 2021 годзе


У 2021 годзе ў Беларусі не было масавых акцыяў пратэсту, але супраціў лукашэнкаўскаму рэжыму пры гэтым не спыніўся. Нягледзячы на беспрэцэдэнтавы дзяржаўны тэрор беларусы ладзілі лакальныя акцыі пратэсту, распаўсюджвалі ўлёткі і нацыянальную сімволіку, пакідалі на будынках пратэставыя надпісы і графіці. Знайшліся і тыя, хто перайшоў да больш рашучых дзеянняў у фармаце партызанскіх дыверсіяў – пашкоджанне транспарту сілавікоў і інфраструктуры, знішчэнне камераў відэаназірання, блакаванне чыгункі і г. д. Belsat.eu падрыхтаваў агляд беларускага супраціву ў 2021 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Дваравыя маршы

У пачатку 2021 года беларусы працягвалі актыўна ладзіць нядзельныя дваравыя маршы і ланцугі салідарнасці ў розных раёнах Менску. Са студзеня да сакавіка яны фактычна мелі рэгулярны характар: часам за адзін дзень фіксавалася каля дзясятка пратэставых выступаў у розных раёнах гораду. Акрамя традыцыйных маршаў па нядзелях праводзіліся і тэматычныя акцыі – напрыклад, супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім або супраць Усебеларускага народнага сходу.

Улады адказалі на лакальныя пратэсты ўзмацненнем рэпрэсіяў. Пачаліся рэгулярныя аблавы ў пратэставых раёнах, пераслед (у тым ліку крымінальны) удзельнікаў і адміністратараў дваравых чатаў. Рызыкі для ўдзельнікаў дваравых акцыяў значна выраслі, а адначасова знікла надзея на хуткае аднаўленне масавых пратэстаў. Спробы апазіцыі арганізаваць цэнтралізаваную акцыю на Дзень Волі скончыліся няўдачай: сілавікі сцягнулі вялікія сілы ў Менск, прэвентыўна затрымалі больш за 200 чалавек і не дазволілі людзям сабрацца разам.

Усё гэта прывяло да істотнага зніжэння актыўнасці дваравых суполак і ўзмацнення захадаў канспірацыі. У другой палове года дваравыя маршы сталі рэдкай з’явай. Звычайна пра акцыі станавілася вядома постфактум, аднак бывалі выпадкі, калі ў сілавікоў атрымлівалася аператыўна зрэагаваць і правесці затрыманні пратэстоўцаў непасрэдна падчас акцыяў.

Артыкулы
«Акцыі адбываюцца пастаянна». Актывісты пратэставага падполля распавялі пра сваю барацьбу
2021.06.11 08:25

Цалкам задушыць дваравыя пратэставыя суполкі спецслужбам так і не ўдалося. У канцы снежня было абвешчана пра аб’днання шэрагу суполак у Кааліцыю пратэставых двароў – платформу, праз якую плануецца ажыццяўляць каардынацыю пратэставых дзеянняў на нізавым узроўні.

Акцыі салідарнасці і флэш-мобы

Павышэнне ўзроўню канспірацыі пратэстоўцаў і зніжэнне колькасці актыўных удзельнікаў акцыяў стварылі новы трэнд: акцыі салідарнасці ў фармаце пратэставых фота.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: чытачы / Белсат

Гаворка ідзе пра здымкі з пратэставымі плакатамі і бел-чырвона-белымі сцягамі, на якіх людзей не бачна і няма вонкавых прыкметаў, па якіх можна было высветліць, дзе канкрэтна зроблены гэты фотаздымак. Такія пратэставыя фота з’яўляюцца ў сеціве амаль штодзень, іх рэгулярна дасылаюць у рэдакцыю чытачы «Белсату» (яны публікуюцца ў канале «Нашая хваля»).

Але не спыняліся акцыі і ў больш традыцыйных фарматах. Напрыклад, увесь год беларускія дзяўчыны ладзілі шпацыры з бел-чырвона-белымі парасонамі – гэты прыгожы флэш-моб стаў адным з сімвалаў пратэстаў. Апошні раз шпацыр з парасонамі праводзіўся ў лістападзе.

Неабыякавыя беларусы выходзілі таксама на адзіночныя пікеты. Часцей за ўсё яны пры гэтым хавалі твары, але знаходзіліся і такія бясстрашныя людзі, якія ва ўмовах дзяржаўнага тэрору пратэставалі абсалютна адкрыта. Напрыклад, 13 траўня Адам Бяляцкі, сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага, выйшаў да метро «Каменная горка» з плакатам у падтрымку палітзняволеных журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Неаднаразова выходзіла на адзіночныя пікеты з бел-чырвона-белым сцягам Ніна Багінская.

Улёткі, графіці, вывешванне сцягоў і непадпарадкаванне

Беларусы выказвалі свой пратэст у самых розных формах. Цягам года прыхільнікі пераменаў неаднаразова вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі на будынках. Найбольшы рэзананс мелі такія пратэставыя акцыі ў БДУ і БДУІР у сакавіку.

Людзі пакідалі пратэставыя надпісы на будынках і платах, друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі і налепкі, размалёўвалі ў колеры нацыянальнай сімволікі прыпынкі і нават цюкі з сенам. За гэтыя бяскрыўдныя праявы іншадумства беларусаў каралі надзвычай жорстка – іх пераследавалі ў крымінальным парадку, прысуджалі да «хіміі» або калоніі.

