Стала вядома калі і дзе пахаваюць Макея


Прызначана дата пахавання, месца развітання і месца пахавання былога кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, які раптоўна памёр 26 лістапада 2022 года. Аб гэтым паведамляе БелТА. 

Уладзімір Макей.
Фота: МЗС Беларусі

Цырымонія развітання з былым міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем адбудзецца ў аўторак 29 лістапада ў менскім Доме афіцэраў. Пачатак запланаваны на 10.00. Паведамляецца таксама, што Макея пахаваюць на Усходніх могілках Менска.

Абноўлена
Памёр міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей
2022.11.26 16:44

Дзеля арганізацыі пахавання адпаведнае распараджэнне падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Згодна з дакументам, створана камісія, куды ўвайшлі прадстаўнікі розных ведамстваў. У прыватнасці, на Міністэрства абароны ўскладзены абавязак забяспечыць арганізацыю развітання ў Цэнтральным доме афіцэраў, а Менскаму гарвыканкаму даручана арганізаваць пахаванне Уладзіміра Макея на Усходніх могілках.

Раней паведамлялася, што у сувязі са смерцю кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея адкладзены працоўны візіт міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова ў Менск і правядзенне пасяджэння калегіяў МЗС Беларусі і Расеі, запланаваныя на 27-28 лістапада.

Што вядома пра Усходнія могілкі

Усходнія могілкі ў Менску маюць неафіцыйную назву «Маскоўскія» з-за месцазнаходжання побач з шашой «Менск-Масква». На гэтых могілках у Менску хавалі першых асоб БССР, а таксама выбітных дзеячаў навукі і культуры. З цягам часу могілкі набылі статус элітных. У сучаснай Беларусі Усходнія могілкі захавалі свой статут галоўнага дзяржаўнага некропаля.

Апошнім часам на гэтых могілках, аднак няма месца выбітным беларускім дзеячам, палітычная пазіцыя якіх адрозніваецца ад афіцыйнай. Так, на Усходніх могілках не знайшлося месца першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу, які памёр 4 траўня 2022 года. Станіслаў Шушкевіч быў пахаваны на Паўночных могілках, побач з магілай яго маці. Аляксандр Лукашэнка нават не выказаў афіцыйнага спачування з нагоды смерці былога кіраўніка дзяржавы, які ўзначальваў Беларусь у 1991-1994 гадах адразу пасля распаду СССР.

Артыкулы
За што беларусы мусяць быць удзячныя Станіславу Шушкевічу
2022.05.04 17:53

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў