Польшча падасць заяўку на правядзенне Алімпійскіх гульняў у 2036 годзе


Польшча збіраецца падаць заяўку на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў 2036 года. «Мы пачынаем намаганні», – сказаў 27 верасня прэзідэнт Анджэй Дуда на Другім еўрапейскім кангрэсе спорту і турызму, паведамляе польскае спартовае выданне «SportoweFakty».

Польшча на Алімпійскіх гульнях.
Фота: Getty Images

«Я магу абвясціць, што мы пачынаем намаганні, каб правесці летнія Алімпійскія гульні ў Польшчы ў 2036 годзе», – заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда і паабяцаў, што «ў найбліжэйшыя два гады зробіць усё магчымае», каб гэтая падзея адбылася ў Польшчы.

У найбліжэйшыя дні прэзідэнт Польшчы накіруе ліст прэзідэнту МАК Томасу Баху, у якім праінфармуе прадстаўнікоў Міжнароднага алімпійскага камітэту пра планы польскага ўраду.

У польскім урадзе спадзяюцца, што гэтая падзея будзе даручаная Польшчы паводле прынцыпу МАК, згодна з якім права правесці Аліміяду перадаецца паводле чаргі прадстаўнікам розных кантынентаў. Так, гульні 2021 года праходзілі ў Азіі (Токіа), у 2024 годзе – у Еўропе (Парыж), у 2028 годзе – у Паўночнай Амерыцы (Лос-Анджэлес) і ў 2032 годзе – у Аўстраліі (Брысбан). Такім чынам, ёсць шмат прыкметаў таго, што ў 2036 годзе адна з еўрапейскіх краінаў ізноў атрымае шанц.

«Калі б мы не ведалі, што ў нас сапраўды вялікія шанцы, мы б увогуле не разглядалі магчымасці вылучэння сваёй кандыдатуры», – паведамляе выданне са спасылкай на ўрадавых інфарматараў.

На сённяшні дзень афіцыйна вылучаныя тры кандыдатуры на правядзенне Алімпійскіх гульняў 2036 года: Мексіка (у некалькіх гарадах), Інданезія (Нусантара) і Турцыя (Стамбул).

«Сёлета мы правялі Еўрапейскія гульні, у якіх прынялі ўдзел каля 7000 спартоўцаў. У летніх Алімпійскіх гульняў прымаюць удзел 11 000 асобаў, так што розніца невялікая. Мы будзем гатовыя з гледзішча інфраструктуры і фінансаў. У нас ёсць дастатковы досвед, бо кожны год у нашай краіне праводзіцца больш за 80 спаборніцтваў самых высокага ўзроўню ў розных відах спорту», – дадаў міністр спорту і турызму Каміль Бартнічук.

У папярэднія гады кошт летніх Алімпійскіх гульняў складаў не менш за 13 мільярдаў долараў ЗША.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»
2023.09.27 14:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў