«Белсат» традыцыйна падводзіць вынікі дня. Пра самыя важныя і цікавыя падзеі серады, 27 кастрычніка, чытайце ў нашым аглядзе.
Аднавілі следства па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёрак «Вясны» Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі. Пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў ужо запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы – па тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка – два з паловай гады пазбаўлення волі.
18 кастрычніка мусілі працягнуцца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не з’явілася на суд.
Стала вядома, што Марыя Тарасенка, якая была пад падпіскай аб нявыездзе, здолела выехаць за межы Беларусі, і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.
Кіраўніцтва «Горадня Азоту» абяцае заплаціць працаўнікам, якія пройдуць вакцынацыю ад каронавіруса да 3 снежня, прэмію па 250 рублёў. На нарадзе кіраўнікоў прадпрыемства заявілі, што самае галоўнае пытанне для прадпрыемства – гэта бесперабойная праца вытворчасці, якая наўпрост залежыць ад здароўя і працаздольнасці супрацоўнікаў.
Усіх асуджаных у «справе студэнтаў» этапавалі ў калоніі. Дванаццаць фігурантаў «справы студэнтаў» ужо пачалі адбываць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Прысуд у «справе студэнтаў» быў вынесены сёлета 16 ліпеня. Суддзя Марына Фёдарава прызначыла выкладчыцы Вользе Філатчанкавай і 11 абвінавачваным студэнтам ад 2 да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
«Ноч расстраляных паэтаў» сёлета пройдзе ў дзясятках гарадоў свету. Сярод гарадоў, у якіх сёлета пройдзе акцыя, – Адэса, Антвэрпэн, Батумі, Варшава, Вільня, Кіеў, Осла, Рым, Сан-Францыска, Сальвадор і іншыя. Агулам на мапе на сённяшні дзень 28 кропак у Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.
27 кастрычніка ў Варшаве распачаў працу двухдзённы Belarus Business Harbour «Як выратаваць беларускі бізнес цяпер і дапамагчы развівацца ў будучыні?». Асноўная мэта мерапрыемства – аб’яднанне беларускай бізнес-дыяспары.
Праводзяць форум Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) сумесна з даследчым цэнтрам CASE Belarus пад патранатам Святланы Ціханоўскай. Медыяпартнёр форуму – тэлеканал «Белсат».
Цягам двух дзён беларускія лідары, міжнародныя дыпламаты і эксперты абмяркуюць вырашэнні найбольш тэрміновых задач, якія цяпер стаяць перад беларускімі бізнесамі – як перад тымі, якія засталіся ў краіне, так і перад тымі, што былі вымушаныя рэлакавацца.
Дакументальная стужка рэжысёра Міхаіла Аршынскага «Не бойся» пра ролю Сяргея і Святланы Ціханоўскіх у зменах у Беларусі стала пераможцай на паўднёвакарэйскім кінафестывалі Hinzpeter Awards. Уручэнне ўзнагародаў прайшло 27 кастрычніка ў Сеуле. Фільм атрымаў галоўны прыз, які называецца «Свет на раздарожжы».
Як кіраўніка экстрэмісцкага фармавання будуць судзіць 20-гадовага адміністратара тэлеграм-каналу. Абвінавачаны ў кіраванні тэлеграм-каналам, які быў прызнаны міліцыяй экстрэмісцкім фармаваннем, – ураджэнец Горадні, яму 20 гадоў. Імя маладзёна не называецца, гэтак жа, як і тэлеграм-канал, які ён нібыта адміністраваў. Хлопцу пагражае да сямі гадоў турмы.
Супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі Гарадзенскай вобласці праводзілася аператыўна-вышуковае мерапрыемства «аператыўны эксперымент» у дачыненні да чарговага збытчыка псіхатропных рэчываў. У момант «зняцця кладу» быў затрыманы малады супрацоўнік аднайменнага падраздзялення з Ліды. Паводле ByPol, затрыманага оперупаўнаважанага клічуць Дзмітрый Маляўка, ён нарадзіўся 31 траўня 1995 году. Жыве ў Лідзе. У жніўні 2020 году прымаў актыўны ўдзел у падаўленні пратэстаў.
ГГ, belsat.eu