Нельга абмінуць і такую знакавую праяву грамадзянскага непадпарадкавання, як адмову многіх працаўнікоў дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў падпісваць ліст дзяржаўных прафсаюзаў супраць санкцыяў. Напрыклад, у канцы студзеня гендырэктар «Горадняэнерга» Віктар Жука скардзіўся, што на Гарадзенскай ЦЭЦ-2 подпісы пад зваротам паставілі толькі 6 чалавек, хаця на прадпрыемстве на той час працавалі каля 570 асобаў.

Цікава, што такім чынам нязгоду з дзяржаўнай палітыкай выказвалі не толькі шараговыя працаўнікі, але і людзі на кіроўных пасадах. Напрыклад, адмова падпісаць праўладны ліст каштавала пасады намесніку старшыні Давыд-Гарадоцкага гарвыканкаму Валеру Кавальцу, які прапрацаваў на дзяржаўнай службе 28 гадоў.

Артыкулы
«Я захаваў павагу да сябе». Намеснік старшыні гарвыканкаму быў вымушаны сысці ў адстаўку праз праўладны зварот
2021.06.03 08:45

Акцыі кіберпартызанаў

Супрацьстаянне беларусаў з рэжымам Лукашэнкі распаўсюджвалася і на кіберпрастору. Сёлета кіберпартызаны правялі самую маштабную ў гісторыі Беларусі хакерскую атаку – аперацыю «Жара». Былі ўзламаныя аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (АІС) «ДАІ-цэнтр», сістэма АІС «Пашпарт», база звестак службы 102, базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС. Была паралізаваная праца соцень камераў хуткасці і сачэння па ўсёй Беларусі, адбыўся збой у базах звестак МУС. У рукі хакераў трапілі тэлефонныя перамовы прадстаўнікоў улады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Цяпер «Кіберпартызаны» рэгулярна выкладаюць у сеціва матэрыялы, што кампраметуюць сілавікоў, публікуюць у адкрытым доступе службовую і сакрэтную інфармацыю.

Аперацыя «Жара» прынесла кіберпартызанам шырокую вядомасць, іх дзейнасць прыцягнула ўвагу сусветных медыяў – пра групоўку пісалі «Bloomberg», «The New York Times» і «MIT Technology Review». Замежныя адмыслоўцы вельмі высока ацэньваюць працу беларускіх хакераў.

Партызанскія дыверсіі

Ва ўмовах, калі абсалютна любая праява іншадумства жорстка караецца – аж да крымінальнага пераследу, усё часцей пачало праяўляцца расчараванне некаторых беларусаў у эфектыўнасці выключна мірных пратэстаў.

Ананімная суполка «Буслы ляцяць» сёлета перыядычна брала на сябе адказнасць за акцыі супраціву ў фармаце дробных дыверсіяў. Напрыклад, партызаны заяўлялі пра знішчэнне дзясяткаў камераў відэаназірання, пашкоджанне транспарту і маёмасці сілавікоў, падпалы аб’ектаў інфраструктуры (напрыклад, быў спалены цір, які належыць в/ч 5527) і блакаванне чыгункі.

Самыя вядомыя акцыі, якія звязваюць з суполкаю «Буслы ляцяць», – гэта атака на базу менскага АМАПу і атака на вучэбную базу войскаў МУС «Валоўшчына». У абодвух выпадках партызанская група «Чорны бусел» пры дапамозе дрона скідвала з вялікай вышыні ёмістасці з запальнаю сумессю.

Інтэрв’ю
«Буслы ляцяць»: Мы не тэрарысты – мы займаемся антытэрорам
2021.12.23 20:00

Прадстаўнікі «буслоў» падкрэсліваюць, што дзейнічаюць выключна ў рэчышчы негвалтоўнага супраціву – то бок яны арганізоўваць свае акцыі так, каб пазбегчы ахвяраў. Між тым, 30 лістапада Вярхоўны Суд на падставе звароту Генпракуратуры прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй аб’яднанне «Супраціў», а таксама суполкі, якія туды ўваходзяць: «Кіберпартызаны», «Буслы ляцяць» і «Дружины народной самообороны».

Сілавікі цяпер кваліфікуюць як тэракты нават самыя бяскрыўдныя дзеянні партызанаў. У снежні ўлады абвесцілі пра затрыманне шасці чалавек, якіх вінавацяць у тым, што яны аблілі фарбай і пракалолі колы ў машыны суддзі, разбілі дзве шыбы ў кватэрах працаўнікоў пракуратуры, пашкодзілі аўтамабіль прапагандыста «СБ-Беларусь сегодня» і знішчылі камеры відэаназірання. Гэтыя дзеянні спецслужбы лічаць «тэрактамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: cpartisans / Telegram

Партызанскія акцыі ў 2021 годзе праводзілі і асобныя беларусы, не звязаныя з аб’яднаннем «Супраціў» і суполкай «Буслы ляцяць». Напрыклад, 26-гадовага менчука Ягора Міхайлава звінавацілі ў тым, што ён кінуў кактэйль Молатава ў танк Т-72 у вайсковым эшалоне на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы і пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі паводле артыкулу «Тэрарызм». Праваабаронцы палічылі вырак неадэкватным, бо падпал не пацягнуў пашкоджання маёмасці і не пагражаў людзям, а дзеянні самога Міхайлава мелі пратэставага характар – яны былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў сілавікоў і расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Аналітыка
Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»
2021.09.29 19:09

Пакуль ад партызанскіх акцыяў прыхільнікаў пераменаў не пацярпеў ніводны чалавек. Тыя ж выпадкі, калі спецслужбы заяўлялі пра перадухіленне тэрактаў ці замахаў і вінавацілі ў гэтых дзеяннях апазіцыю, маюць відавочныя прыкметы правакацыяў.

РР belsat.eu

Стужка навінаў