З беларускіх крамаў неўзабаве знікне папулярны пральны парашок «Ariel». Прычына – падчас правярання Дзяржстандарту ў прадукцыі былі знойдзеныя парушэнні бяспекі і якасці.
У Дзяржстандарту Беларусі ўзніклі пытанні да бяспекі і якасці пральнага парашку «Ariel Automat Expert Color».
Правяранне паказала, што вытворца мыйнага сродку ў маркіроўцы наўмысна назваў прызначэнне прадукцыі «для выкарыстання ў пральных машынах любога тыпу». Але пры гэтым сродак не можа ўжывацца для мыцця з нармаваным пенаўтварэннем для пральных машынаў з франтальнай загрузкай, бо пенаўтваральная здольнасць пры норме не больш за 180 мм склала 201 ± 5 мм.
«Перавышэнне паказніку «пенаўтваральная здольнасць» уводзіць у зман спажыўца прадукцыі адносна яе прызначэння, якасці і бяспекі і не выключае рызыкі бяспечнага прымянення мыйнага сродку ў пральных машынах з франтальнай загрузкай. Акрамя таго, прадукцыя не адпавядала вызначаным у Рэспубліцы Беларусь абавязковым патрабаванням ДАСТ 32479-2013 «Сродкі для мыцця. Агульныя тэхнічныя ўмовы» (пункта 3.1.5), якім задэклараваная прадукцыя», – адзначае Дзяржстандарт у сваім афіцыйным тэлеграм-канале.
У хуткім часе парашок мусіць знікнуць з паліцаў беларускіх крамаў.
Раман Шавель belsat.eu