Скіфскае золата праз 10 гадоў вярнулася ва Украіну


Калекцыя скіфскага золата, якую Нідэрланды вярнулі ва Украіну, будзе захоўвацца ў Нацыянальным музеі Украіны ў Кіева-Пячорскай лаўры.

Артэфакты «Скіфскага золата». Крыніца: Нацыянальны музей гісторыі Украіны / nmiu.org

«Проста цяпер цяжкавік з 2694 кілаграмамі культурніцкіх каштоўнасцяў, вядомых пад агульнаю назваю «скіфскае золата», заехаў на тэрыторыю Кіева-Пячорскай лаўры, дзе ў скарбніцы Нацыянальнага музею Украіны работнікі Кіеўскай мытні будуць ідэнтыфікаваць каштоўнасці», – адзначаецца ў паведамленні Дзяржаўнай мытнай службы Украіны.

Пра тое, што Музей Алярда Пірсана перадасць калекцыю Украіне, украінскае Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі паведаміла 22 лістапада. Ведамства адзначыла, што музей не стане спаганяць з Кіева кошт дзевяцігадовага захоўвання экспанатаў.

Акруговы суд Амстэрдаму пастанавіў перадаць калекцыю Украіне ў 2016 годзе. Расея двойчы спрабавала аспрэчыць пастанову, але суд у 2021-м канчаткова пастанавіў, што артэфакты належаць Украіне.

Гаворка пра вяртанне 565 прадметаў. Гэта антычныя скульптуры, скіфскія і сармацкія ўпрыгожанні, кітайскія лакавыя шкатулкі, якім больш за 2 тысячы гадоў. Чатыры крымскія музеі перадалі іх для выставы «Крым – залаты востраў у Чорным моры» нідэрландскаму Музею Алярда Пірсана ў лютым 2014 года да пачатку расейскай анексіі паўвострава.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў