Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік – Павел Горбач


У баях за Украіну загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік – Павел Горбач з пазыўным Борт. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода», факт смерці журналістам пацвердзілі тры крыніцы, таксама смерць Паўла абмяркоўваюць ягоныя сябры ў сацыяльных сетках.

Павел з пазыўным Борт. Фота з асабістага архіву Паўла

Ва Украіне Горбач быў камандзірам выведкі «Тэрору», аднак, паводле інфармацыі выдання, апошнім часам ваяваў у іншым падраздзяленні. Падрабязнасці гібелі беларуса пакуль невядомыя, як і дата, калі гэта здарылася.

Паўлу Горбачу быў 31 год. Вядома, што ў Беларусі быў чальцом фан-групы менскага «Дынама», як фаната яго спрабаваў завербаваць ГУБАЗіК. З 2012 да 2015 года працаваў на кантракце ва Узброеных сілах РБ, быў старшыною.

Горбач браў актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года, пасля чаго быў вымушаны выехаць з краіны, каб не трапіць пад крымінальны пераслед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам да пачатку расейскага ўварвання ва Украіну. Ваяваць добраахвотнікам пайшоў з самога пачатку вайны разам з сябрам Змітром (Тэрорам) Апанасовічам. У сакавіку 2022 года абодва бралі ўдзел у баях у Ірпіні Кіеўскай вобласці. Там Апанасовіч атрымаў смяротнае раненне.

Павел Борт і Дзіма Тэрор. Фота з асабістага архіву Паўла

У далейшым Павел Горбач быў камандзірам выведкі ў батальёне «Тэрор». Браў удзел у баях на поўдні Украіны, у вызваленні Херсону. Аднак, паводле звестак «Свабоды», за некалькі месяцаў да смерці ён пакінуў «Тэрор».

На гэты момант вядома як мінімум пра 36 беларускіх добраахвотнікаў, які загінулі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

У чэрвені 2022 года Павел Горбач быў героем нашага матэрыялу. Прачытаць яго можна тут.

Гісторыі
«У носе да гэтага часу саладкавы пах згарэлага чалавека». Павел Борт з палка Каліноўскага пра першыя месяцы вайны
2022.06.02 14:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў